Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Мінэканомікі заклікаюць да плаўнай дэвальвацыі


З мэтай ліквідацыі дысбалянсаў у эканоміцы неабходна ў кароткатэрміновым пэрыядзе правесьці плаўную дэвальвацыю нацыянальнай валюты, лічаць спэцыялісты Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

Экспэрты канстатуюць, што эканамічны рост у краіне забясьпечваецца за кошт унутранага попыту:

«Ва ўмовах пашырэньня ўнутранага попыту пры сьціску зьнешняга і запавольваньня дынамікі ў асноўных галінах рэальнага сэктару ў эканоміцы Беларусі цяпер фарміруецца шэраг тэндэнцыяў, якія парушаюць макраэканамічную збалянсаванасьць», — мяркуюць спэцыялісты НДЭІ Мінэканомікі. Іхняя пазыцыя адлюстраваная ў жнівеньскім нумары «Эканамічнага бюлетэня», які выдаецца інстытутам.

Эканамісты адзначаюць, што «дэфіцыт зьнешняга гандлю таварамі, які расьце зь месяца ў месяц», пагаршае сытуацыю ў плацежным балянсе.

«Адставаньне тэмпаў дэвальвацыі нацыянальнай валюты ад тэмпаў інфляцыі і ўмацаваньне беларускага рубля адмоўна адбіваюцца на цэнавай канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі», — канстатуюць экспэрты.

Акрамя таго, лічаць у НДЭІ, павялічваецца адставаньне тэмпаў росту вытворчасьці ад дынамікі спажываньня, што вядзе да павелічэньня продажу імпартных тавараў.

Яшчэ адной нэгатыўнай тэндэнцыяй экспэрты называюць рост заработнай платы, які «істотна апярэджвае дынаміку росту прадукцыйнасьці працы». Паводле іхніх ацэнак, апераджальны рост заработнай платы забясьпечваецца за кошт зьніжэньня прыбытковасьці айчынных прадпрыемстваў.

«Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на рынку арганізацыі вымушаныя зьмяншаць сваю рэнтабэльнасьць, каб кампэнсаваць рост выдаткаў на зарплату і застацца канкурэнтаздольнымі па цане», — мяркуюць спэцыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

«З мэтай ліквідацыі дысбалянсаў, якія існуюць у эканоміцы, — працягваюць яны, — патрабуецца рэалізацыя шэрагу захадаў дзеля паляпшэньня сытуацыі».

У прыватнасьці, спэцыялісты НДЭІ Мінэканомікі лічаць неабходным «правядзеньне ў кароткатэрміновым пэрыядзе плаўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты на велічыню дэвальвацыі курсу расейскага рубля да даляра ЗША з пачатку году для павышэньня канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі на зьнешніх рынках і абароны ўнутранага рынку», — цытуе прапанову экспэртаў Мінэканомікі БелаПАН.
XS
SM
MD
LG