Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадзіньнік ад прэзыдэнта


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Мова пра ўзнагародныя гадзіньнікі ад самога Аляксандра Рыгоравіча, якія ён будзе раздаваць разам з ордэнамі, мэдалямі і зоркамі на пагоны пасьля заканчэньня грандыёзных манэўраў на Го(ж)скім палігоне пры канцы верасьня. Пра гэта нам, «партызанам», паведамілі ў ваенкамаце. Узорны саракахвілінны бой у фінале будуць назіраць Лукашэнка і Пуцін! Запрошаны таксама Назарбаеў. Цаніце гонар трапіць на такое значнае мерапрыемства!

Ну добра, але партызанам, як цывільным, ратныя ордэны не пагражаюць, хіба толькі гадзіньнікі. Канечне, не такія шыкоўныя, якія начальства мае на сваіх руках. Штось прасьцейшае, але, вядома, баявое – са скрыжаванымі мячамі на шчыце, скажам. Сучасны варыянт даўнейшага «Камандзірскага», напрыклад. Я меў калісьці такі: жоўты мэтал, чорны цыфэрблят, лічбы гараць уначы. Падступная рэч, зрэшты. Час паглядзець можна безь ліхтарыка, але лічбы надта зыркія, а праціўнік ня сьпіць у шапку...

У верасьні Горадня абуе няновыя, як папярэдзілі, боты, атрымае парцянкі і гэтак далей. І на палігон. Сродкі масавай інфармацыі, як паведамілі ў ваенкамаце, ужо цяпер падаграюць цікавасьць да вайсковых гульняў беларусоў і русакоў, якія адбудуцца за дзесяць кілямэтраў ад літоўскай мяжы. (Кожныя два гады праходзяць па чарзе – у дзьвюх частках «саюзнай дзяржавы»).

Гарадзенцы будуць абараняцца, брыгада «спэцыяльных апэрацый» – ім даваць перцу з імберцам. На чыім баку апынецца расейскі батальён і танкавы ўзвод – нам не паведамілі, але здагадацца няцяжка.

Мы ў абароне!
Наступае брыгада
штурмавая
умоўнага праціўніка
(прамаўчым адкуль
для захаваньня
таямніцы мілітарнай),
нашы, зрэшты, хлопцы.
Але на шлемах
бачым мы нябачны
славуты азімута знак
Альянса: штаб-кватэра,
як вядома, у Брусэлі.

Мы ў абароне, так,
не аддамо ні пядзі
зямлі радзімай,
якую далучыла
да саюзнае дзяржавы
яшчэ царыца
Кацярына…
Таму нас падтрымаць
у абароне
яе нашчадак на пасадзе
Уладзімір прыслаў
пяхотны батальён
і воінаў у шлемах,
схаваных пад бранёй,
якая мае жэрала
гарматы такой
магутнай, што
непрыяцелю умоўнаму
нічога больш не застанецца,
як богу барадатаму
свайму маліцца.
Ды бог не дапаможа:
Альянс ня верыць
болей у бога,
як верым моцна мы —
славянскія
нашчадкі князя
Уладзіміра,
а верыць толькі
ў кока-колу, гамбург’ер,
хот-дог і ў свой
зялёны бакс-агрэсар!

Мы пераможам,
«наша дзела правае»,
запомніце! (Хаця мы
самі левыя, канечне).
За намі будзе
перамога!
І бацюшка
у форме палявай
нас супакоіць важка:
Амінь, таварышы салдаты,
афіцэры, генэралы
чырвонасьцяжнай
арміі за пазухай
у бога нашага,
славянскага і
праваслаўнага.
Хрышчоныя мы
тышчу дваццаць
пяць гадоў,
Амэрыкі тады
ў паміне не было,
былі індзейцы
і бізоны, вігвамы
і люлька міру,
пра якую мы
абавязаны ёй
нагадаць сягоньня!
Няхай жыве
братэрства зброі,
якое шчыт радзімы
падтрымае пад
градам Гарадзень,
фарпостам быў які
заходнім і які
застаўся там,
дзе быў. Амінь
яшчэ раз. Дзякуй
за ўвагу. Ідзіце
зь мірам, брацьця,
віцязі мае. Зь мячом
хто прыйдзе, ад мяча
пацерпіць, нат
надрапаўшы словы
“Got mit uns”
на ім.

Богаўгодную
мы робім справу
тут, на палігоне
ў Гожы – у імя айца
і сына, і сьвятога духа.
Не засмучае хай,
што трэці раз
скажу амінь.

Пачуй жа сьвет
наш голас моцны,
як папярэджаньне
пачуй! І супакойся,
каб запомніць:
калі спыняюць
гаварыць гарматы
на Го(ж)скім палігоне,
спакойна дзеці
сьпяць на ўсёй
зямлі. Апошні раз
амінь!

Але ж мяне панесла! Асабліва роля бацюшкі-капэляна прычэпістай аказалася. Ніяк спыніцца ня мог, прызнаюся. Але мой імпэт баявы асьцюдзілі, новай «Палтавы» альбо «Барадзіна» друкаваць ня выйдзе.

Ці ведаеш, чаму ня будзе даверана табе рэдагаваць газэту ў палявых умовах? – спытаўся, зазіраючы ў маю асабістую справу, маёр. – Хаця газэтным воўкам быў калісьці? Узрост? – зрабіў здагадку я ўголас. Ну што ж, хай маладыя свой гарт пакажуць у палявой газэце «Наша абарона».

Хай так, узрост. Але ня толькі тут узрост прычынай. А тое, што пісьменьнік, вось! Гуляеш сам сабе, як кот, у шыхце хадзіць ня любіш, праўда? А службу трэба палюбіць, яна табе аддзячыць, цяпер ці хай пасьля. Твая любоў да хакі нічога тут ня важыць… Дык значыць: не бяруць у касманаўты такіх як я? – расчаравана пацікавіўся ў маёра. Пра касманаўтаў не скажу, але ў газэце сталёвае пяро патрэбна, а не пра рыцарскія рытуалы якое піша перад дамамі і не пра ўздыхі трубадурскія. Таму, сам разумееш, што не відаць табе, Сярога, наперадзе ўзнагароднага гадзіньніка з рук прэзыдэнцкіх, не відаць! Працягвай сачыць за часам па сваім, які адстаў ад нашага, як паравоз. Канец размовы.

І ледзь ня вырвалася у мяне «амінь» у адказ… Даруйце, капэляны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG