Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкт-Пецярбург «зачышчаюць» перад самітам «Вялікай дваццаткі». Спроба карэспандэнта «Радыё Свабода» праехаць у Стрэльну аказалася няўдалай.

Высьветлілася, што мэтраў за 100 да знака, які апавяшчае, што тут заканчваецца Пецярбург і пачынаецца Стрэльна, папярок дарогі стаіць машына ГІБДД, а часовыя знакі прымушаюць усіх павярнуць налева. Магістраль за сьпінаю даішнікаў пустая, усюды пасаджаныя кветкі, газоны не падстрыжаныя, а амаль паголеныя, платы прыватных дамоў пафарбаваныя аднолькавай зялёнай фарбай. За паваротам хаваецца Канстанцінаўскі палац, куды 5-6 верасьня прыедуць кіраўнікі дзяржава-членаў «Вялікай Дваццаткі».

Стрэльну зачынілі ледзь не за 10 дзён да падзеі, амаль паўтары тысячы жыхароў буфэрнай зоны, прылеглай да тэрыторыі комплексу «Палац Кангрэсаў», вымушаныя хадзіць дадому паводле прапускоў і атрымліваць акрэдытацыі для аўтамабіляў. На Васільеўскім востраве ў Пецярбургу таксама пройдуць некаторыя мерапрыемствы саміту. Там паліцэйскія абыходзілі кватэры, высьвятлялі добранадзейнасьць апазыцыянэраў, праводзілі зь імі прафіляктычныя гутаркі, прасілі жыхароў паведамляць пра даўно прыпаркаваныя каля іх дамоў безгаспадарчыя машыны, а таксама пра выпадкі, калі іх суседзі канфліктуюць з паліцыяй.

Улады кажуць, што саміт, які праходзіць у Стрэльні, не паралізуе пецярбурскія дарогі. Аднак у горадзе ходзяць чуткі, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама не жадае жыць на тэрыторыі «Палаца Кангрэсаў» у Стрэльні і можа спыніцца ў адным з гатэляў у цэнтры гораду. У такім выпадку перакрыцьці руху непазьбежныя.

Закрыцьцё дарог — далёка не адзіная мера бясьпекі падчас саміту. Задоўга да яго пачатку ў горад прыбылі з розных рэгіёнаў Расеі 8 тысяч паліцыянтаў і супрацоўнікаў АМАПу. Ва Ўправу фэдэральнай міграцыйнай службы выклікалі некалькі дзясяткаў працаўнікоў з рэгіянальных аддзелаў. Рэгулярныя аблавы на незаконных мігрантаў працягваюцца з пачатку лета.

Эканаміст Андрэй Заастроўцаў лічыць цалкам неапраўданымі выдаткі на бясьпеку саміту G20, падкрэсьліваючы, што ў таталітарных краінах бюджэт сіл бясьпекі заўсёды бывае завялікі. Паводле яго ацэнкі, падрыхтоўка да мерапрыемства абышлася ў 9-12 мільярдаў рублёў. Сапраўды, рыхтаваліся да прыёму гасьцей з размахам — ня толькі замянілі ўсе газоны ў раёне і высадзілі 2,5 мільёна кветак, але і пабудавалі дарогу ад Пулкава-1 да кальцаваой дарогі даўжынёй 5 з паловай кілямэтраў. Яна павінна пазбавіць горад ад затораў падчас прыбыцьця гасьцей, але заторы там здараюцца ўжо цяпер. З 2 па 8 верасьня ў Санкт -Пецярбургу забароненыя любыя зямельныя працы ў сямі раёнах гораду. Што будзе, калі ў адным зь іх прарве чарговую трубу, — невядома.

Тое, што ў аэрапорце Пулкава абмежаваная паркоўка, у прынцыпе, зразумела, а вось чаму экалягічным актывістам забаранілі акцыю ў справе зборы сьмецьця — ужо ня вельмі.

Магчыма, уладам невыносная сама думка аб магчымасьці любых акцый падчас саміту, зрэшты, пецярбурскія апазыцыянэры і ня рваліся іх задавальняць. Толькі прыхільнікі Эдуарда Лімонава сваю традыцыйную акцыю «Стратэгіі-31» 31 жніўня прысьвяцілі саміту, выйшаўшы да Гасьцінага двара з расьцяжкай «Пуцін і Абама — ворагі свабоды» . Іх, як звычайна, хутка запіхнулі ў аўтазак, на наступны дзень адзін з апазыцыянэраў, Фёдар Прывалаў, быў асуджаны да 14 сутак арышту і штрафу ў 15 тысяч рублёў.

Незадоўга да саміту «Вялікай Дваццаткі» у Пецярбургу быў зачынены Музэй улады. Чатыры карціны, у тым ліку выявы дэпутата Мілаванава на фоне вясёлкавага сьцяга ЛГБТ, Пуціна і Мядзьведзева ў жаночай бялізьне і патрыярха Кірыла ў наколках, паліцыянты зьнялі з муроў і павезьлі, каб зрабіць экспэртызу на прадмет экстрэмізму і парнаграфіі.

Іх аўтар, мастак Канстанцін Алтунін, паляцеў у Францыю прасіць палітычнага прытулку, а гаспадар музэю Аляксандар Данскі сьцьвярджае, што паліцыянты запэўнілі яго, быццам музэй не адчыняць, пакуль саміт ня скончыцца. Тым ня менш, ён вырашыў адкрыць музэй якраз у дзень адкрыцьця саміту, 5 верасьня, а 15-й гадзіне дня: Уваход будзе вольны, усе могуць прыйсьці і паглядзець карціны Косьці Алтуніна, а роўна ў 10 гадзін я зьбяру іх і адпраўлю яму ў Парыж. Я вельмі баюся, усякае можа здарыцца, але ж трэба нешта рабіць».

Член палітрады пецярбурскай «Салідарнасьці» Іосіф Скакоўскі ўпэўнены, што нічога ня трэба прымяркоўваць да саміту: «Няма канкрэтнага сюжэту, аб якім можна было б гаварыць. Выбарчая кампанія, якая завяршаецца 8 верасьня, — для нас больш важная падзея, чым саміт G −20».

Эканаміст Андрэй Заастроўцаў таксама ня лічыць саміт вялікай падзеяй: «Яго плянавалася прысьвяціць эканоміцы, сусьветнаму гандлю, але ня выключана, што займацца давядзецца ў першую чаргу сырыйскай праблемай». На думку Заастроўцава, для Расеі няма ніякіх выгад ад таго, што саміт праходзіць на яе тэрыторыі — на парадак дня гэта ніяк не ўплывае.
XS
SM
MD
LG