Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сечын не хоча зьніжэньня паставак нафты ў Беларусь


Ігар Сечын

Ігар Сечын

Прэзыдэнт кампаніі «Ронефть» Ігар Сечын зьвярнуўся ў кампанію «Транснефть» з просьбай не абмяжоўваць пастаўкі нафты на разьмешчаныя ў Беларусі Мазырскі і Наваполацкі («Нафтан») нафтаперапрацоўчыя заводы.

Пра гэта піша газэта «РБК daily».

Паводле інфармацыі выданьня, з-за зьніжэньня паставак «Роснефть» можа панесьці страты, якія складуць каля трох мільёнаў даляраў у месяц. Зрэшты, як адзначыў Сечын, «калі гаворка ідзе аб аварыйнай сытуацыі, прыйдзецца цярпець».

Як заявіў прэзыдэнт «Роснефті», за чацьвёрты квартал бягучага года шкода кампаніі ад скарачэньня паставак беларускім партнэрам складзе каля 20 мільёнаў даляраў.

Акрамя «Роснефті», у Беларусь пастаўляюць нафту ўсе буйныя расейскія нафтавыя кампаніі, у тым ліку «Лукойл», «Газпром нефть» і «Сургутнефтегаз». Аднак незадаволенасьць зьніжэньнем аб’ёму паставак выказалі толькі ў кампаніі «Роснефть».

Аб скарачэньні паставак нафты ў Беларусь заявіў у канцы жніўня віцэ-прэзідэнт кампаніі «Транснефть» Міхаіл Баркоў. Паводле яго слоў, аб’ём паставак у верасьні будзе зьніжаны на 400 тысяч тон з-за рамонтных работ на нафтаправодзе «Дружба». Баркоў дадаў, што трубаправод мае патрэбу ў рамонце, бо некаторыя яго ўчасткі знаходзяцца ў крытычным стане.

Заява Баркова была зробленая праз некалькі дзён пасьля затрыманьня ў Менску генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Беларускія ўлады падазраюць Баўмгертнэра ў арганізацыі злачыннай схемы з мэтай захопу рынку калію.

Паралельна ў «Расспажыўнагляда» паўсталі прэтэнзіі да якасьці беларускіх малочных прадуктаў, якія пастаўляюцца ў Расею, адначасова былі ўведзеныя абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі сьвінагадоўлі з Беларусі.
XS
SM
MD
LG