Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыенка прапануе забыць калійны скандал


«Я лічу, што пара забываць скандал у калійнай галіне. Неабходна аднаўляць рынак, які быў разбураны заявай «Уралкалія» ад 30 ліпеня»,— заявіў генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Валеры Кірыенка.

У бліжэйшы час ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» з чыста беларускім капіталам зможа стаць лідэрам сярод трэйдараў на рынку, заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Валеры Кірыенка.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь валодае неабходнымі мэханізмамі для таго, каб гандляваць каліем:

«Для нас гандаль калійнымі ўгнаеньнямі — гэта не новае, у нас ёсьць прафэсіяналы. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час мы зможам забясьпечыць сябе тымі аб’ёмамі, якія неабходныя, і , акрамя таго, стварыць Беларускую калійную кампанію, ужо чыста беларускую, з нашым капіталам, для таго, каб яна была лідэрам сярод трэйдараў на рынку»,— падкрэсьліў Валеры Кірыенка.

«Мы сустракаемся з пакупнікамі, знаходзім пункты судакрананьня, як нам выходзіць з сытуацыі, каб не абрынуць рынак да тых коштаў, якія былі агучаныя «Уралкаліем». Пакупнікі ведаюць нашу прадукцыю, нашы лягістычныя перавагі. Яны нам адкрыта кажуць, што будуць працягваць працаваць з беларускім каліем праз «БКК», — падкрэсьліў гендырэктар «Беларуськалія».

Камэнтуючы сытуацыю з прыпыненьнем працы некалькіх руднікоў прадпрыемства, Валеры Кірыенка зазначыў, што «Беларуськалій» працуе ў штатным рэжыме.

«Не бачу нічога звышнатуральнага, нармальна працуем«,— сказаў Валерый Кірыенка. Ён прыгадаў крызісны 2009 год, калі «Беларуськалій» прадаў за ўвесь год ўсяго 2,8 мільёна тон калію. А ў гэтым годзе за студзень—ліпень ужо пастаўлена на экспарт 3,8 мільёна тон калійных угнаеньняў.

«І тады да нас ніхто не прыяжджаў і не пытаўся, як вы працуеце, — заўважыў генэральны дырэктар.— Зараз мы так жа працуем, стараемся зэканоміць сродкі, у нас гэта прадугледжана калектыўнай дамовай разам з прафсаюзам».

Валеры Кірыенка адзначыў, што і раней былі прыпынкі ў вытворчым працэсе.

«Калі мы гаварылі аб стратэгіі продажаў „цана вышэй за ўсё “ , у нас таксама былі прыпынкі, цяпер такая ж сытуацыя», — канстатаваў ён.

Тым часам намесьнік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч заявіў, што для нармалізацыі працы «Беларуськалія» патрэбна ад двух да чатырох месяцаў, каб аднавіць рынкі, набраць абароты і працаваць далей.

У мінулую пятніцу кіраўнік «Беларуськалія» Валеры Кірыенка заявіў, што цяпер з чатырох руднікоў працуе два. Шахцёры і супрацоўнікі, што не працуюць, атрымліваюць дзьве траціны заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG