Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускага пісьменства па-расейску


31 жніўня ў Быхаве пачаліся ўрачыстасьці, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства.

Сёлета традыцыйнае штогадовае сьвята адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай праводзіцца ў дваццаты раз.

Афіцыйнае адкрыцьцё культурніцкай імпрэзы адбудзецца 1 верасьня. Сёньня ж афіцыйная частка першай паловы дня была прысьвечана адкрыцьцю адрамантаваных у райцэнтры кінатэатра, дома культуры, чыгуначнага ды аўтобуснага вакзалаў. Чырвоныя стужкі пераразалі службоўцы зь Міністэрстваў культуры, інфармацыі, чыноўнікі з Магілёўскага аблвыканкаму ды Быхаўскага райвыканкаму.

Першым у Быхаве адкрылі адрамантаваны кінатэатар «Радзіма». Назву на фасадзе пакінулі расейскамоўнай. Адкрыцьцё праходзіла па-расейску. Па- расейску выступалі старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік і міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў.

У прамове па-расейску міністар культуры Барыс Сьвятлоў адзначыў:

«...Хоць мы і пачынаем нашы вялікія мерапрыемствы з адкрыцьця кінатэатра, кінатэатра „Радзіма“, але ж мы заўжды памятаем, што на пачатку было слова і на пачатку была радзіма...»

Якім гэтае слова было, расейскім, ці беларускім, міністар Сьвятлоў не ўдакладніў. Вонкава ж беларускага слова ў аздабленьні цэнтральнай вуліцы райцэнтру імя Леніна было значна менш за расейскае.

На тое, што беларускай мовы замала на сьвяце беларускай пісьменства і культуры, наракалі і тыя з быхаўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць. Чаму так сталася, людзі тлумачылі па-рознаму. Адно зь меркаваньняў:

«Прызвычаіліся гаварыць на зьмешаных мовах. Моладзь цяпер ня дужа хінецца да беларускай мовы. А старыя толькі на вёсках гавораць па-беларуску. Гэта вось няправільна. Кожная нацыя павінна гаварыць па-свойму, але й вучыць іншыя мовы».

Цэнтрам урачыстасьцяў Дня беларускай пісьменства зрабілі пляц перад раённым Домам культуры. Яго агарадзілі турнікетамі. Па пэрымэтры стаялі салдаты ўнутраных войск. На пляц людзі праходзілі празь міліцэйскія прапускныя пункты. Жыхары райцэнтру прызнаваліся, што з такімі захадамі бясьпекі сутыкаюцца ўпершыню. На пляцы людзей было няшмат. Быхаўцы зь недаверам паглядалі на турнікеты і міліцыянтаў.

Фасады быхаўскіх помнікаў архітэктуры — былых замка і сынагогі, пра неабходнасьць рэстаўрацыі якіх шмат гаварылася напярэдадні Дня беларускага пісьменства, схавалі за расфарбаванай дзяругай. Звонку схаваныя будынкі былі нібыта ўпакаваныя ў сьвяточныя скрынкі.

Пётар Руднік, калі адчынялі кінатэатар, паведаміў, што да Дня беларускага пісьменства былі падрыхтаваныя 129 аб’ектаў, на якія патрацілі 200 мільярдаў рублёў. Жыхары Быхава адзначалі, што такога прыбранага гораду даўно ня бачылі. Тым ня менш, сьвежаўзараныя газоны, якія не пасьпелі зарасьці травой, пакідалі сумнае ўражаньне. Сям-там на іх ад дажду ўтвараліся лужыны.

У межах Дня пісьменства заплянаваныя выставы, навукова-практычныя канфэрэнцыі, літаратурныя чытаньні, канцэрты, дыскатэка. Завершыцца сьвята фаервэркам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG