Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч: У калійнай справе палітыкі няма і быць ня можа


Пётр Пракаповіч

Пётр Пракаповіч

Віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч лічыць неабходным не палітызаваць адносіны, што складваюцца паміж Беларусьсю і Расеяй у сьвятле «калійнага скандалу», паведамляе БЕЛТА.

«Тут няма і ня можа быць ніякай палітыкі. Гэта звычайныя адносіны двух гаспадарчых суб’ектаў. Працавалі разам, цяпер разышліся. Ну што ж, цяпер будуць працаваць паасобку», — сказаў Пракаповіч.

Беларускі віцэ-прэм’ер таксама выказаў меркаваньне, што для нармалізацыі сытуацыі ў ААТ «Беларуськалій» спатрэбіцца пераходны пэрыяд, пасьля чаго прадпрыемства выйдзе на свае ранейшыя аб’ёмы:

«Сытуацыя, у якой апынуўся „Беларуськалій“, часовая. Спатрэбіцца пэўны пэрыяд часу — ад двух да чатырох месяцаў, я думаю, — каб аднавіць рынкі набраць абароты і працаваць далей».

Ён адзначыў, што цяпер беларускі вытворца працягвае працу па аднаўленьні сувязяў і стварэньні новых кантактаў:

«Ужо ёсць пагадненьне на пастаўку 3 мільёнаў тон калійных угнаеньняў з Арабскімі Эміратамі, Катарам і іншымі. Упэўнены, што неўзабаве мы пачнем прадаваць такія ж аб’ёмы прадукцыі, як раней, а, можа быць, і ў большых аб’ёмах», — лічыць Пётар Пракаповіч:

«У сьвеце ж нічога не памянялася. як куплялі калійныя ўгнаеньні, так і будуць купляць, таму што бязь іх не забяспечыць годны ўзровень харчаваньня. Трэба проста час».
XS
SM
MD
LG