Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч абвянчаліся


Афіцыйна Зьміцер Дашкевіч і Наста Палажанка ажаніліся 27 сьнежня 2012 году ў гарадзенскай крытай турме. Пасьля шлюбу маладым дазволілі пабыць разам толькі 5 хвілін.

31 жніўня маладыя абвянчаліся і зладзілі сапраўднае вясельле.

Вянчаньне адбылося ў царкве хрысьціян веры эвангельскай «Ян Прадвесьнік» у Менску. Да алтара маладых падвялі бацькі — Уладзімер Палажанка і Вячаслаў Дашкевіч. Наста расьце бяз маці з 14 гадоў, маці Зьмітра памерла 2 гады таму, калі ён быў у зьняволеньні.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі каля 150 чалавек. Павіншаваць маладых прыйшоў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, беларускія палітыкі, былыя палітвязьні: журналістка Ірына Халіп, Павал Вінаградаў, жонкі палітвязьняў Наталья Пінчук-Бяляцкая, Марына Адамовіч, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана зь сям’ёй, Мілана Міхалевіч, Сьвятлана Калінкіна. На ўрачыстасьці было шмат дзетак.

Цырымонія прайшла па пратэстанцкім абрадзе і доўжылася прыкладна гадзіну. Маладыя пакляліся ў вернасьці адзін аднаму. Пастар пажартаваў, што шлюб павінен быць назвычай моцны, бо за 2 гады і 8 месяцаў расстаньня быў час добра падумаць і ў Зьмітра, і ў Насты.

Зьміцер Дашкевіч сказаў, што калісьці для яго на першым месцы быў «Малады фронт», потым — Бог, а пасьля ўжо ўсе астатнія каштоўнасьці. Цяпер адбылася пераацэнка: на першым месцы — Бог, сям’я, Бацькаўшчына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG