Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На ім не было ні красовак, ні кедаў, ні кірзавых ботаў, ні супрацьгаза — хутчэй за ўсё, ён быў голы, як Адам у дзень свайго стварэньня. 2 верасьня... А можа, і не другога — каляндар тады таксама быў голы; дакладна вядома адно: у адзін зь першых верасьнёўскіх дзён 490 году да нашай эры атэнскі воін і скараход Фідыпід выбег зь цяністага гаю пад Маратонам, каб папрасіць у спартанцаў дапамогі для свайго войска, якое мелася біцца з пэрсамі.

Ён выбег на самым досьвітку і мусіў адолець адлегласьць амаль 240 кілямэтраў. Гэта пры тым, што ніякіх указальнікаў на дарозе не было — як і самой дарогі. Фідыпід бег па траве і па калгасных палетках, бег па пасьбішчах і па камянях, пераскокваў праз ручаіны і пераходзіў уброд рэчкі. Недзе па абедзе ён пабачыў на ўзьлеску голага барадатага мужыка з рагамі і хвастом, які ганяўся за нейкай німфай.

«Пане! — крыкнуў яму Фідыпід. — Да Спарты далёка?»

«Адкуль ты ведаеш маё імя, лягапэд? — сказаў мужык. — Але малайчына, хвалю! Багоў трэба пазнаваць у твар. Гэта тое, чаго не хапае тваім суайчыньнікам... Гэтым капрафагам... Якіх я заўсёды так любіў. А яны, пэдагогі няўдзячныя...

«Пане, дык далёка? — нецярпліва крыкнуў Фідыпід, не збаўляючы хуткасьці. — Там нашы супраць пэрсаў стаяць!»

«Бяз панікі, грамафон, — прабурчаў Пан. — Ну, кілямэтраў дзьвесьце... А Мільтыяду свайму, пэдолягу, так і перадай: нічога ён ад мяне не дачакаецца! Хай хоць мільён пэрсаў вас, тэтрабрахіяў, дручыць будзе — пальцам не варухну! Не за тое мяне з Алімпу выгналі...»

Фідыпід махнуў рукой і пабег далей.

Увечары наступнага дня ён прыбег у Спарту. Спыніўся перад стратэгамі і замахаў рукамі ў накірунку поўначы.

«Ты што, нямы? — сказалі спартанцы. — На каго вецер гоніш, ілот?»

«Там нашы супраць пэрсаў стаяць!» — выкрыкнуў Фідыпід, калі трохі аддыхаўся.

«Ну і хай стаяць. А ты пасядзі. Віна вып’еш?»

«Дык жа ж просім вашай дапамогі!»

«Ён не нямы, ён сьляпы, — сказалі спартанцы. — Паглядзі на неба, дурань! Сёньня поўні няма, а хто ж выходзіць у паход, калі на небе няма поўні? Адразу відаць атэнца, толькі бегаць і ўмее. Вось зьявіцца поўня, тады чаму б не дапамагчы? Гэй, ты куды, хлопча?»

Але Фідыпід быў ужо далёка.

Па абедзе наступнага дня ён зноў пабачыў Пана. Той хацеў нешта сказаць, але Фідыпід, не зьвяртаючы на дзеда ўвагі, прыпусьціў яшчэ шпарчэй у накірунку Маратону. Дзед прыстроіўся сьледам.

«Ну так і быць! — пачуў Фідыпід за сьпінай адчайны крык. — Дапамагу! Але каб сьвяцілішча мне паставілі, архілохі! У межах гарадзкой рысы! І пірог з казьляціны!»

Фідыпід пасьпеў акурат у час. Зьнёсшы пару варожых галоваў, ён пабачыў, што пэрсы ўцякаюць, а яго самога кліча Мільтыяд:

«Ты дзе бегаеш, Эўкле?»

«Я ня Эўкле, я Фідыпід».

«Якая розьніца! Цябе што, у Індыю паслалі? Два дні чакаем, а ён недзе швэндаецца!»

«Дык гэта... У Спарце быў... І яшчэ Пан прасіў перадаць...»

«К чорту паноў! Бяжы ў Атэны, скажы, што мы перамаглі! Хай не хвалююцца!»

І Фідыпід разьвярнуўся і пабег. Перад ім была адлегласьць 42 кілямэтры. Празь некалькі гадзін ён быў у Атэнах.

«Мы перамаглі!» — крыкнуў ён і ўпаў бязь сілаў проста пасярод агоры.

«Хто б сумняваўся», — сказаў нейкі грамадзянін, які цягнуў за сабой асла.

«Ну яшчэ б», — прамовіла атэнка ў ружовым хітоне і пачала фарбаваць пазногці на левай руцэ.

«Знайшоў чым зьдзівіць, — засьмяяўся яе муж, які з асалодай паядаў вінаград. — Мы, атэнцы, заўсёды перамагаем. Запомні гэта, хлопча».

«А можа быць, ты ня верыў у нашую перамогу?» — падазрона запытаўся барадаты чалавек з палкоўніцкім падбародзьдзем.

«І наагул, ты чаго тут разьлёгся? — навіс на Фідыпідам натоўп. — Твае таварышы там кроў праліваюць! А ты тут на сонейку бавішся!»

«Ганьба! — абурыўся нейкі дзед. — Такі малады, а баязьлівец!»

«Можа, ён пэрсыдзкі шпіён? — тонкім голасам запытаўся нейкі шкаляр. — Нам у гімназіі расказвалі...»

«Глядзіце, якія ногі, — віскнула кабета, якая прадавала рыбу. — Адразу відаць: бягун. Ведаем мы такіх... Ледзь што — ногі ў рукі!»

«Прыбег з поля бою — і ні драпінкі! — прабурчаў нейкі чужаземец. — Хіба так бывае? Вось у нас на Крыце...»

«Дэзэртыр!» — падтрымаў яго высокі атлет з татуіроўкай Зэўса на грудзях.

І ў Фідыпіда паляцеў камень, потым другі... Неўзабаве камянёў было ўжо так шмат, што яны накрылі яго з галавою. Апошняе, пра што ён пасьпеў падумаць — гэта пра тое, што іх хапіла б на дарогу ад Маратону да Спарты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG