Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец: «Я напісаў абсалютна практычную кніжку»


Belarus - Journalist Syarhey Dubavets with his new book "Errata", 30Aug2013

Belarus - Journalist Syarhey Dubavets with his new book "Errata", 30Aug2013

30 жніўня ў Менску ў прыватнай кнігарні «Логвінаў» (праспэкт Незалежнасьці, 37а) прэзэнтуецца новая кніга Сяргея Дубаўца «Errata: як што называецца, так і адбываецца». Аўтар кажа, што пісаў яе з чыста практычнымі мэтамі.

Новая кніга Сяргея Дубаўца, якая толькі што выйшла ў сэрыі «Беларускі калегіюм», мае, як для неабазнанага чытача, незразумелую назву. Насамрэч яна вельмі простая, — кажа аўтар.

«Раней, калі кніжкі выходзілі высокім друкам, там ужо пасьля друку нельга было нічога зьмяніць. Таму калі пасьля друку заўважаліся нейкія памылкі, апіскі, недакладнасьці, яны друкаваліся: нумар старонкі, якая недакладнасьць і як трэба чытаць насамрэч, і гэты лісток укладаўся ў кнігу. І называўся ён «Errata» — гэта значыць «заўважаныя памылкі».

Спадар Дубавец узяў гэтае слова як мэтафару для абазначэньня сытуацыі, у якой жывуць беларусы, дадаўшы падзагаловак: «Як што называецца, так і адбываецца». Вельмі многія праявы жыцьця можна растлумачыць тым, што яны ня так называюцца, — лічыць аўтар і прыводзіць прыклад:

«У школах ваенная падрыхтоўка, якая насамрэч ёсьць падрыхтоўкай да войска, дае навыкі вайсковай службы. А называецца яна „ваенная падрыхтоўка“, гэта значыць — падрыхтоўка да вайны, гэта значыць, гэтых дзяцей са школьнага веку рыхтуюць на гэтых занятках да вайны».

Ланцужок можна доўжыць блытанінай з ваенным ці вайсковым трыбуналам, ваенным ці вайсковым службоўцам ды іншымі несупадзеньнямі слова і зьместу. Аўтар сабраў шмат такіх прыкладаў і напісаў пра іх.

«Тры разьдзелы ў мяне. Гэта «Слова», «Мова» і «Народ». Я паглядзеў, як на ўзроўні лексыкі гэтыя падмены працуюць у жыцьці і скажаюць наша існаваньне, не даюць нам разьвівацца па сутнасьці, як на ўзроўні падмены мовы гэта адбываецца. І трэцяя частка, «Народ» — гэта пра тое, што адбываецца ў гісторыі з усім нашым народам, што было ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, адкуль паўстаў міт, што беларусаў да рэвалюцыі не было. Пасьля я разглядаю сучаснасьць, я яе так ацэньваю — гэта савецкі пэрыяд, зь якога мы яшчэ ня выйшлі. Ну, я разглядаю самы цяжкі час гэтай эпохі — гэта сталінскія рэпрэсіі. І далей — будучыню ў разьдзельчыку, які ў мяне называецца «Бацькі і дзеці. Эгаізм старасьці».

Сяргей Дубавец зазначае, што пісаў сваю кнігу з чыста практычных, што да будучага чытача, меркаваньняў.

«Гэта абсалютна практычная кніжка. Тое, што бачыць чалавек кожны дзень і чаго ён ня бачыць — я зьвярнуў яго ўвагу на гэтыя рэчы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG