Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» змагаецца за вызваленьне Баўмгертнэра


«Уралкалій» адхіляе ўсе абвінавачаньні, якія прад’яўляюцца Ўладзіславу Баўмгертнэру Сьледчым камітэтам Беларусі, і робіць усе неабходныя захады для яго як найхутчэйшага вызваленьня.

Захады па абароне правоў расейскага грамадзяніна, які знаходзіцца пад вартай, таксама ажыцьцяўляюцца па лініі ўраду Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў чарговай заяве расейскай кампаніі.

«Уралкалій» таксама дзякуе за падтрымку расейскаму ўраду, палітычным і грамадзкім дзеячам, якія выказаліся ў абарону Ўладзіслава Баўмгертнэра, інвэстыцыйным і бізнэс-супольнасьцям.

Расейскае прадпрыемства «захоўвае веру ў хуткае вызваленьне гендырэктара ААТ „Уралкалій“ і разьвязаньне сытуацыі, якая склалася, у адпаведнасьці з агульнапрынятымі нормамі маралі і права».

У заяве адзначаецца, што Баўмгертнэр, які прыбыў у Беларусь на запрашэньне прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясьніковіча, застаецца пад вартай. Ён знаходзіцца ў статусе абвінавачанага і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ Беларусі.
XS
SM
MD
LG