Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі парлямэнт прагаласаваў супраць апэрацыі ў Сырыі


Выступ Дэвіда Кэмэрана ў Палаце абшчын

Выступ Дэвіда Кэмэрана ў Палаце абшчын

Брытанскі парлямэнт пасьля сямігадзінных дэбатаў прагаласаваў позна ўвечары 29 жніўня супраць вайсковага ўдару па Сырыі, які павінен папярэдзіць далейшай выкарыстаньне хімічнай зброі ў гэтай краіне.

Бальшынёй усяго ў 13 галасоў сябры Палаты абшчын адхілілі прапанову ўрада пра неабходнасьць вайсковай апэрацыі супраць рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. За ўрадавую рэзалюцыю аб неабходнасьці «магутнага гуманітарнага адказу, які, магчыма, запатрабуе вайсковай акцыі», прагаласавала 272 сябры парлямэнта, супраць - 285.

Перад гэтым парлямэнт большасьцю ў 112 галасоў адхіліў рэзалюцыю Лейбарысцкай партыі, у якой прапаноўвалася атрымаць больш дакладную інфармацыю аб выкарыстаньні хімічнай зброі, перш, чым пачынаць вайсковую акцыю. Лейбарысты настойвалі на тым, каб дачакацца разгляду Радай бясьпекі ААН дакладу міжнародных экспэртаў, якія працуюць ў Сырыі, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Камэнтуючы вынікі галасаваньня, прэм'ер-міністар Дэвід Кэмэран заявіў, што будзе дзейнічаць згодна з рашэньнем парлямэнта. У брытанскім парлямэнце адбудзецца паўторнае галасаваньне пасьля публікацыі дакладу экспэртаў ААН.
Міністар абароны краіны Філіп Хэманд ў інтэрвію тэлепраграме ВВС Newsnight пацьвердзіў, што Вялікабрытанія не будзе ўдзельнічаць у магчымай сумеснай з ЗША апэрацыі ў Сырыі.

ЗША, аднак, далі зразумець, што па-ранейшаму гатовыя ваяваць у Сырыі і без удзелу Вялікабрытаніі, аднак працягнуць кансультавацца з Лёнданам, які застаецца «адным з бліжэйшых саюзьнікаў і сяброў» Вашынгтона.

«Прэзыдэнт Барак Абама пры прыняцьці рашэньняў будзе кіравацца інтарэсамі Злучаных Штатаў», - гаворыцца ў заяве Белага Дома.

Паведамляецца, што, на думку Абамы, у сырыйскім канфлікце закрануты інтарэсы ЗША, і краіны, якія парушаюць міжнародныя нормы выкарыстаньня хімічнай зброі, павінны за гэта адказаць.
XS
SM
MD
LG