Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У малакаперапрацоўчай галіне Беларусі выяўлены прыпіскі. Пра гэта паведаміў на брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Сяргей Федчанка:

«У малакаперапрацоўчай ёсць такая праблема, як прыпіскі аб’ёмаў вытворчасьці і выручкі, „прыхарошваньне“ сытуацыі з запасамі прадукцыі. Асабліва грашаць гэтым прадпрыемствы Віцебшчыны. Устаноўлены таксама шматлікія факты невяртаньня валютнай выручкі, парушэньні заканадаўства аб бухгальтарскім уліку, дзяржаўнай статыстыкі ў сфэры будаўніцтва і г. д.».

Да таго ж, прыпіскі прывялі да скажэньня дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці.

Асобнымі матэрыяламі праверак займаюцца праваахоўныя органы, якія дадуць прававую ацэнку дзеяньням некаторых службовых асобаў.

На пачатку жніўня тэму прыпісак у сельскай гаспадарцы, якія маюць масавы характар, узьняў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ён тады паведаміў, што «па некаторых фактах прыпісак заведзены крымінальныя справы. А служба па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі арыентаваная на тое, каб выяўляць гэту ганебную практыку ў пэрыяд уборачнай кампаніі».

Анатоль Гуляеў

Анатоль Гуляеў

Журналіст Анатоль Гуляеў, які больш за 40 гадоў піша на тэмы сельскаай гаспадаркі, кажа, што прыпіскі — такая «сацыялістычная хвароба», калі гаворка ідзе ня столькі пра вытворчасьць прадукцыі, колькі пра выкананьне пляну:

«То бок плян выконваецца не заўсёды. І тады, каб трымаць справаздачу перад начальствам, трэба прыпісаць пэўную колькасьць цэнтнэраў з гектару, некалькі тысяч літраў малака... Ні аднаму ўласьніку, фэрмэру зь цьвярозым розумам ня прыйдзе ў галаву штосьці прыпісваць. Яму трымаць справаздачу няма перад кім, акрамя сваёй сям’і і Госпада Бога. Усё жыцьцё, колькі мне давялося працаваць у сельскай гаспадарцы, ставілася пытаньне прыпісак. І ва ўмовах, калі раней райкам, а цяпер райвыканкам актыўна кіруе так званымі калектыўнымі гаспадаркамі, тэма прыпісак ніколі ня зьнікне».
XS
SM
MD
LG