Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У парлямэнце Вялікай Брытаніі абмяркоўваюць удар па Сырыі


Дэйвід Кэмэран

Дэйвід Кэмэран

Група экспэртаў ААН, якія расьсьледуюць меркаванае выкарыстаньне хімічнай зброі ў прыгарадзе Дамаску, у суботу пакіне Сырыю.

Пра гэта ў Вене заявіў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Цяпер у парлямэнце Вялікай Брытаніі адбываюцца дэбаты па пытаньню ваеннай акцыі супраць сырыйскага ўраду. У сераду брытанскі прэм’ер-міністар Дйэвід Кэмэран заявіў, што рашэньне аб нанясеньні ўдару па Сырыі павінна быць прынятае пасьля завяршэньня працы экспэртаў ААН.

Улады Вялікабрытаніі апублікавалі справаздачу юрыстаў, у якой адзначаецца легальнасьць магчымай ваеннай акцыі супраць рэжыму сірыйскага прэзыдэнта Башара Асада бяз санкцыі Рады Бясьпекі ААН.

Сёньня ж былі распаўсюджаныя высновы брытанскіх спэцслужбаў, паводле якіх 21 жніўня ў прыгарадзе Дамаска мела месца хімічная атака, і адказнасьць за выкарыстаньне хімічнай зброі з «вялікай верагоднасьцю» ускладаецца на сірыйскае ўрадавае войска.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўчора ўвечары ў тэлевізійным інтэрвію паведаміў, што пакуль не прыняў рашэньня адносна ваенных дзеяньняў супраць рэжыму Башара Асада. Разам з тым ён адзначыў, што прымяненьне хімічнай зброі ў Сырыі не павінна застацца без адказу. Як заявіў Абама, ЗША лічаць, што хімічную зброю ў Сырыі выкарыстоўвалі менавіта ўрадавыя сілы.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Генадзь Гацілаў заявіў у сераду, што заклікі да нанясеньня ваеннага ўдару па Сырыі зьяўляюцца адкрытым выклікам ключавым палажэньням Статуту ААН ды іншым нормам міжнароднага права.
XS
SM
MD
LG