Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгортваецца скандал паміж уладамі Беларусі і Расеі вакол арышту генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Расея заявіла пра істотнае скарачэньне паставак нафты на беларускія НПЗ, прэтэнзіі да якасьці беларускіх малочных вырабаў выказаў галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка. Тым часам у Сьледчым камітэце Беларусі рыхтуюцца завесьці крымінальную справу на аднаго з расейскіх алігархаў Сулеймана Керымава, які зьяўляецца ўласьнікам найбольшага пакета акцый «Уралкалія».

Сьледчы камітэт Беларусі сёньня заявіў, што мае намер завесьці крымінальную справу ў дачыненьні да асноўнага акцыянэра «Ўралкалія» мільярдэра Сулеймана Керымава. Як удакладніў прадстаўнік ведамства Павал Траулька, наяўныя матэрыялы даюць падставы, каб прыцягнуць да адказнасьці і іншых асобаў, у тым ліку і грамадзян Беларусі. У выпадку неабходнасьці ўсе яны могуць скласьці кампанію спадару Баўмгертнэру.

Паводле падлікаў праўладных эканамістаў, страты бюджэту ад схемаў, якія з санкцыі Керымава нібыта адпрацоўваліся пад дахам Беларускай калійнай кампаніі (БКК), ацэньваюцца ў 100 мільёнаў даляраў. Сюды ж афіцыйны Менск хоча прыплюсаваць і мільярдны крэдыт «Уралкалію» пад гарантыі БКК, які ў выпадку банкруцтва цалкам лёг бы на плечы беларускай дзяржавы. Такім чынам, ускосна пазоў Керымаву і ягонай кампаніі выстаўлены, засталося дачакацца канчатковай сумы.

Былы міністар эканомікі Расеі, прэзыдэнт фонду «Лібэральная місія» Яўген Ясін заявіў Свабодзе, што гэтым разам беларускія ўлады зайшлі занадта далёка, і што Крэмль трываць падобную самадзейнасьць ня будзе:

Яўген Ясін

Яўген Ясін

«Я думаю, што проста так, бязь яўных дзеяньняў з боку Расеі, гэта не абыдзецца. А тое, што яшчэ не ўмяшаўся адкрыта Пуцін, дык трэба ведаць: заявы Анішчанкі ці мерапрыемствы, якія ладзіць „Транснефть“, не ажыцьцяўляюцца без прэзыдэнцкага ведама. Значыць, ён ня тое што ў курсе справы, а ўважліва сочыць за тым, што адбываецца. І ў прынцыпе ня мае намеру, як мяркую, ісьці на саступкі пры любых формах выражэньня эмоцыяў спадара Лукашэнкі. Зразумела, пры жаданьні можна знайсьці яшчэ шмат абвінавачаных, але ня ўсіх Аляксандар Рыгоравіч можа выклікаць у Беларусь і прымусіць іх там сядзець. Прыцягнуць у міжнародным парадку — магчыма, але да чаго гэта прывядзе? Ну, будуць усе абмінаць Беларусь. Гэта што, лепш? Баюся, што Лукашэнка дагуляўся і яму давядзецца ісьці на саступкі. Канкрэтна яму. А калі не, то, не выключаю, будуць вялікія непрыемнасьці. Далёка зайшоў на пустым месцы. Ня ведаю, як ён будзе выкручвацца».

Спадар Ясін мяркуе, што Беларусь рызыкуе ўжо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве страціць нашмат больш, чым намагаецца спагнаць з «Уралкалія». Дзякуючы звышнарматыўным пастаўкам расейскай нафты, якія ўтрая перавышаюць унутраныя патрэбы, беларускі бюджэт мае стабільныя прыбыткі ад рэалізацыі вырабленых нафтапрадуктаў — нават пасьля згортваньня шэрых схемаў бязмытнага экспарту паліва пад выглядам растваральнікаў. Але «Транснефть» у аднабаковым парадку заявіла пра скарачэньне на 400 тысяч тон нафтавых паставак у верасьні і пакідае за сабой права перагледзець заплянаваныя аб’ёмы ў наступныя месяцы. Фармальнай падставай стала неабходнасьць замены трубаў, бо існуе небясьпека для навакольнага асяродзьдзя.

Задзейнічаны і галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка. Ён заявіў, што толькі ў Маскоўскай вобласьці траціна беларускай малочнай прадукцыі не адпавядае паказьнікам якасьці і бясьпекі. З улікам, што за першае паўгодзьдзе ў Расею экспартавана малочных вырабаў больш чым на 1 мільярд даляраў, у паўтарэньні падзеяў 2009 году наўрад ці хто зацікаўлены.

Тым часам сытуацыя на «Беларуськаліі» застаецца складанай. Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак перакананая, што падзеньне коштаў на мінэральныя ўгнаеньні — аб’ектыўны працэс, не прывязаны да гісторыі з «Уралкаліем»:

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Сытуацыя на калійным рынку, скажам так, мёртвая. І пакуль што ні пакупнікі, ні прадаўцы ўгнаеньняў ніякіх крокаў, каб яе размарозіць, ня робяць. Тым ня меней, як мяркуе гендырэктар „Белкалія“ Кірыенка, магчыма, у верасьні рынак усё ж пачне рэагаваць на сытуацыю і фармаваць кошты. Дарэчы, нягледзячы на тое, што сам ён прагназаваў падзеньне даволі істотнае, на апошняй прэсавай канфэрэнцыі так і не заявіў пра зьніжэньне коштаў беларускага калію. Відавочна, ніхто не зацікаўлены ў дэмпінгу. Таму сытуацыя неадназначная, і „Беларуськалій“ будзе на яе рэагаваць, зыходзячы з таго, якая сытуацыя будзе складацца на ўсясьветным рынку, якія будуць кошты».

Назіральнікі прагназуюць, што ў сваім ціску на Менск на малацэ ды нафце расейскі бок ня спыніцца. Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех перакананы, што пакуль Расея і Беларусь ня выйдуць на празрыстыя, рынкавыя схемы супрацоўніцтва, ад такіх спрэчак яны і надалей ня будуць застрахаваныя:

Аляксандар Мех

Аляксандар Мех

«Што тычыцца гэтых заяваў, то зроблены толькі адзін крок — у Маскве далі зразумець, што ўсё пайшло не па іх сцэнары. Але пры гэтым ня зроблены другі крок — ніхто ў Расеі не набярэцца сьмеласьці прызнаць, што Лукашэнку ў сёньняшнім выглядзе выгадавала менавіта Расейская Фэдэрацыя. Гэта праблема, і праблема досыць сур’ёзная. Бо ў такім разе можна спытаць: слухайце, хлопцы, а дзе вы раней былі? Чым вы займаліся? Гэта ж вы яго падтрымлівалі, вы яму давалі грошы і гэта вы яго абаранялі на Захадзе! Каб падобныя сытуацыі не паўтараліся, мы павінны супрацоўнічаць на рынкавых прынцыпах. А як няма рынкавых коштаў для той жа Ўкраіны, для той жа Беларусі, то гэта непасрэдная магчымасьць атрымліваць адкаты, што ёсьць карупцыяй. Гэта нішто іншае, як умелае выкарыстаньне ценявых схемаў».

Памочнікі Сулеймана Керымава ў Савеце Фэдэрацыі спасылаюцца на тое, што ён афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку і сувязь зь ім не падтрымліваецца. У офісе «Уралкалію» сытуацыю не камэнтуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG