Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая прэсавая канфэрэнцыя на волі

абноўлена

Прэсавая канфэрэнцыя Дашкевіча (поўнае відэа)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:45:30 0:00

Прэсавая канфэрэнцыя Дашкевіча (поўнае відэа)

Зьміцер Дашкевіч будзе працягваць змаганьне ў Беларусі, але гатовы саступіць пасаду старшыні Маладога Фронту камусьці з маладзейшых аднадумцаў.

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч сёньня на першай пасьля вызваленьня прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што будзе працягваць змаганьне ў Беларусі, але гатовы саступіць пасаду старшыні Маладога Фронту камусьці з маладзейшых аднадумцаў.

На пачатку прэсавай канфэрэнцыі Зьміцер Дашкевіч падзякаваў тых, хто яго падтрымліваў у зьняволеньні:

«Дзякуй усім, вялікі дзякуй за падтрымку. Жыве Беларусь!»

Самым цяжкім пэрыядам сваёй турэмнай эпапэі Зьміцер Дашкевіч лічыць перабываньне ў калёніі ў Горках, дзе, паводле яго, найбольшая карупцыя адміністрацыі і дзе свае парадкі навязваюць крымінальнікі, якім адміністрацыя патурае. У мазырскай калёніі Зьміцер Дашкевіч зазнаў ціск адміністрацыі паводле рэлігійнай прыкметы — як пратэстант. Палітвязьня ў ізалятары проста зьбівалі — «маладзілі», як кажуць на турэмным жаргоне. У глыбоцкай турме палітвязьню вырашылі «накінуць» тэрмін нібыта за непадпарадкаваньне, але і самі, як мяркуе Дашкевіч, ня думалі, што суд дадасьць амаль цэлы год. «Такое рашэньне, відаць, прыйшло зьверху», — лічыць былы вязень. Пра гарадзенскую турму Зьміцер Дашкевіч згадаў, што ставіліся да яго там збольшага нармальна, але там была вельмі дрэнная ежа. Увогуле харчаваньне ў беларускіх турмах і калёніях, паводле Дашкевіча, жахлівае, і адна з прычын гэтага — у карупцыі адміністрацыі. «У Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў скардзіцца бессэнсоўна, бо там скрозь працуюць тыя ж былыя турэмшчыкі, якія і падтрымлівалі такія парадкі», — лічыць Дашкевіч.

Зьміцер разам з жонкай Настай
Зьміцер разам з жонкай Настай




Зьміцер не пісаў прашэньня аб памілаваньні, што яму ня раз прапаноўвалі, але не асуджае тых, хто такія паперы падпісваў. Былы палітвязень згадаў прыклад кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, зь якім перакрыжоўваўся ягоны турэмны лёс:

«Гэтак, як браліся за Саньнікава, ня браліся за нікога, акрамя Захаранкі, Красоўскага ці Завадзкага. Трэба глядзець на тое, што чалавек робіць пасьля выхаду на волю, а не на тое, падпісаў ён ці не нейкую паперку», — сказаў Зьміцер.

Нягледзячы на турэмны досьвед, Зьміцер Дашкевіч зь Беларусі зьяжджаць не зьбіраецца і кажа, што будзе працягваць грамадзка-палітычную дзейнасьць. Але ў якім фармаце — яшчэ вызначаецца:

«Зьбіраюся далей займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Актыўна. Але на пытаньне пра формы гэтай дзейнасьці пакуль адказаць не магу. Відавочна, што Малады Фронт трэба перадаваць у больш надзейныя рукі, хопіць ужо несьці гэты „хрустальны сасуд“. Зьявіліся больш маладыя, лепшыя за мяне, больш адказныя і мэтанакіраваныя. Будзем вызначацца».

На просьбу назваць саюзьнікаў Маладога Фронту ў палітычнай барацьбе Зьміцер Дашкевіч сказаў, што ў той ці іншай форме магчымая супраца зь любымі арганізацыямі, якія вызначаюць сябе як апазыцыйныя цяперашняму рэжыму.

Зьміцер Дашкевіч вельмі шкадуе, што ня змог трапіць 19 сьнежня 2010 году на Плошчу, бо днём раней яго арыштавалі ў выніку інцыдэнту, які ён па-ранейшаму называе правакацыяй спэцслужбаў.

«На вуліцы спыталі цыгарэту і адразу паклалі на асфальт. І тут жа пачуў крыкі, што нібыта іх б’юць, ды пад’ехала міліцыя», — згадаў з усьмешкай Зьміцер Дашкевіч падзеі 18 сьнежня 2010 году. Пра Плошчу малады палітык сказаў:

«19 сьнежня народ мусіў вярнуць сабе ўладу. Парлямэнт — гэта не будынак Аляксандра Рыгоравіча, ён належыць народу».

На першую прэсавую канфэрэнцыю Зьмітра Дашкевіча прыйшлі, акрамя журналістаў, шмат грамадзкіх актывістаў з розных арганізацыяў, у тым ліку шмат людзей, якія проста спачуваюць былому палітвязьню. Пазьней стала вядома, што па дарозе ў офіс БНФ быў затрыманы міліцыяй намесьнік старшыні Маладога Фронту Мікалай Дземідзенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG