Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжкі выбар прэзыдэнта Абамы


Барак Абама павінен прыняць рашэньне пра ваенную апэрацыю ў Сырыі
Барак Абама павінен прыняць рашэньне пра ваенную апэрацыю ў Сырыі
Паветраныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Сырыі, хутчэй за ўсё , будуць адкладзеныя. Так амэрыканскія назіральнікі трактуюць заявы прэзыдэнта Абамы, зробленыя ім у сераду ўвечары ў інтэрвію грамадзкаму тэлеканалу Public Broadcasting Service (PBS). Інтэрвію прэзыдэнта супала з заявамі ўплывовых амэрыканскіх заканадаўцаў, якія заклікаюць Белы Дом не рабіць ваенных дзеяньняў у Сырыі без кансультацый з Кангрэсам.

Яшчэ ў аўторак удар па ваенных аб’ектах на тэрыторыі Сырыі, згодна з паведамленьнямі амэрыканскай прэсы, выглядаў справай вырашанай, справай бліжэйшых дзён. Аднак у сераду ў час неабвешчанага загадзя інтэрвію грамадзкаму тэлебачаньню прэзыдэнт Абама даў зразумець, што ён пакуль не прыняў канчатковага рашэньня аб ваенных дзеяньнях у Сырыі.
Абама даў зразумець, што ён пакуль не прыняў канчатковага рашэньня аб ваенных дзеяньнях у Сырыі.

«Мы вядзем кансультацыі з нашымі саюзьнікамі, — сказаў Барак Абама, — мы вядзем кансультацыі зь міжнароднай супольнасьцю». Паводле прэзыдэнта, Злучаныя Штаты ня маюць намеру ўмешвацца ў канфлікт, канца якому не відаць. Але краіны, якія парушаюць міжнародныя законы аб забароне выкарыстаньня хімічнай зброі, ствараюць патэнцыйную пагрозу і Злучаным Штатам. Гэтыя краіны, як заявіў прэзыдэнт Абама, павінны несьці адказнасьць за свае дзеяньні.

У апошнія дні людзі з бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта, у тым ліку, віцэ-прэзыдэнт і міністар абароны ЗША выступілі з заявамі, якія выглядалі як частка інфармацыйнай кампаніі па падрыхтоўцы грамадзкай думкі да паветранай апэрацыі ў Сырыі. Вашынгтон, як паведамлялася, практычна перакананы ў тым, што менавіта падразьдзяленьні сырыйскай арміі нанесьлі ў мінулую сераду ўдар ракетамі з хімічнымі боезарадамі па прымесьцях Дамаску.

Людзі дапамагаюць ахвярам паветранай атакі сілаў Башара Асада у правінцыі Хама, 23 сьнежня 2012
Людзі дапамагаюць ахвярам паветранай атакі сілаў Башара Асада у правінцыі Хама, 23 сьнежня 2012


Ахвярамі нападу сталі сотні мірных жыхароў. У чацьвер павінны былі быць прадстаўлены высновы амэрыканскай выведкі. Меркавалася, што паветраныя ўдары будуць нанесеныя неўзабаве пасьля зьяўленьня гэтай інфармацыі. Паводле паведамленьняў прэсы, Пэнтагон плянуе абмежаваную апэрацыю, мэта якой — папярэдзіць рэжым Асада аб наступствах, якія яму прыйдзецца несьці за ўжываньне зброі масавага зьнішчэньня.
Пэнтагон плянуе абмежаваную апэрацыю, мэта якой — папярэдзіць рэжым Асада аб наступствах, якія яму прыйдзецца несьці за ўжываньне зброі масавага зьнішчэньня.

Аднак у сераду сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнер накіраваў прэзыдэнту ліст з патрабаваньнем дакладна выкласьці аргумэнты на карысьць такой апэрацыі, растлумачыць стратэгію і вызначыць мэты удараў да таго, як ён аддасьць указаньне аб пачатку паветранай кампаніі. 116 кангрэсмэнаў падпісалі яшчэ адзін ліст прэзыдэнту з заклікам правесьці кансультацыі з заканадаўцамі і атрымаць санкцыю Кангрэсу на вядзеньне ваенных дзеяньняў. Пакуль ніхто з уплывовых амэрыканскіх заканадаўцаў гучна ня выказаўся супраць абмежаванай сілавой акцыі ў Сырыі — яны, хутчэй за ўсё, хочуць публічна прадставіць свае ўласныя погляды на непапулярную ў большасьці амэрыканцаў патэнцыйную ваенную акцыю.

Адначасова амэрыканскія газэты паведамляюць пра тое, што юрысты ў Белым Доме і дзярждэпартамэнце спрабуюць сфармуляваць юрыдычныя падставы для сілавой акцыі на тэрыторыі замежнай дзяржавы, якая непасрэдна не пагражае Злучаным Штатам. Адзін з галоўных аргумэнтаў прыхільнікаў апэрацыі заключаецца ў тым, што міжнародная супольнасьць мае права дзейнічаць дзеля прадухіленьня гуманітарнага крызісу або генацыду. Але пакуль адміністрацыя Абамы падае сілавую апэрацыю ў асноўным як сымбалічны жэст, дакладна вывераны сыгнал Башару Асаду аб тым, што ён не павінен ужываць хімічную зброю.
Амэрыканскія аналітыкі згаджаюцца, што ў Белага Дому ў гэтай сытуацыі няма добрага выбару.

Такая аргумэнтацыя трывожыць некаторых амэрыканскіх аналітыкаў, якія асьцерагаюцца, што дрэнна прадуманыя дзеяньні могуць абярнуцца непрадказальнымі наступствамі. Вось што кажа ў інтэрвію Радыё Свабода былы высокапастаўлены супрацоўнік Пэнтагону Элі Кракоўскі:

— Я думаю, што ў адміністрацыі Абамы ў дадзенай сытуацыі не застаецца выбару, і яна будзе дзейнічаць, нягледзячы на тое, што ў яе, на мой погляд, няма ні жаданьня, ні добра прадуманай стратэгіі дзеяньняў. Ад самага пачатку сырыйскага канфлікту Вашынгтон спрабаваў трымацца ад яго на дыстанцыі, ён прапусьціў нямала магчымасьцяў для таго, каб паўплываць на яго вынік. Зараз, мяркуючы па неафіцыйнай інфармацыі, Пэнтагон рыхтуецца нанесьці абмежаваную колькасьць паветраных удараў па сырыйскіх ваенных і, патэнцыйна, урадавых аб’ектах, удараў , якія не паўплываюць на стратэгічную расстаноўку сіл у Сырыі. Пра гэта наўпрост кажуць прадстаўнікі адміністрацыі. Але можна быць упэўненым, што такая, на мой погляд, паўмера выкліча абурэньне самых розных гульцоў. Калі яна падасца Дамаску і Тэгерану несур’ёзнай, то замест таго, каб напалохаць, гэтыя ўдары натхняць абодва рэжымы, якія вырашаць, што ЗША ня здольныя да рашучых дзеяньняў. У такім выпадку гэтая апэрацыя пераўтворыцца ў найсур’ёзьнейшую стратэгічную памылку.

Ахвяры магчымай хімічнай атакі ў Сырыі
Ахвяры магчымай хімічнай атакі ў Сырыі
​Амэрыканскія аналітыкі згаджаюцца, што ў Белага Дому ў гэтай сытуацыі няма добрага выбару. Адмова ад любых дзеяньняў нанясе разбуральны ўдар па рэпутацыі краіны і прэзыдэнта, які заявіў год таму пра тое, што ўжываньне хімічнай зброі ў Сырыі не прымальнае для Злучаных Штатаў. Паводле аналітыкаў, ён вымушаны зрабіць выбар паміж абмежаванай і, шмат у чым, паказальнай паветранай апэрацыяй або апэрацыяй, якая стане часткай стратэгіі нэўтралізацыі рэжыму Башара Асада. Наступствы гэтага выбару прадказаць немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG