Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт гендырэктара расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра ў Менску нагадвае палітычны дэтэктыў ці нават трылер. Расейскага топ-мэнэджэра завабілі ў Беларусь нібыта на перамовы з прэм’ер-міністрам. Такая праставатая сялянская хітрасьць, але як эфэктыўна працуе!

Калі ж глядзець на сытуацыю з вышыні 19-гадовага досьведу праўленьня Лукашэнкі, то нічога незвычайнага тут няма. Усе дзеяньні беларускіх уладаў абсалютна ўпісваюцца ў фірменны палітычны стыль беларускага кіраўніка, яны выкарыстоўваліся ўжо шмат разоў і часта давалі патрэбны вынік. Дык чаму б не паспрабаваць яшчэ раз?

Па-першае, усе экспэрты імкнуцца разгледзець у гэтых дзеяньнях беларускіх уладаў нейкую рацыянальную лёгіку, спрабуюць зразумець, якіх мэтаў яны імкнуцца дасягнуць, што атрымаць наўзамен за вызваленьне Баўмгертнэра. Зразумела, такія рацыянальныя матывы тут, безумоўна існуюць. Але не на першым пляне. Экспэрты ніяк ня могуць зразумець, што беларуская палітыка ёсьць адлюстраваньне псыхалёгіі аднаго чалавека.

Арышт гендырэктара «Ўралкалія» — гэта найперш траўматычная рэакцыя кіраўніка Беларусі на апошнія крокі расейскай кампаніі — разрыў супрацоўніцтва зь беларускімі партнэрамі. Экспэрты кажуць пра страту 1–1,5 млрд даляраў у год з даходаў «Беларуськалія». Але гэта толькі ад падзеньня цэнаў. Трэба яшчэ ўлічваць, што «Беларуськалій» ня мае ўласных трэйдэраў, збытавой сеткі дзеля продажу калійных угнаеньняў, яна ўся засталася ва «Ўралкалія». (Іншае пытаньне, як так магло атрымацца, што Лукашэнка ўвесь час змагаецца з пасярэднікамі, а галоўнае прадпрыемства краіны за 22 гады незалежнасьці не змагло стварыць уласныя збытавыя структуры). Таму «Беларуськалій» застаўся проста каля разьбітага карыта і ліхаманкава шукае пасярэднікаў, якія ведаюць рынак, могуць на ім працаваць. І, дарэчы, пасрэдніцкія паслугі нямала каштуюць.
Арышт гендырэктара «Ўралкалія» — гэта найперш траўматычная рэакцыя кіраўніка Беларусі на апошнія крокі расейскай кампаніі — разрыў супрацоўніцтва зь беларускімі партнэрамі.

То бок развал Беларускай калійнай кампаніі меў сваім вынікам ня толькі вялікія эканамічныя страты, але і нанёс цяжкую псыхалягічную траўму асабіста Лукашэнку. Той зразумеў, што яго нахабна «кінулі». І хто? Хай бы сабе Пуцін, мацёры воўк. А то нейкія алігархі зь нярускімі прозьвішчамі! А за імі стаіць Мядзьведзеў. Гэты прафэсарскі сынок, які, як казаў Лукашэнка расейскім журналістам, ня ўмее капаць лапаткай (жах!), а толькі тыцкае пальцам у пляншэт.

Таму і помста аказалася такой падступнай. Невыпадкова менавіта Мядзьведзеў пасьля тэлефоннай размовы зь Мясьніковічам угаварыў Баўмгертнэра прыехаць у Менск на перамовы. І нават калі Менск не атрымае ў выніку гэтага канфлікту ніякіх практычных дывідэндаў ад Расеі, усё роўна галоўная мэта дасягнутая. Посттраўматычны сындром — важны рухавік беларускай палітыкі.

Па-другое, парушэньне ўсіх прынятых нормаў і правіл — гэта важная перавага Лукашэнкі над супернікамі. Калі рэпутацыя сапсаваная, то можна жыць, нічога не саромеючыся. У гульні ў шахматы шахматнаю дошкаю ў кіраўніка Беларусі няма канкурэнтаў.

Па-трэцяе, яшчэ адно палітычнае ноў-хаў Лукашэнкі — гэта інстытут закладніцтва. У сучаснай гісторыі Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе захоп закладнікаў стаў галоўным інструмэнтам замежнай палітыкі. І беларускі лідэр узьвёў яго ў ранг палітычнага мастацтва. Дзеля ціску на ЭЗ выкарыстоўваюць палітзьняволеных. Узьніклі праблемы з касьцёлам — і адразу пасадзілі ксяндза Лазара. Вось і цяпер: Сьледчы камітэт падлічыў, што «Ўралкалій» нанёс Беларусі страты на 100 млн даляраў. Вось яна, цана волі Баўмгертнэра.

Па-чацьвёртае, ва ўсіх падобных сілавых канфліктах супернікі Лукашэнкі, як правіла, прайграюць. Бо, як вобразна калісьці сказаў беларускі кіраўнік, «безь яец», то бок слабакі. З розных прычын. Ці то баяцца моцна рызыкаваць, ісьці да канца. Ці то проста ня хочуць зьвязвацца. Нават амэрыканцы, якія заўсёды жорстка бароняць сваіх грамадзян, праглынулі і ўцерліся, калі быў узяты ў закладнікі адвакат Зэльцэр.

Па-пятае, любая вайна з замежным ворагам мабілізуе лукашэнкаўскі электарат. Тым больш вайна з алігархамі. Бо беларусы ня любяць багатых. Тое, што Баўмгертнэр не алігарх, а ўсяго толькі найманы мэнэджэр, для абывацеля ня мае значэньня. Рэйтынг Лукашэнкі напэўна вырасьце. Дарэчы, гэта гульня і на грамадзтва Расеі, якое таксама ня любіць алігархаў. Расейскія лібэралы рэзка крытыкуюць кіраўніка Беларусі, а пуцінскі электарат яму апладзіруе. І, дарэчы, гэта абмяжоўвае рэзкую рэакцыю Пуціна на гэты арышт.
Вось і цяпер рэакцыя Расеі, як пішуць мэдыі, кволая. Пуцін маўчыць.

Па-шостае, ва ўсіх ранейшых беларуска-расейскіх канфліктах Лукашэнка прынамсі не прайграваў. Вось і цяпер рэакцыя Расеі, як пішуць мэдыі, кволая. Пуцін маўчыць. Амбасадара Беларусі ў Расеі выклікалі ў МЗС РФ і папярэдзілі, што затрыманьне Баўмгертнэра «можа паўплываць на графік расейска-беларускіх кантактаў на палітычным узроўні» (!). Напужалі да сьмерці. Гэта клясыка, шэдэўр, апатэоз палітыкі «мяккай сілы» краіны, якая прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы. Праўда, зьявіліся і больш сур’ёзныя сыгналы — наконт праблемаў з пастаўкамі беларускага малака ў Расею і расейскай нафты ў Беларусь. Але пакуль гэта толькі намеры.

Апошнім часам чуваць шмат размоваў пра тое, што залежнасьць Беларусі ад Расеі моцна ўзрасла, цяпер Лукашэнка скаваны па руках і нагах і дастаткова Маскве варухнуць пальцам, як кіраўнік Беларусі прыпаўзе на каленях.
А вось што рабіць зь Беларусьсю, у Крамлі ня ведаюць. Бо Лукашэнка — галоўны партнэр па стварэньні Эўразійскага зьвязу, ён клянецца не прапусьціць натаўскія танкі на Маскву, абяцае разьмясьціць пад Лідай расейскую авіябазу.

Падзеі паказваюць, што экспэрты дрэнна разумеюць прыроду беларуска-расейскіх дачыненьняў. Бо тут існуе ўзаемазалежнасьць. Калі Беларусь падсела на іголку расейскай эканамічнай дапамогі, то Расея, у сваю чаргу, даўно падсела на беларускую інтэграцыйную іголку. Масква добра ведае, што рабіць у такіх выпадках з Грузіяй, Малдовай, Літвой, нават Украінай. А вось што рабіць зь Беларусьсю, у Крамлі ня ведаюць. Бо Лукашэнка — галоўны партнэр па стварэньні Эўразійскага зьвязу, ён клянецца не прапусьціць натаўскія танкі на Маскву, абяцае разьмясьціць пад Лідай расейскую авіябазу. Таму ён ня просіць расейскіх субсыдыяў, а патрабуе, віртуозна гуляючы на імпэрскіх комплексах саюзьнікаў. А калі адбываецца затрымка, то моцна грукае кулаком у стол. Маўляў, а дзе вы дзенецеся, за статус саюзьніка трэба плаціць.

Вось кіраўнік камітэту па міжнародных справах Савету Фэдэрацыі РФ Міхаіл Маргелаў заявіў: «Акалічнасьці затрыманьня расейскага грамадзяніна прымушаюць успомніць цёмнае сярэднявечча, калі тых, хто не даспадобы, кідалі ў вязьніцы, папярэдне завабіўшы на перамовы высокага ўзроўню». А ці даўно гэты самы Маргелаў разам зь іншымі расейскімі дэпутатамі заўзята бараніў беларускі рэжым у Радзе Эўропы, даводзячы, што з правамі чалавека, законнасьцю ў Беларусі ўсё ў парадку, гэта Захад чапляецца да «братняй краіны»?
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG