Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбіраць у менскіх пад’ездах будуць у два разы радзей


І заробак у дворнікаў зьменшыцца.

Як паведамілі агенцтву «Менск-Навіны» ў гарадзкім аб’яднаньні камунальнай гаспадаркі, у адпаведнасьці з пастановай Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі мяняецца пэрыядычнасьць прыбіраньня пад’ездаў, лесьвічных пляцовак, сьнегу на прыдамавых тэрыторыях.

Калі раней пад’езды мылі адзін раз на тыдзень, то цяпер будуць раз на два тыдні. Падмяталі пад’езды і лесьвічныя пляцоўкі кожны дзень, цяпер — празь дзень. У адпаведнасьці з пастановай прыбіраць тэрыторыю двара ад сьнегу будуць раз на дзень, мыць вокны ў пад’езьдзе — раз на год, вясной.

«Такой колькасьці будзе дастаткова, каб падтрымліваць парадак, — лічыць генэральны дырэктар МГЖГ Уладзімер Хадарцэвіч. — Акрамя таго, зьнізіцца нагрузка: большасьць дворнікаў выконваюць 1,5 нормы, гэтая лічба зьменшыцца да 1,2. Вядома, крыху зьнізіцца і заробак: сёньня дворнікі атрымліваюць у сярэднім 3,3 млн рублёў. Зрэшты, тыя, хто захоча, змогуць па-ранейшаму браць дадатковыя аб’ёмы. Галоўнае, каб людзі разумелі, што грошы трэба зарабіць».
XS
SM
MD
LG