Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэтро абяцаюць вярнуць беларускую мову

абноўлена

Апошнім часам у сталічным мэтро ўсё часьцей зьяўляюцца абвесткі і рэкляма на расейскай мове. Прычым назвы станцыяў гучаць па-беларуску, а вось правілы карыстаньня мэтрапалітэнам, абвесткі пра эканомію электраэнэргіі — па-расейску. З чым гэта зьвязана і навошта такая моўная эклектыка ў мэтро?

Дырэктар Менскага мэтрапалітэну Расьціслаў Юрэня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паабяцаў, што абвестак на расейскай мове ў мэтро ня будзе літаральна з заўтрашняга дня.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, чаму ў мэтро зьявіліся абвесткі па- расейску, Расьціслаў Юрэня адказаў па-беларуску:

Расьціслаў Юрэня
Расьціслаў Юрэня
«Мы ў гэтым напрамку працуем. Прымаецца ваша заўвага. Не даглядзеў! Сёньня гэтага ўжо ня будзе. Заўтра паслухайце — ня будзе».

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які сам прыклаў шмат намаганьняў, каб назвы вуліц, абвесткі аб прыпынках у грамадзкім транспарце былі па-беларуску, кажа:

«Я думаю, што ня заўтра, трэба хаця б тыдзень, каб перапісаць. Да заўтра яны не пасьпеюць. Але калі на пачатку верасьня пачуем абвесткі па-беларуску, я яму падзяку напішу».

Працягваецца праца і па афармленьні ўсіх станцыяў мэтро з выкарыстаньнем беларускай лацініцы, апавёў начальнік Менскага мэтрапалітэну Расьціслаў Юрэня. Але падкрэсьліў, што гэта тычыцца толькі геаграфічных назваў — мясцовасьцяў, вуліц:

«Транскрыпцыя павінна ажыцьцяўляцца зь беларускай мовы з выкарыстаньнем лацінскага альфабэту. На сёньняшні дзень мы перарабілі Нямігу, на чарзе Купалаўская і Кастрычніцкая. Да Чэмпіянату сьвету па хакеі мы ўсё пераробім з улікам патрабаваньняў беларускай лацініцы. Але гэта тычыцца толькі геаграфічных назваў. Калі гэта, да прыкладу, тэатар — гэта не геаграфічная кропка, гэта будзе выканана з ужываньнем ангельскай мовы».
Да Чэмпіянату сьвету па хакеі мы ўсё пераробім з улікам патрабаваньняў беларускай лацініцы

Старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што ў многім сытуацыя зь беларусізацыяй мяняецца да лепшага менавіта дзякуючы зваротам і абурэньню саміх неабыякавых грамадзянаў.

«Сачыць трэба за гэтым і ўвесь час чыноўнікам нагадваць. А калі ня сочыш, тады яны што хочуць, тое і робяць. У цэлым, вядома, сытуацыя паціху мяняецца да лепшага. Я вось нядаўна праехаў празь Пінск, там ужо пачалі вешаць беларускамоўныя назвы вуліц пад расейскамоўнымі. Зьявіліся і бізнэс-абвесткі па-беларуску. І асабліва мяне ўразіла: „Друкуем візытоўкі і лістоўкі“. Якія лістоўкі, рэвалюцыйныя? (Сьмяецца.) У Кунцаўшчыне адна траціна новых прыватных крамаў называецца па-беларуску: і „Сэканд-хэнды“, і „Птушынае мяса“, і чаго толькі няма. Прычым гэта самі людзі робяць, ім жа ніхто не загадвае».

У канцы 2011 году ў мэтро на расейскую мову перавялі аб’яву, якая заклікала пасажыраў да ветлівасьці. Аднак пасьля зваротаў грамадзян ролік перапісалі на беларускую мову. Паўгода таму быў спынены пераход Беларускай чыгункі на расейскую мову, замена беларускіх шыльдаў з назвамі станцыяў на расейскія — таксама дзякуючы зваротам грамадзянаў да кіраўніцтва чыгункі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG