Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Прадпрымальнікі хочуць самі збудаваць сабе гандлёвы цэнтар


Многія прадпрымальнікі гомельскага гандлёвага цэнтру «Сакрэт» 27 жніўня пакінулі працу й сабраліся на тэрміновы сход.

Вырашалі, якім чынам стрымаць апэтыт уласьніка цэнтру — менскае таварыства з дадатковай адказнасьцю «НП-Сэрвіс», каб яно чарговы раз не падымала стаўкі арэнднай платы і без таго падвышаныя на 25 адсоткаў сёлетняй вясной.

Зараз «НП-Сэрвіс» у аднабаковым парадку разрывае з прадпрымальнікамі дадатковыя дамовы, якія падпісала пры пасярэдніцтве старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка, абавязаўшыся не пераглядаць іх да 1 сакавіка 2014 году.

Праз новыя патрабаваньні кошту гандлёвых месцаў прадпрымальнікі вымушаны згортваць свой бізнэс і выпраўляцца на вуліцу. Гэта толькі падаграе страйкавы настрой ў асяродку дробных бізнэсоўцаў.

У падобнай сытуацыі апынуліся й прадпрымальнікі рынкаў «Цэнтральны», «Яфрэмаўскі».

Прадстаўнік ТДА «НП-Сэвіс», які назваўся Сяргеем Івановым, перашкаджаў правядзеньню сходу ў холе гандлёвага цэнтру — выпраўляў прадпрымальнікаў на ганак і забараняў апэратарам рабіць відэаздымкі.

Каб пазбавіцца залежнасьці ад цяперашняга непрадказальнага ўласніка «Сакрэту», гомельскія прадпрымальнікі стварылі сваё таварыства з дадатковай адказнасцю — «Бум-сіці». Яны падалі нават заяву ў аблвыканкам на заключэньне інвэстыцыйнай дамовы, але адказу пакуль не атрымалі.

Прадпрымальнікі дамагаюцца, каб гарвыканкам выдзеліў ім ля скрыжаваньня вуліц Курчатава — Перамогі зямельны ўчастак для будаўніцтва ўласнага гандлёвага цэнтрк на 20 тысяч квадратных мэтраў — на месцы цяперашняга рынку «Прывакзальны», што, безумоўна, істотна панізіла б градус напружанасьці ў дачыненьнях цяперашніх уласьнікаў гандлёвых цэнтраў і арандатараў. Папярэдні менскі прэтэндэнт на гэтае месца — ТДА «Новы стандарт» — за мінулыя тры гады нічога так і не пабудаваў на месцы цяперашняга прымітыўнага рынку.
XS
SM
MD
LG