Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надрукавалі Баркулабаўскі летапіс


Быхаўскі замак. Баркулабава, дзе ствараўся летапіс — за 10 кілямэтраў ад Быхава

Быхаўскі замак. Баркулабава, дзе ствараўся летапіс — за 10 кілямэтраў ад Быхава

Да дваццатага Дня беларускага пісьменства і друку выйшла ўнікальнае выданьне Баркулабаўскага летапісу.

Адной з асноўных падзей XX Дня беларускага пісьменства і друку, які пройдзе 1 верасьня ў Быхаве, стане прэзэнтацыя ўнікальнага выданьня Баркулабаўскага летапісу, а таксама ўстаноўка манумэнтальна-скульптурнай кампазыцыі ў гонар помніка беларускага пісьменства XVII стагоддзя. Пра гэта паведаміла першы намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч:

«Сёлета мы зрабілі ў кнігавыдавецтве вялікую і сур’ёзную справу, якой могуць ганарыцца ўсе беларусы. Унікальнасьць гэтай кнігі ў тым, што яна выйшла ў двух тамах. Першы том — факсымільнае выданьне летапісу, другі — працы нашых вучоных, якія грунтоўна вывучылі тэкст летапісу і апавядаюць пра тое, як жылі нашы продкі, пра што яны марылі, як будавалі нашу з вамі будучыню».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі». Наклад факсымільнага тома склаў 100 асобнікаў, другі том выйшаў накладам 1000 асобнікаў. Лілія Ананіч падкрэсьліла, што выдавецтва вядзе перамовы, каб першы том выпусьціць большым накладам, паведамляе БелаПАН.

Баркулабаўскі (Баркалабаўскі) летапіс зьяўляецца ўнікальным помнікам беларускай гісторыка-мэмуарнай літаратуры другой паловы ХVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Падзеі, зафіксаваныя ў гэтым летапісе, ахопліваюць пэрыяд 1545–1608 гадоў, а сам дакумэнт быў створаны ў вёсцы Баркалабава (Быхаўскі раён Магілёўскай вобласьці).
XS
SM
MD
LG