Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі распрацаваў дадатковыя захады дзеля барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней.

Як паведаміла прэсавая служба ўраду, праект пастановы ўхвалены 26 жніўня ў Менску на пасяджэньні Савету міністраў.

Сярод іншага ўрад пастанавіў стварыць Рэспубліканскі штаб па прыняцьці экстраных мер па ліквідацыі АЧС. Рашэньні штабу будуць абавязковымі для ўсіх органаў улады.

Забараняецца рэалізацыя камбікармоў без узгадненьня зь дзяржаўнай вэтэрынарнай службай, уводзіцца забарона на ўтрыманьне сьвіней на асабістых падворках грамадзян, якія пражываюць у населеных пунктах, у якіх зарэгістраваная АЧС, ня менш як на паўгода. Забаронена таксама трымаць сьвіней на асабістых падворках працаўнікам жывёлагадоўчых аб’ектаў.

У пастанове прадугледжваецца ўзмацненьне адказнасьці за невыкананьне вэтэрынарна-санітарных правіл па барацьбе з АЧС як асобнымі грамадзянамі, так і кіраўнікамі буйных комплексаў.

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч на пасяджэньні заявіў:

«Прапаную дакладна выбудаваць прыярытэты ў вырашэньні гэтай праблемы. Сёньня іх два, і першы палягае ў тым, каб спыніць бяду. Дзеля гэтага ня трэба шкадаваць ні сіл, ні сродкаў».

Другі прыярытэт, на думку Мясьніковіча, — выплата грамадзянам кампэнсацыяў за сьвіней, забраных з прычыны АЧС.

«Дзеля гэтага павінны быць дакладна вызначаныя крыніцы фінансаваньня, сумы і тэрміны выплат, каб у грамадзян не ўзьнікала пытаньняў», — сказаў прэм’ер-міністар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG