Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Арлен Кашкурэвіч


Арлен Кашкурэвіч
Арлен Кашкурэвіч

26 жніўня пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч. Дваццаць дзён ён не дажыў да свайго 84-га дня народзін.

Ён нарадзіўся ў Менску 15 верасьня 1929 году ў сям’і служачых. Скончыў мастацкую вучэльню і тэатральна-мастацкі інстытут. Дыплёмнай ягонай працай сталі ілюстрацыі да кнігі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, ісьляндца Халдура Лакснэса (Halldór Kiljan Laxness, 1902–1998).

Пасьля «ісьляндзкага сьледу» Арлен Кашкурэвіч пачаў ілюстраваць творы беларускіх пісьменьнікаў, эўрапейскіх клясыкаў, біблейскія тэксты. Цяпер ягонае імя ведае кожны беларус, які чытае кнігі, — кажа мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі
«Я, як і большасьць беларусаў, адкрыў яго для сябе празь ягоныя ілюстрацыі да прозы Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча. Пасьля быў абсалютна незабыўны том „Песьні пра зубра“ Міколы Гусоўскага ў ягоным афармленьні. Бадай, у васьмідзясятыя гады любая кніга ў ягонай аздобе, якая выходзіла ў Беларусі, успрымалася вялікай падзеяй. І калі мы гаворым пра Арлена Кашкурэвіча, які прынёс у мастацтва кнігі зусім іншы кшталт, непадобны да савецкага рэалізму, то перадусім мы мусім сказаць, што ён быў чалавекам вялікай эрудыцыі».

Ілюстрацыя да аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»
Ілюстрацыя да аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»


Гэтая якасьць зьвязвала мастака моцным сяброўствам з Васілём Быкавым, Уладзімерам Караткевічам, Рыгорам Барадуліным, Васілём Сёмухам, маладзейшымі літаратарамі. Прыгадвае Ўладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў
«З Арленам Міхайлавічам Кашкурэвічам я пазнаёміўся вельмі даўно. Гэта здарылася ў Нясьвіскім замку, дзе ён пачуў, як я размаўляў па-беларуску з сынам Раманам, і падышоў да нас з такой прыязнай усьмешкай на твары. З таго часу і доўжылася гэтае знаёмства, вельмі цёплае, якое мела шмат праяваў. Ня раз мне даводзілася бываць у ягонай майстэрні і дома. Арлен Міхайлавіч аформіў маю кніжку гістарычнай прозы „Рандэву на манэўрах“, а кніга паэзіі „ўсё па-ранейшаму толькі імёны зьмяніліся“ назаўсёды захавае мой графічны партрэт, зроблены Арленам Міхайлавічам».

Графічны партрэт Уладзімера Арлова
Графічны партрэт Уладзімера Арлова


Ілюстрацыя да кнігі Ўладзімера Арлова «Рандэву на манэўрах»
Ілюстрацыя да кнігі Ўладзімера Арлова «Рандэву на манэўрах»


Ілюстрацыя да кнігі Ўладзімера Арлова «Рандэву на манэўрах»
Ілюстрацыя да кнігі Ўладзімера Арлова «Рандэву на манэўрах»


Апроч твораў на старонках кніг, мастак пакінуў шматлікія аркушы і цэлыя сэрыі станковай графікі: «Горад і людзі», «Партызаны», «Купаліяна», «Блякада», «Прысьвячэньне В. Быкаву», «Спрадвечнае», «Напалм», «Асьветнікі», «Сьвятыя зямлі Беларускай»...

Творчасьць і асоба Арлена Кашкурэвіча зрабілі моцны ўплыў на мастакоў маладзейшага пакаленьня, — прызнаецца выкладчык Беларускай акадэміі мастацтва Ўладзімер Вішнеўскі.

Уладзімер Вішнеўскі
Уладзімер Вішнеўскі
«Безумоўна, ён вялікі ўплыў зрабіў на наша пакаленьне і на ўсю нашу беларускую графіку, якая дасягнула ў апошнія гады такіх заўважных посьпехаў. І, канечне, гэта страта велізарная».

Народны мастак Беларусі, прафэсар-візытатар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, ляўрэат дзясяткаў міжнародных і нацыянальных прэміяў, Арлен Кашкурэвіч да апошняга штодня падымаўся ў сваю майстэрню і меў за прынцып на пэрсанальных выставах экспанаваць толькі новыя творы, кожны зь якіх уражваў. Прыгадаць хоць бы нядаўнюю сэрыю «Concerto Grosso» («Вялікі канцэрт»). Сяргей Харэўскі працягвае:

«Настолькі яркая і самабытная засталася ягоная манера, што мне цяжка ўявіць сабе, каб нехта быў ягоным эпігонам ці нехта мог бы яму насьледаваць у мастацтве. Настолькі непаўторны і самабытны быў гэты такі кашкурэвіцкі экспрэсіянізм, які застанецца клясыкай нашага мастацтва і адным з найбольшых унёскаў нашай нацыянальнай культуры ў эўрапейскую цывілізацыйную скарбонку».

Арлен Кашкурэвіч. “Янка Купала ў Смаленску. 1918”.
Арлен Кашкурэвіч. “Янка Купала ў Смаленску. 1918”.


Разьвітаньне з Арленам Кашкурэвічам пройдзе 28 жніўня аб 11 гадзіне ў Палацы мастацтва.

У яго засталіся два сыны: Ігар — мастак-авангардыст, і Хведар — мастак і дудар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG