Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт генэральнага дырэктара «Ўралкалія», старшыні Назіральнага савету ЗАТ «Беларуская калійнай кампаніі» Ўладзіслава Баўмгертнэра камэнтуюць аглядальнікі агенцтва РИА-Новости Вадзім Дубноў і рускай службы Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў.

РС: Што азначае гэты арышт? Якія гэта можа мець наступствы?

Дубноў: Калі б размова ішла не пра Беларусь, то можна было б казаць пра карпаратыўную вайну. Але тут узровень значна вышэй. Мне здаецца, што гэта пачатак вельмі сур’ёзнага канфлікту, канфлікту, параўнальнага з 90-мі гадамі, з часамі Ельцына, з арыштамі, якія рабіліся прычынай сур’ёзных міждзяржаўных канфліктаў.

РС: Вы маеце на ўвазе справу Шарамета?

Дубноў: У тым ліку і яго. Зараз узровень канфліктнасьці паказаў рэальную прыроду адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Зь іншага боку, тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт, і ён зьвязаны са становішчам самога Керымава, галоўнага акцыянэра «Ўралкалія». Яго становішча ў Расеі даволі складанае, і па тым, як павядзе сябе Крэмль адносна Баўмгертнэра, можна будзе меркаваць пра разьвіцьцё сюжэту з Керымавым незалежна ад беларускага сюжэту.

РС: А вы выключаеце, што нехта ў Маскве ціха (а можа, і ня ціха) радуецца арышту Баўмгертнэра ў Менску? Можа, на гэта і быў разьлік?

Дубноў: Гэты момант можа прысутнічаць, Лукашэнка ня мог ня ўлічваць унутрырасейскую сытуацыю Керымава. Але выклік, які ён кінуў Крамлю, перакрывае ўнутраныя супярэчнасьці, зьвязаныя з Керымавым. Крэмль будзе вымушаны рэагаваць.

РС: А на ваш погляд, у чым прычына такой жорсткай рэакцыі афіцыйнага Менску? Нагадвае арышт Паўла Барадзіна ў амэрыканскім аэрапорце. Але тут нібыта саюзьнік, супольны будаўнік Эўразійскага саюзу...

Дубноў: У мяне ўражаньне, што Керымаў вырашыў згуляць гульню, якая нескаардынаваная з пазыцыяй Крамля, і гэтая гульня прывяла да жорсткага абвастрэньня стасункаў зь беларускімі партнэрамі. Ён гуляў на свой страх і рызыку, і гэта і атрымаў.

Сакалоў: Гісторыя фантастычная, бо Ўладзіслаў Баўмгертнэр прыехаў у Беларусь на запрашэньне прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, пасьля чаго яго і арыштавалі. Людзі, якія прыяжджаюць на запрашэньне другой асобы ў дзяржаве, не павінны трапляць у турму. Выглядае так, што яго заманілі, а потым узялі пад варту, каб разабрацца, што там да чаго. Гэта падобна на ўзяцьце закладніка і спробу такім чынам націснуць на Расею. Я мяркую, што спадар Лукашэнка, зрабіўшы гэты акт помсты, паставіў свае асабістыя інтарэсы вышэй за інтарэсы дзяржавы.

РС: А ў чым прычына такіх жорсткіх дзеяньняў?

Сакалоў: Прычына зразумелая — асноўны пастаўшчык валюты ў беларускі бюджэт страціў даволі вялікія грошы, Лукашэнка баіцца паўтарэньня крызісу 2011 году і вось такім барбарскім спосабам спрабуе дамагчыся, каб расейскія партнэры маглі паўплываць на рынак. Відаць, у яго такія ўяўленьні пра эканоміку — што можна займацца палітычным вымагальніцтвам у міждзяржаўных адносінах і дамагацца свайго. Расея часта ішла на саступкі Лукашэнку ў імя мітычных стратэгічных задач. Але я ня ўпэўнены, што яна зможа адступіць, бо гэта публічная поўха.

РС: Каму? Керымаву? Але ён — не Расея.

Сакалоў: Буйны бізнэс ставіць на Пуціна, як на гаранта свайго дабрабыту і годнага становішча. Таму я мяркую, што Расея будзе патрабаваць вызваленьня Баўмгертнэра. Тым больш, што тут замешаная такая ўплывовая асоба, як Сулейман Керымаў. Наўрад ці нехта спусьціць гэта Лукашэнку з рук. Керымаў мае шчыльныя сувязі з прэм’ер-міністрам Мядзьведзевым. Калі дамагчыся вызваленьня супрацоўніка Керымава не атрымаецца, гэта будзе азначыць, што ўплыў прэм’ера вельмі моцна ўпаў, і ён ня можа дамагчыся ад Пуціна адэкватных мер адносна Лукашэнкі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG