Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фукуяма думае пра Беларусь: Людзі стамляюцца жыць пры дыктатуры


Фрэнcіс Фукуяма

Фрэнcіс Фукуяма

«Беларусь ня мела моманту для сапраўднага прарыву да дэмакратыі, як Украіна і Расея... Вы пераскочылі адразу ад савецкай дыктатуры да дыктатуры іншага кшталту», — кажа Фрэнсіс Фукуяма, культавы палітоляг і філёзаф, аўтар вызначальнай акадэмічнай працы канца ХХ стагодзьдзя «Канец гісторыі і апошні чалавек». Аляксандра Дынько, удзельніца The Draper Hills Summer Fellows Program on Democracy and Development 2013, сустрэлася з Фрэнсысам Фукуямам у Стэнфардзе на пачатку жніўня.


Аляксандра Дынько: «Спадар Фукуяма, якія сацыяльна-палітычныя працэсы ўва Ўсходняй Эўропе і Расеі падаюцца вам найбольш значнымі і вырашальнымі для будучыні?»

Фрэнсіс Фукуяма: «На жаль, многія апошнія падзеі былі хутчэй нэгатыўнымі. З моманту абраньня Пуціна прэзыдэнтам Расея пасьлядоўна рухаецца ў адваротным ад дэмакратыі кірунку.

Большасьць трэндаў гэтага рэгіёну нядобрыя для дэмакратыі
Ва Ўкраіне асабліва адчайная сытуацыя. У 2003 у яе быў шанец стаць сапраўднай дэмакратыяй, але прэзыдэнт Януковіч дэманструе, што яму дагэтуль уласьцівыя аўтарытарныя інстынкты.

Таму, думаю, большасьць трэндаў гэтага рэгіёну нядобрыя для дэмакратыі».

Дынько: «Чаму вялікая колькасьць постсавецкіх краінаў сутыкнулася з пагрозай дыктатуры?»

Фукуяма: «Найперш, я не лічу, што Беларусь прайшла праз постсавецкі пераходны пэрыяд. Думаю, што Беларусь адразу перайшла ад савецкай мадэлі дыктатуры да дыктатуры іншага кшталту.

Што да агульнай сытуацыі, то самі спробы ўсталяваць дэмакратыю на гэтай тэрыторыі былі вельмі хаатычныя. Дэмакратычныя сілы не змаглі аб’яднацца і стварыць кааліцыю. Вось як гэта, напрыклад, атрымалася з Памаранчавай кааліцыяй ва Ўкраіне, якія была сутнасна разьяднаная і няшмат зрабіла ў сфэры кіраваньня краінай.

Але найглыбейшая праблема — гэта адсутнасьць грунтоўных інстытутаў. Яна паходзіць яшчэ з савецкіх часоў. Няма палітычных партыяў, грамадзянская супольнасьць альбо слабая, альбо яе амаль няма. І ўсё гэта ва ўмовах вельмі моцнай і рэпрэсіўнай дзяржавы, якая ня здольная пры гэтым абслугоўваць інтарэсы сваіх грамадзянаў, загрузла ў карупцыі і не падпарадкоўваецца законам. Працэс усталяваньня гэтых інстытутаў вельмі няпросты і патрабуе працяглага часу».

Дынько: «Вы казалі, што ЗША зрабілі некалькі памылак у гэтым рэгіёне. Якія менавіта?»

Фукуяма: «З палітычнага пункту гледжаньня памылка была якраз у веры ў тое, што калі людзі стаміліся ад дыктатуры, то гэтага дастаткова для таго, каб усталяваць дзейсную дэмакратыю. Я думаю, недастаткова зьвярталі ўвагу на неабходнасьць пабудовы эфэктыўных інстытутаў, якія б гэтую дэмакратыю падтрымлівалі.

І, напэўна, ЗША маглі б больш падтрымліваць пабудову дэмакратыі яшчэ на самым пачатку — у 90-я гады. Асабліва гэта тычыцца Расеі.

Што да міжнароднай палітыкі, то, думаю, вялікая колькасьць расейцаў перастала падтрымліваць амэрыканцаў з-за пашырэньня НАТО».

Дынько: «Вы кажаце пра тое, што Расея рухаецца ў адваротным кірунку ад дэмакратыі. Ці не ўмацоўвае прааўтарытарныя тэндэнцыі ў Расеі тое, што яна акружае сябе аўтарытарнымі краінамі і падтрымлівае іх? Ці само існаваньне такіх дзяржаваў вакол Расеі — не зарука магчымага ўзнаўленьня аўтарытарнай імпэрыі ў новых межах?»

Расея зусім не зацікаўленая ў тым, каб у суседніх краінах усталёўваліся здаровыя дэмакратыі

Фукуяма: «Безумоўна, Расея зусім не зацікаўленая ў тым, каб у суседніх краінах усталёўваліся здаровыя дэмакратыі. Бо гэта падавала б „кепскі сыгнал“ яе грамадзянам. Расеі больш даспадобы мець суседзямі аўтарытарныя дзяржавы. Таму мы назіраем усё больш яўнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі ў межах адзінай гандлёвай прасторы, энэргетычнай і транспартнай палітыкі».

Дынько: «Цяпер зьнешнепалітычная ўвага зьвернута пераважна якраз на Расею. Можа, эфэктыўней было б пасьлядоўна і ўважліва падтрымліваць дэмакратычныя зьмены ў суседніх краінах?»

Фукуяма: «Гэта ня так проста. Можна было б падумаць, што далучэньне да НАТО — гэта добры выхад для Грузіі ці Ўкраіны. Але практычна я ня думаю, каб гэта была мудрая ідэя. НАТО — ваенны альянс. Ягоныя сябры ўступаюць у вайсковыя дзеяньні на карысьць іншага зь сябраў, калі на таго нападаюць. Я думаю, што ідэя далучэньня да НАТО ня надта выканальная цяпер для гэтых краінаў.

А ЭЗ — гэта іншая гісторыя. ЭЗ — не ваенны зьвяз. Думаю, што ёсьць рэчы, якія б ЭЗ мог зрабіць, каб прастымуляваць рэформу інстытутаў ва ўсіх краінах, пра якія мы гаворым, асабліва ва Ўкраіне, каб падштурхнуць яе ў больш дэмакратычным кірунку. Але вагары ўплыву і ЭЗ, і ЗША ў гэтай частцы сьвету абмежаваныя».

Дынько: «Чаму ЭЗ наўпрост не прапануе той жа Ўкраіне ці Беларусі пэрспэктыву далучэньня да зьвязу?»

Фукуяма: «Прычыны гэтага відавочныя. Многія эўрапейцы думаюць, што ЭЗ пашыраецца занадта хутка. Шмат хто лічыць, што Баўгарыю і Румынію прынялі заўчасна. Пасьля іхнага прыняцьця ў ЭЗ гэтыя краіны моцна пачалі адставаць з пункту гледжаньня карупцыі, функцыянаваньня іхніх інстытутаў.

Вядома, калі пазіраць з гледзішча інтарэсаў міжнароднай палітыкі, ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб заахвочваць як найбольш людзей далучацца. Але каб захаваць здаровым само ўтварэньне, лепш мець маленькі ЭЗ. Бо тады лягчэй падтрымліваць высокія стандарты ўнутры яго. Таму ЭЗ мусіць знаходзіць балянс паміж двума гэтымі кірункамі».

Дынько: «У доўгатэрміновай пэрспэктыве вы бачыце шансы краінаў, якія знаходзяцца паміж Расеяй і ЭЗ, захаваць сваю незалежнасьць?»

Фукуяма: «Так. Я думаю, што найбольш важная рэч, якая тут адбываецца — гэта сацыяльныя перамены. Гэтыя краіны растуць як з пункту гледжаньня адукацыі, так і з пункту гледжаньня разьмеркаваньня выгодаў. Разам з гэтым і паступова мяняюцца ў людзей погляды. Гэта можна пабачыць па Расеі. Прынамсі, у вялікіх гарадах, такіх, як Масква і Санкт-Пецярбург, ёсьць вельмі шмат людзей, якім не падабаецца спадар Пуцін. Нават калі гэта ня ўся Расея, але ёсьць уплывовыя групы людзей, якія не ўспрымаюць ягоны спосаб кіраваньня, ня вераць, што ён быў абраны легітымна і гэтак далей. Я думаю, зь цягам часу такіх людзей будзе станавіцца ўсё болей.

Людзі стамляюцца жыць пры адным і тым жа дыктатару. На жаль, у Беларусі гэта яшчэ ня здарылася (сьмяецца), але ў пэўны момант гэта павінна адбыцца


Да таго ж чым даўжэй дыктатары трымаюцца пры ўладзе, тым горш ідуць іхныя справы — узяць хаця б кіраваньне эканомікай. Урэшце людзі стамляюцца жыць пры адным і тым жа дыктатару. На жаль, у Беларусі гэта яшчэ ня здарылася (сьмяецца), але ў пэўны момант гэта павінна адбыцца».

Дынько: «Калі зьвярнуцца да вашага разуменьня ролі сярэдняй клясы ў пераменах да дэмакратыі, ці сярэдняя кляса на гэтай прасторы моцна адрозьніваецца ад той, што ёсьць у Турцыі ці Бразыліі?»

Фукуяма: «Тут трэба адзначыць дзьве рэчы. Паводзіны сярэдняй клясы падобныя ў розных краінах сьвету. Я ня думаю, што яны фундамэнтальна адрозьніваюцца ў Беларусі, Расеі, Кітаі, Бразыліі ці Турцыі. Гэта лепш адукаваныя людзі, з большымі амбіцыямі, маёмасьцю, якіх больш турбуе палітыка, і яны больш адкрытыя для зьнешняга ўплыву.

Але гэтыя характарыстыкі вельмі ў значнай меры залежаць ад асабістага досьведу. У Расеі вялікая колькасьць такіх людзей прайшла ельцынскі этап 90-х — яны памятаюць часы эканамічнага хаосу, зьнешнепалітычнай слабасьці дзяржавы. І ўсе гэтыя кепскія ўспаміны асацыююцца з пэрыядам „дэмакратыі“. Таму некаторыя зь іх сталі падтрымліваць Пуціна.

Не бывае так, што, дасягнуўшы пэўнага ўзроўню адукацыі ці дабрабыту, людзі робяцца больш дэмакратычнымі
Думаю, што калі гэтыя ўспаміны разьвеюцца, людзі зразумеюць, што іхняя краіна стабільна разьвіваецца, мае адносна добрую эканоміку, то яны стануць зацікаўленыя ў большым палітычным удзеле, у большых свабодах, магчымасьцях асабістага выбару ў жыцьці. І яны ўжо ня будуць так лёгка мірыцца з аўтарытарным кіраваньнем.

Але гэта не адбываецца аўтаматычна. Не бывае так, што, дасягнуўшы пэўнага ўзроўню адукацыі ці дабрабыту, людзі робяцца больш дэмакратычнымі. Гэта нашмат больш складаны працэс».

Дынько: «Як на гэтыя перамены будзе ўплываць Кітай?»

Фукуяма: «Я думаю, што Кітай і ягоная мадэль кіраваньня ў бліжэйшыя дзесяць гадоў сутыкнуцца зь вялікімі праблемамі. Эканамічная мадэль ужо ня будзе такая эфэктыўная, як раней, і рост эканомікі стане больш павольным. Да таго ж у Кітаі сфармавалася вялізная сярэдняя кляса. Хоць яна ў даволі вялікай ступені падтрымлівае дзейную ўладу, я ня думаю, што гэтая падтрымка будзе працягвацца, калі эканоміка запаволіцца.

За бліжэйшыя 10 гадоў Кітай значна страціць сваю прывабнасьць як альтэрнатыва заходняй дэмакратыі, якой ён цяпер выступае».


За бліжэйшыя 10 гадоў Кітай значна страціць сваю прывабнасьць як альтэрнатыва заходняй дэмакратыі, якой ён цяпер выступае
Дынько: «Ці можна задаць вам асабістае пытаньне? Аналізуючы сытуацыю, вы згадваеце Пуціна і Януковіча, але ніколі ня згадваеце Лукашэнку. І гэта агульная тэндэнцыя, то бок вы далёка не адзіны дасьледчык, які ня ўлічвае Беларусь у сваіх разьліках. Чаму так?»

Я так і не зразумеў, што адбываецца ў Беларусі
Фукуяма: «Я думаю, прычына ў тым, што дэмакратыі ў Расеі і ва Ўкраіне ў пэўным сэнсе больш спадзеўныя. Калі Пуцін замяніў Ельцына, шмат хто спадзяваўся, што ён сапраўды навядзе парадак у краіне, але пры гэтым застанецца дэмакратам. Падобным чынам і ва Ўкраіне пасьля Памаранчавай рэвалюцыі людзі мелі вялікія спадзяваньні.

А ў Беларусі, на жаль, адзін і той жа чалавек кіруе краінай фактычна ад моманту падзеньня камунізму. Таму Беларусь заўжды выглядае як краіна, у якой не было моманту для сапраўднага прарыву, які мелі Расея і Ўкраіна.

У мяне былі студэнты зь Беларусі, я размаўляў зь людзьмі, спрабуючы зразумець, чаму гэтая краіна знаходзіцца на зусім іншым шляху, чым Расея і Ўкраіна. І я дагэтуль не зразумеў».

==============

Фрэнсіс Фукуяма (нар. 1952) — амэрыканскі палітоляг і філёзаф. Аўтар кніг «Канец гісторыі і апошні чалавек» (1992), «Вялікі разрыў» (1999), «Моцная дзяржава: кіраваньне і ўсясьветны парадак у 21-м стагодзьдзі» (2004), «Амэрыка на раздарожжы: дэмакратыя, улада і спадчына нэакансэрватызму» (2006). Цяпер Фрэнсіс Фукуяма займае пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтру па пытаньнях дэмакратыі, разьвіцьця і вяршэнства закону ў Стэнфардзе. Таксама ён вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Фрымэна Спольі пры Стэнфардзкім унівэрсытэце (ЗША).

Радыё Свабода выказвае ўдзячнасьць Цэнтру па пытаньнях дэмакратыі, разьвіцьця і вяршэнства закону (Стэнфард, ЗША) за дапамогу ў падрыхтоўцы інтэрвію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG