Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Белавус

Як «наркамаўка» перамагае «тарашкевіцу»


Павал Белавус

Павал Белавус

Сайт Радыё Свабода падказаў, што 80 гадоў назад 26 жніўня 1933-га зьявілася «наркамаўка», а дакладней — была прынятая пастанова СНК БССР «Аб зьмяненьні і спрашчэньні беларускага правапісу».

Што такое і чым адрозьніваюцца «наркамаўка» і «тарашкевіца», я ўцяміў у 11-й клясе. Дапамог мне зразумець адрозьненьні правапісаў часопіс «Студэнцкая думка», які я выпадкова ў 2003 годзе ўбачыў у лідзкім шапіку «Белсаюздруку» з акрываўленым на вокладцы партрэтам лідара гурта Ulis Славы Кораня. З таго моманту я чакаў і шукаў кожны наступны нумар часопіса, які быў для мяне вакном у іншы сьвет зь дзіўнаю і часам незразумелаю беларускаю моваю, што яшчэ больш захапляла. Дапамагла даведацца пра тарашкевіцу і чытаць на ёй газэта «Наша Ніва», якую таксама ў 2003–2004 гады заўсёды можна было знайсьці ў шапіках. Дапамагло пачуць тарашкевіцу Радыё Свабода, асабліва перадача Юрася Бушлякова «Жывая мова». У тыя ж 2003–2004 гады кожны дзень Свабода гучала з пазычанай мною ў суседа радыёлы. На ёй жа я слухаў вініл «Мроі» «Дваццаць восьмая зорка», які мой сябар Мацьвей прывёз ад свайго дзядзькі. Дзякуючы вось гэтым інфармацыйным рэсурсам я адкрыў для сябе тарашкевіцу.
Дапамагло пачуць тарашкевіцу Радыё Свабода, асабліва перадача Юрася Бушлякова «Жывая мова».

Не магу сказаць, што гэтае адкрыцьцё прымусіла і мяне самога перайсьці на тарашкевіцу. Пазьней, ужо ва ўнівэрсытэце, захапіўшыся журналістыкай, я пачаў пісаць артыкулы ў берасьцейскі моладзевы самвыдат «Дзедзіч». Пісаў у «Дзедзіч» шмат, але пытаньне правапісу там не паўставала, усе пісалі па-беларуску і наркамаўкаю. З тым, што трэба пісаць «тарашкевіцаю», я ўпершыню сутыкнуўся, калі пачаў дасылаць артыкулы ў рэдакцыю сайту studenty.by (пазьней generation.by), музычныя нататкі на сайт music.fromby.net ды нешта крэмзаць для nn.by. Тады кожная з гэтых рэдакцыяў мела ў пытаньні правапісу прынцыповую пазыцыю, і ўсе публікацыі, у тым ліку і мае, выходзілі тарашкевіцаю. Хоць дасылаў я іх наркамаўкаю, бо лічыў тады, што не валодаю ў дастатковай ступені гэтым правапісам.

У сярэдзіне 2000-х мяккі знак і клясычны правапіс, як кажуць цяпер, быў у трэндзе. Новыя прагрэсіўныя беларускамоўныя інтэрнэт-рэсурсы і СМІ карысталіся «тарашкевіцаю». У падмацаваньне гэтага выйшаў збор правілаў «Беларускі клясычны правапіс», аўтары якога Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Зьміцер Саўка працягнулі і ўдасканалілі працу Браніслава Тарашкевіча. Партыі, арганізацыі, моладзевыя аб’яднаньні выдавалі свае кнігі, улёткі, дыскі клясычным правапісам.

У сярэдзіне 2000-х сьвет пачалі захопліваць сацыяльныя сеткі. Адной зь першых моваў, на якую быў перакладзены расейскі рэсурс «Вконтакте», стала беларуская мова. Валянтэры-энтузіясты таксама выкарысталі правапіс Браніслава Тарашкевіча. Такая ж карціна назіралася і ў фэйсбуку.

Але ўсё пачало зьмяняцца!
У сярэдзіне 2000-х сьвет пачалі захопліваць сацыяльныя сеткі. Адной зь першых моваў, на якую быў перакладзены расейскі рэсурс «Вконтакте», стала беларуская мова.

У лістападзе 2005-га супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным канфіскуюць асобнікі часопіса «Студэнцкая думка» зь менскіх крамаў і інтэрнэт-кавярняў , дзе выданьне распаўсюджвалася бясплатна. У тым жа годзе скасавалі і рэгістрацыю часопіса. Крыху ачомаўшыся, вясною 2007-га рэдакцыя «Студэнцкай думкі» запусьціла новы праект — часопіс на дысках «34mag». Як і ранейшы часопіс, дыск пачаў выходзіць «тарашкевіцаю», але ў адметнай і пазнавальнай стылістыцы мовы ранейшай рэдакцыі.

Толькі напрыканцы 2009-га сайт і часопіс 34mag.net раптоўна і ціхенька перайшлі на «наркамаўку».

На пачатку сьнежня 2008-га газэта «Наша Ніва», са зьяўленьнем пасьля трохгадовага перапынку ў шапіках, цалкам пераходзіць на наркамаўку.

Восеньню 2012-га моладзевы рэсурс generation.by таксама паступова перайшоў на наркамаўку.

Тое ж самае адбывалася і з палітычнымі рухамі і партыямі. Ці можна было яшчэ колькі гадоў таму ўявіць, што «Малады фронт» ці Партыя БНФ будуць пісаць на сваіх сайтах «наркамаўкаю»? А цяпер — суцэльная мяшанка, Зьміцер Дашкевіч ужо бязь мяккага знаку, «Народны рэфэрэндум» стаў «рэферэндумам» , а на ўлётках Расея стала Расіяй.

У 2012-м годзе ў самай папулярнай у Беларусі сацыяльнай сетцы «Вконтакте» да «тарашкевіцы» далучылася «наркамаўка». Цяпер на гэтым сайце можна карыстацца двума правапісамі ды пазначаць у сваіх мовах асобна ці адначасова: Беларуская (тарашкевiца) і Беларуская. Дык вось і ў гэтых паказчыках перамагае «наркамаўка». Пункт «Беларуская (тарашкевiца)» дадало амаль 120 тысяч чалавек, а проста «Беларускую» — у два разы больш: 232 тысячы.
Большасьць і ўвогуле спыніліся недзе паміж двума правапісамі, паміж Менскам і Мінскам, паміж Расеяй і Расіяй, паміж жыцьцём і жыццём, паміж...

Мяне асабіста гэта не засмучае, бо сам жыву паміж «тарашкевіцай» на svaboda.org і наркамаўкай пры стварэньні сайту artsiadziba.by. Засмучае іншае: што сярод больш як чатырох мільёнаў пэрсанальных старонак, краінай якіх пазначана Беларусь, толькі 350 тысяч маюць у пункце «мова» ці то беларускую, ці то беларускую (тарашкевіцу). Прычым сярод гаспадароў гэтых 350 тысяч шмат хто, як і я, пазначыў два пункты. Інакш кажучы, менш за 10 адсоткаў беларусаў, якія прысутнічаюць у сацыяльных сетках, пазначылі, што валодаюць беларускай мовай.

Сярод тых інфармацыйных рэсурсаў, якія чытаю я, толькі «Тузін Гітоў» і Радыё Свабода па-ранейшаму прынцыпова і нязьменна выкарыстоўваюць клясычны правапіс. Іншыя перайшлі на «наркамаўку», а большасьць і ўвогуле спыніліся недзе паміж двума правапісамі, паміж Менскам і Мінскам, паміж Расеяй і Расіяй, паміж жыцьцём і жыццём, паміж...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG