Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суздальцаў: Баўмгертнэра ў Менску ўзялі ў закладнікі


Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў

«З тым жа посьпехам Менск мог бы арыштаваць кіраўніцтва „Джэнэрал Мотарз“, „Майкрасофта“, „Эппл“»

Намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў пракамэнтаваў «Свабодзе» наступствы арышту кіраўніка «Ўралкалія» ў Менску.

Прычыны дзеяньняў афіцыйнага Менску — складаная сытуацыя «Беларуськалія» пасьля таго, як ён страціў такога партнэра, як «Уралкалій». «Беларуськалій» цяпер працуе няпоўны тыдзень, у яго затаварка, балтыйскія тэрміналы па перагрузцы калію не працуюць. Доўг яго перад банкамі складае мільярд даляраў, стаіць пытаньне аб тым, што яму патрэбная падтрымка дзяржавы. Наступствы вельмі цяжкія. Па ўскосных прыкметах зразумела, што гэтым пытаньнем заняўся КДБ.

«Беларускае кіраўніцтва адрэагавала ў сваім духу — узяцьцем закладнікаў. Арышт Баўмгертнэра — гэта ўзяцьце закладніка, цяпер на яго вешаюць вельмі дзіўнае абвінавачаньне ў перавышэньні паўнамоцтваў. З тым жа посьпехам Менск мог бы арыштаваць кіраўніцтва „Джэнэрал Мотарз“, „Майкрасофта“, „Эппл“... Гэта фэнамэнальнае новаўвядзеньне ў беларускае палітычнае жыцьцё, якое ставіць поўны крыж на нейкіх інвэстыцыях у краіну».

Андрэй Суздальцаў мяркуе, што Менск хоча цяпер пагандляваць захопленым у закладнікі расейскім топ-мэнэджарам.

«Гэта лёгіка турэмшчыкаў, людзей, якія іншага ня ведаюць».

Суздальцаў прагназуе, што рэакцыя Масквы, хутчэй за ўсё, будзе вельмі жорсткая:

«Лукашэнка гэтага чакае. Потым ён распачне гістэрыку, што, маўляў, гэта ціск на сувэрэнітэт, што гэта наша права — хапаць людзей на сваёй тэрыторыі. Ён чакае дыялёгу, ён хоча, каб зь ім таргаваліся».
XS
SM
MD
LG