Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла і Пазьняк павіншавалі Ўладзімера Арлова


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Сярод тых, хто накіраваў свае віншаваньні Ўладзімеру Арлову з нагоды ягонага 60-годзьдзя — старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і кіраўнік апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянон Пазьняк.

Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла

«Віншую Вас з глыбіні сэрца з 60-гадовым юбілеем і жадаю, каб наступныя 60 гадоў былі напоўненыя шчасьцем, задавальненьнем і натхненьнем ў Вашых пачынаньнях, — піша Івонка Сурвіла. — Хачу таксама пажадаць Вам, каб наступны Ваш Юбілей мы сьвяткавалі з Вамі ў вольнай і заможнай Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам, дзе народ будзе адчуваць сябе годным гаспадаром свае спрадвечнае зямлі.

Адначасна дазвольце выказаць Вам ад імя Рады БНР глыбокую ўдзячнасьць за велізарны Ваш удзел у адраджэнскім руху Беларусі пасьля распаду Савецкага Саюзу. Ваша творчасьць трымала шмат каго з нас на духу праз многія гады нялёгкага змагарнага жыцьця.

Кніга „Краіна Беларусь“ захапіла і напоўніла пачуцьцём гонару кожнага беларуса, а яе ангельская вэрсія будзе заваёўваць нам ва ўсім сьвеце сяброў, якія нам цяпер патрэбныя як ніколі».

Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк

«Дарагі Ўладзя, шчыра рады павіншаваць Цябе з 60-годзьдзем, — піша Зянон Пазьняк. — Гэта вельмі станоўчы і прыгожы час ў жыцьці, калі чалавек зьбірае жніва вопыту, і якбы сама сабой да яго прыходзіць мудрасьць і адчыняецца сутнасьць рэчаў. Я шчасьлівы павіншаваць Цябе з 25 Жніўнем — вялікім гістарычным Днём здабыцьця дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Як добра, што Ты знайшоў свой шлях — літаратурны шлях гістарычнага асьветніцтва — і крочыш па ім хораша і ўпэўнена зь вялікай карысьцю і спрыяньнем для нашай дарагой Бацькаўшчыны.

Памятаю, 20 гадоў таму, у краіне сьветлай, на магіле Багдановіча, нас наведаў дух паэта. Гэта быў усяго толькі ласкавы каток, але мы з табой падумалі аднолькава, можа, нават не ўсьведамляючы, што гэта наша літаратура, гісторыя і культура — дух Багдановіча — навучылі нас думаць разам. Хай ніколі не пакідае Цябе гэты дух у часе цемры і сьветласьці нашай Айчыны, каб вярнулася наша воля».
XS
SM
MD
LG