Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
«Адкуль наш род» — першая кніга Арлова, якая трапіла на мой шкалярскі стол. Мне было 8, і бацькі прынесьлі яе зь нейкай імпрэзы. На другой старонцы было асабістае наказаньне ад дзядзькі Арлова «вучыць гісторыю продкаў». Кніга была мною прачытана прынамсі двойчы і дагэтуль стаіць у шафе пад шклом у бацькоўскім доме.
Зампаліт вайсковай часьці канфіскаваў кнігі Арлова як «антыдзяржаўныя» і «экстрэмісцкія» і хацеў упаяць нарад у якасьці пакараньня за захоўваньне «нелегальнай» літаратуры ў салдацкай тумбачцы.
Для бальшыні майго пакаленьня моладзі, якое ўмоўна назавем «ліцэйскім», гісторыя Беларусі пачыналася з кнігаў Уладзімера Арлова — «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род». Але найбольш пашанцавала пакаленьню маёй малодшай сястры, якое зьведвала гісторыю па глянцавых старонках фаліянтаў «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае».

Зрэшты, ня ўсе ў маім атачэньні аднолькава падзялялі захапленьне кнігамі Арлова. Празь яго мяне спрабавалі выключыць з журфаку БДУ (і ўрэшце выключылі), а пасьля зампаліт вайсковай часьці канфіскаваў кнігі Арлова як «антыдзяржаўныя» і «экстрэмісцкія» і хацеў упаяць нарад у якасьці пакараньня за захоўваньне «нелегальнай» літаратуры ў салдацкай тумбачцы.

6 лістапада 2007 году мы зь сябрамі па журфаку БДУ запрасілі Ўладзімера Арлова прэзэнтаваць на факультэце новую кнігу «Імёны Свабоды», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды». Здаецца, і дазвол ад дэканату атрымалі, па факультэце разьвесілі абвесткі. У шчыльна запоўненай журфакаўскай бібліятэцы разьвесілі літаграфіі Ляілі і Валянціна Варэцаў з сэрыі «Славутыя постаці Беларусі».
Мне аб’явілі вымову і сказалі, што Арлоў — непажаданы аўтар і што гэта апошняе нашае «беларускае» мерапрыемства на факультэце.

Уладзімер Арлоў казаў шмат рэчаў, якія на журфаку БДУ лепш было не казаць. Пра шкоду савецкіх мітаў, пра цану беларускай незалежнасьці, пра герояў, якія сьвядома выціскаліся з грамадзкай памяці спачатку бальшавікамі, а цяпер — прапагандыстамі. Студэнты задавалі сьмелыя пытаньні, а прадстаўніца дэканату коса пазірала на Арлова, потым на мяне. Напружанасьць расла. У такія моманты звычайна нехта ўрываецца ў памяшканьне і абвяшчае аб эвакуацыі ў сувязі з «прарывам каналізацыі» ці «пажарнай трывогі».

Пасьля інфармацыі пра сустрэчу, якая была апублікаваная на сайце «Свабоды», мяне выклікалі ў дэканат. Мне аб’явілі вымову і сказалі, што Арлоў — непажаданы аўтар і што гэта апошняе нашае «беларускае» мерапрыемства на факультэце.

Праз два месяцы мяне выключылі з журфаку БДУ.

Другі эпізод адбыўся праз паўтара году ў войску, куды мяне забралі пасьля выключэньня з унівэрсытэту. Мы з салдатамі талакой зьбіралі бібліятэчку. Уладзімер Арлоў перадаў нам у часьць камплект кніжак з эксклюзіўным аўтарскім аўтографам.

Выклікае мяне зампаліт. На сьцяне — дзяржаўны герб і мапа БССР. На стале — мая асабістая справа, Лукашэнка ў рамачцы і стосік кніжак. «Гэта, гэта і гэта я забіраю, — кажа. — Вы ж ведаеце, таварыш салдат, Арлоў — аўтар у нас забаронены. І будзе лепш, калі гэтыя кніжкі пабудуць у мяне. Вы гэта ўжо чыталі, а салдатам навошта?«.
Маё запэўніваньне, што Быкаў таксама капаў траншэі, як і мы, ды ў Чырвоную Армію пайшоў дабраахвотнікам — на ледзяное сэрца зампаліта не падзейнічала.

І сапраўды, навошта? «Разумны салдат — небясьпечны салдат» — казаў старшына.

Зампаліт канфіскаваў «Рыбін горад» Бабінай, кнігі Бахарэвіча, Хадановіча, Тараса «История имперских отношений: Беларусы и русские». І збор твораў Васіля Быкава. Маё запэўніваньне, што Быкаў таксама капаў траншэі, як і мы, ды ў Чырвоную Армію пайшоў дабраахвотнікам — на ледзяное сэрца зампаліта не падзейнічала.

Лішне казаць, што канфіскацыя кнігаў Арлова — «Час чумы», «Пяць мужчын у лесьнічоўцы» і «Прысуд выканаў невядомы» — нават не патрабавала аргумэнтацыі.

На ўсіх былі подпісы адпаведна назьве, і толькі на кнізе пра беларускага рэвалюцыянэра Ігната Грынявіцкага, які зьдзейсьніў замах на расейскага цара: «Вайскоўцам в/ч 48694 — з пажаданьнем усяго найлепшага, У. Арлоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG