Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася жывая трансьляцыя спэктаклю Свабоднага тэатру «Trash Cuisine»


Трансьляцыя з эдынбурскага Pleasance Theatre адбывалася на сайтах liftfestival.com, charter97.org і svaboda.org.

Пасьля спэктаклю да гледачоў у Беларусі і ўсім сьвеце па-беларуску і па-ангельску зьвярнулася дырэктар тэатру Натальля Каляда:

«Мы хочам зрабіць гэты спэктакль даступным для міжнароднай аўдыторыі, у прыватнасьці — для Беларусі, выступаючы ў падтрымку свабоды слова і супраць цэнзуры. Беларускі свабодны тэатр арганізуе першы паказ у жывым эфіры ў якасьці акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Гэта рэвалюцыйная падзея для Беларусі і яе жыхароў, якія адрэзаны ад інфармацыі і культурнага жыцьця за межамі краіны. Нашы гледачы ў Беларусі — самая сьмелы аўдыторыя ў сьвеце, і мы прысьвячаем ім гэты спэктакль. Спэктакль таксама прысьвечаны беларускім палітвязьням і іх родным».

Дырэктар тэатру скончыла свой выступ словамі «Жыве Беларусь!», якія разам зь ёй скандавала заля.

Адразу пасьля заканчэньня за кулісамі тэатру Італьянскі інстытут мастацтваў уручыў Свабоднаму тэатру свой прыз Impact (Узьдзеяньне).

Ад 19 да 26 жніўня Беларускі свабодны тэатар бярэ ўдзел у адной з галоўных тэатральных падзеяў у сьвеце — у Эдынбургскім тэатральным фэстывалі, дзе паказвае свой спэктакль Trash Cuisine («Трэш-кухня»).

Спэктакль, прысьвечаны тэме сьмяротнага пакараньня, быў высока ацэнены брытанскай крытыкай. Камплімэнтарныя рэцэнзіі выйшлі на старонках вядучых выданьняў: The Guardian, The Independent, The Telegraph, Whats on Stage, The Arts Desk, Broadway World.

На Эдынбургскім фэстывалі гэты спэктакль разглядаецца ў якасці аднаго з фаварытаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG