Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакажам, што тры гады зьняволеньня не былі дарэмнымі»


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Малады фронт заклікае ўзяць удзел у сустрэчы свайго лідэра Зьмітра Дашкевіча, які мусіць выйсьці на волю 28 жніўня.

На сайце Маладога фронту зьявілася інфармацыя пра падрыхтоўку да сустрэчы Зьмітра Дашкевіча. Старшыня Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч адбыў у зьняволеньня 2 гады і больш за 8 месяцаў і мусіць выйсьці на волю 28 жніўня. Аднадумцы актывіста заклікаюць сустракаць яго ля турмы, пачынаючы з першых начных гадзін 28 жніўня, паколькі «вызваліць Зьмітра могуць у які заўгодна час». Актывісты разьлічваюць сустрэчай свайго лідэра паказаць, што «тры гады зьняволеньня не былі дарэмнымі».

Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 18 сьнежня 2010 году, за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, і асуджаны на 2 гады калёніі нібыта за бойку з мінакамі, якую ў судзе назваў «правакацыяй спэцслужбаў». У 2012 годзе ў глыбоцкай калёніі на Зьмітра Дашкевіча завялі новую справу нібыта за непадпарадкаваньне, асудзілі яшчэ на год зьняволеньня і адправілі для адбыцьця пакараньня ў крытую гарадзенскую турму. Амаль год Зьміцер Дашкевіч сядзіць у адзіночнай камэры, час ад часу зь ім бачыцца адвакат. Падчас зьняволеньня Зьміцер Дашкевіч пабраўся шлюбам з актывісткай Маладога фронту Настай Палажанкай, якая ўзяла ягонае прозьвішча. Пасьля заключэньня шлюбу ў Зьмітра і Насты ў турме было толькі адно кароткае спатканьне.

Днямі «Свабодзе» стала вядома, што пасьля выхаду Зьмітра Дашкевіча на волю мусіць адбыцца ягонае вянчаньне з Настай Дашкевіч у царкве.
XS
SM
MD
LG