Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як змагаюцца з хворымі зубамі за кратамі?


Тэма праграмы — стаматалягічная дапамога за кратамі.

Праз два гады пасьля рэгулярных настойлівых лістоў у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і іншыя інстанцыі, а таксама зваротаў у СМІ маці палітвязьня Эдуарда Лобава — Марына нарэшце дамаглася, каб яе сыну, асуджанаму папраўчай калёніі «Воўчыя норы», заплямбавалі два зубы…

«Да зубнога лекара сын зьвяртаўся яшчэ два гады таму»


Марына Лобава перакананая: мэта дасягнутая толькі дзякуючы таму, што імя сына-палітвязьня больш-менш на слыху. Калі б на яго месцы быў звычайны зьняволены, то справа б зацягнулася, аж пакуль лячыць ужо не было б чаго:

«Калі паглядзець на людзей, які выйшлі з-за кратаў, хай некалькі зубоў, хай нават адзін зуб, але чалавек там яго страціў. Ёсьць і зусім бяззубыя. Калі прыяжджаеш на спатканьні, то бачыш гэта. Нават ад аднаго таго харчаваньня, у якім нестае кальцыю, розных іншых элемэнтаў, зубы псуюцца і выпадаюць. Як мне падаецца, там практычна ўвогуле ня лечацца зубы».

Марына кажа, што Эдуарду трэба было заплямбаваць зуб яшчэ ў красавіку 2011 году, калі ён толькі прыбыў у гэтую папраўчую ўстанову:

Марына Лобава
Марына Лобава
«Спачатку ён патраціў шмат часу, чакаючы чаргі да зубнога лекара. Зьняволеных шмат, а стаматоляг адзін і працуе там раз на тыдзень. Калі Эдзік нарэшце трапіў да лекара, яму сказалі, што матэрыялаў для плямбаваньня няма і ў гэтым уся праблема… Ня толькі для сына, але і для іншых я ў якасьці дару для калёніі набыла добрага імпартнага матэрыялу на 100 плёмбаў. Сваякі асуджаных дораць установам кнігі для бібліятэк, будаўнічыя матэрыялы для рамонту ды іншае. Спачатку гэта пагадзіліся прыняць, але потым раптам адмовіліся…Сказалі, што ў іх хапае імпартных плёмбаў. Вось нядаўна сыну паставілі дзьве плёмбы. Колькі яны будуць стаяць — невядома. Чаму адмовіліся ад прапанаванага ў дар якаснага матэрыялу — незразумела».


Чаму стаматолягі ня хочуць працаваць у вязьніцах?


Паводле супрацоўніцы праваабарончай «Плятформы», у мінулым мэдсястры рэспубліканскага турэмнага шпіталя Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, звычайна ад падобных «дароў» у турмах не адмаўляюцца. Іншая справа — плямбуюць зубы рэдка. Але да праваабаронцаў час ад часу даходзяць зьвесткі, што ў выпадку надзвычайнай настойлівасьці сядзельцаў ды іхніх сваякоў лекары раяць блізкім хворага, які матэрыял лепш набыць.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Красоўская-Касьпяровіч: «Якасны плямбавальны матэрыял — гэта, як правіла, шпрыц на 50–100 плёмбаў. Гэта значыць, што адзін вязень, якому родныя набылі такі шпрыц, забясьпечвае плёмбамі яшчэ не адзін дзясятак чалавек. Усё афармляецца як дар калёніі. Ніхто не адсочвае, куды трапляюць рэшткі матэрыялу. Як сьведчаць сваякі, якія зьвяртаюцца ў „Плятформу“, стаматолягі ставяць тыя плёмбы сваім супрацоўнікам. Асуджаным найчасьцей прапануюць выдаляць хворыя зубы».

«Увогуле, калі мэдычная дапамога ў беларускіх пэнітэнцыярных установах — вялікая праблема, то стаматалягічная дапамога — гэта такая ж праблема, але ўжо ў квадраце, — адзначае мая суразмоўніца. — Да 2011 году, калі турэмная „бальнічка“ знаходзілася пры 1-й менскай папраўчай калёніі на Кальварыйскай, там быў стаматалягічны кабінэт, дзе сапраўды някепска і якасна лячылі зубы. І тамсама, ужо за плату, людзям, якія заставаліся без зубоў, рабілі пратэзаваньне. Усе добра разумелі, што адсутнасьць зубоў у яшчэ не старых мужчынаў — гэта ня толькі эстэтычная праблема. Калі ротавая поласьць не сануецца гадамі, то гэта вядзе да запаленчых працэсаў у страўніку, іншых хваробаў… Цяпер жа пасьля пераезду „бальнічкі“ ў розныя ўстановы, я думаю, стаматалягічная дапамога з-за адсутнасьці ўмоваў ды зацікаўленасьці чыноўнікаў на ранейшым узроўні не аказваецца, яе ўвогуле нельга назваць дапамогай».

Часткова сытуацыю можна патлумачыць тым, што адмыслоўцы-стаматолягі ідуць працаваць у турмы надзвычай неахвотна. «Зьвязана гэта як зь нізкімі заробкамі, так і з характарам кліентуры. У лепшым выпадку зубныя лекары ў калёніях працуюць раз ці два на тыдзень і адзінае, чаго ад іх можна чакаць, — гэта выдаленьне зуба», — кажа праваабаронца.


Экспэрымэнт «Матроскай цішыні»


Турэмная стаматалёгія — праблема ўсяе постсавецкай прасторы. Але ў шэрагу суседніх рэспублік былога СССР яе ўсё ж спрабуюць неяк вырашыць. Так, пры расейскім СІЗА № 1 — «Матроская цішыня» — зь нядаўняга часу адкрылі філіял катэдры стаматалёгіі аднаго з маскоўскіх мэдычных унівэрсытэтаў. У штатных зубных лекараў зьявіліся памочнікі — студэнты-практыканты, лекары-стажоры. Тэрапэўтычная стаматалягічная дапамога зрабілася нашмат хутчэйшаю, але па-ранейшаму нічога вязьням не каштуе. За асобную плату арыштантам робяць пратэзаваньне, у тым ліку і мэталакераміку.

Як мяркуе Алёна Красоўская-Касьпяровіч, пры жаданьні на такі крок магла б пайсьці і беларуская пэнітэнцыярная сыстэма. Акрамя плюсаў гэта б нічога не прынесла. Беларускія студэнты маглі б практыкавацца на самых запушчаных выпадках. Зьняволеныя прынялі б такую дапамогу з удзячнасьцю, бо студэнты, асабліва стаматолягі, вельмі старанныя. Што да пратэзаваньня, то, мяркуючы па зваротах у «Плятформу», нямала зьняволеных, якія пакутуюць без зубоў, гатовыя плаціць за пратэзаваньне.

Красоўская-Касьпяровіч: «Асуджаныя накіроўваюць просьбы аб аказаньні такой дапамогі, але…Той жа прыклад палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, з адвакатам якога я кантактую. Палітвязьню было адмоўлена ў просьбе адносна пратэзаваньня на той падставе, што ў турме няма такой магчымасьці. Хоць неабходнасьць у якасным пратэзаваньні ў Аўтуховіча вельмі і вельмі сур’ёзная. У яго вялікія праблемы са страўнікава-кішачным трактам. Калі б магчымасьці для аказаньня такой стаматалягічнай дапамогі былі б створаныя, па яе зьвярталіся б вельмі многія вязьні».

Якую стаматалягічную дапамогу трэба аказваць беларускім зьняволеным? Чаму ў беларускіх турмах вязьні губляюць зубы? Такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Магілёва.

Наўпроставы лінк

Як відаць з апытаньня, думкі ўдзельнікаў падзяліліся. Некаторыя лічаць, што ЗК, як і астатнім грамадзянам, трэба аказваць дапамогу бясплатную ды якасную. Іншыя, аднак, упэўненыя, што калі і лячыць забойцаў, гвалтаўнікоў і г.д., дык толькі на платнай аснове. Што да прычын кепскай якасьці зубоў у асуджаных, то большасьць зьвязвае гэта з дрэнным харчаваньнем, некаторыя — са стрэсам, ужываньнем чыфіру, а таксама частымі бойкамі паміж сядзельцамі.

А вось «зубныя» гісторыі, якія распавялі «Свабодзе ў турмах» былыя беларускія сядзельцы.


«Мужыкоў старэйшых за 40 з зубамі там практычна няма»


Колішні палітвязень Сяргей Парсюкевіч канстатуе, што, прабыўшы за беларускімі кратамі нават зусім невялікі тэрмін, страціць зубы, як і ўсё здароўе, — элемэнтарна.

Сяргей Парсюкевіч
Сяргей Парсюкевіч
«Мужыкоў старэйшых за 40 з зубамі там практычна няма. Зубы сыплюцца практычна ўва ўсіх. У той ежы, якую даюць, — ані вітамінаў, ані мінэралаў. Лячыць іх ніхто асабліва не прапаноўвае. Усё лекаваньне — нейкая „ўнівэрсальная“ таблетка, якая і ад галавы, і ад жывата, і ад краснухі, і ад нагі, і ад зубоў, і ад усяго астатняга»…

Былому асуджанаму Віталю няма і 35. Калі размаўляе, стараецца не ўсьміхацца. Тыя нямногія зубы, якія засталіся, здаровымі не назавеш. Колькі будзе каштаваць прывядзеньне рота ў парадак, нават сабе і не ўяўляе.

Паводле словаў Віталя, зубы ў турме згубіў, хоць і чысьціў іх рэгулярна. Да гэтага яго прывучылі з малых гадоў у бацькоўскай сям’і. Пра многіх іншых зэкаў такога сказаць ня можа. Невыносны пах з рота характэрны для многіх сядзельцаў. Аднак для захаваньне здаровых зубоў адной уласнай гігіены мала, патрэбны яшчэ і прафіляктычны дагляд лекара, найменей раз у год. Істотную ролю адыгрывае харчаваньне з неабходнымі вітамінамі ды мікраэлемэнтамі… Турму, зь яе ежай ды недобрасумленнымі стаматолягамі, Віталь лічыць сапраўднымі «забойцамі» зубоў:
Незалежна ад таго, што даюць — супы, кашы, макарона, — на выгляд ды смак усё жэлепадобнае

«Вітамінаў у турэмнай ежы не хапае катастрафічна. Здаецца, гатуецца ўсё на параварцы, а таму ежа не павінна пераварвацца, а ўсё важнае ў ёй павінна захоўвацца. Але ж у выніку, незалежна ад таго, што даюць — супы, кашы, макарона, — на выгляд ды смак усё такое жэлепадобнае… Такое харчаваньне паўсюль, дзе мне даводзілася сядзець — у Магілёве, Менску, Віцебску. Сьвежай гародніны ды садавіны ўвогуле не даюць. Што да часнаку ды цыбулі, то ня памятаю, каб гэта давалася ў турмах. У ПК, аднак, падчас сэзоннага збору ўраджаю цыбулі ды часнаку такое рэдка, праўда, але бывае.

Што да стаматалёгіі, то калі б яна была платнай, то і яе паслугі былі б больш якаснымі…Я б да платнага стаматоляга пайшоў, калі б гэта былі расцэнкі нашых дзяржаўных паліклінік. Хаця для многіх зэкаў і гэтыя расцэнкі недаступныя»


«Зубы выдаляюць самастойна кулаком, лыжкай, пасатыжамі»


Міхаіл Савасьцюк адбываў пакараньне ў івацэвіцкай ПК-5. Займаў там пасаду старшыні савету атраду, а гэта значыць — у параўнаньні зь іншымі ЗК меў шэраг прывілеяў. Напрыклад, мог свабодна рухацца па зоне. У абавязкі Міхаіла ўваходзіла і суправаджэньне вязьняў у мэдчастку. Міхаіл сьцьвярджае, што аднаго хворага да стаматоляга весьці забаранялася:

«Трапіць да лекара-стаматоляга, нават у выпадку экстранай дапамогі, асуджаны мог толькі тады, калі, акрамя яго, зубы балелі яшчэ ў некалькіх чалавек у атрадзе. Аднаго хворага да лекара не пускалі.
Калі ЗК дазваляў сабе зь ёй не пагаджацца і прасіў паспрабаваць захаваць зуб, яна выклікала нарад, і чалавек у выніку трапляў у ШЫЗА

Стаматоляг у нашай калёніі была, але ўсё, што яна магла прапанаваць, дык гэта вырваць зуб… Калі чалавек курчыўся ад болю, яна ў рэзкай форме казала яму: „А што я магу тут вам зрабіць?!“ Такі адказ лекаркі… Калі ЗК дазваляў сабе зь ёй не пагаджацца і прасіў паспрабаваць захаваць зуб, яна выклікала нарад, і чалавек у выніку трапляў у ШЫЗА… Але зубны боль ад гэтага не сьціхаў. Даводзілася неяк самастойна пазбаўляцца ад хворага зуба».

«Мэтадаў» такога самастойнага выдаленьня зубоў нямала. Адзін з былых сядзельцаў калёніі, што на поўдні краіны, Ігар узгадвае як з-за адсутнасьці лекара яму выдаляў хворы зуб санітар, які працаваў у санчастцы:

«Працэдура рабілася з двума перакурамі. „Хірург“ быў увесь у поце, а я — у крыві. Думаў, што не дажыву да канца апэрацыі, нават бачыў арханёлаў. Больш у свой рот нікога не дапускаў. Зубны боль навучыўся цярпець… За час адседкі зубы пачалі мякчэць ды вывальвацца».

А вось сьведчаньні яшчэ аднаго ўдзельніка праграмы Ўладзімера. Ён адсядзеў тры гады ў калёніі на поўначы Беларусі.

«На просьбу хворага нехта зь іншых зэкаў з усёй сілай стукаў па запалёным зубе кулаком, каб той выскачыў, альбо цягнуў пасатыжамі, якія выносілі з „промкі“. Некаторыя выбівалі зубы лыжкай. Хворы пагаджаўся на любыя ўмовы, каб пазбавіцца ад невыноснага болю. Бо чакаць лекара немагчыма. Прыедзе ён ці не прыедзе — невядома. Да таго ж да яго заўсёды чэргі… Зубны боль — гэта самае страшэннае з таго, што перажываеш у няволі».


«Здымаў зубны боль з дапамогай усходняй мэдыцыны»


Былы палітзьняволены Аляксандар Круты — бацька пацярпелай ад тэракту ў менскім мэтро Інэсы Крутой. На працэсе па справе Канавалава-Кавалёва ён выказваў нязгоду з афіцыйнай вэрсіяй сьледзтва. Скончылася тым, што яго прызналі непрытомным і зьмясьцілі ў Навінкі.

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты
«Нягледзячы на тое, што я знаходзіўся нібыта ў мэдычнай установе, стаматалягічнай дапамогі там мне ніхто не аказваў», — узгадвае Аляксандар Круты.

«Пасьля ўтрыманьня ў „Навінках“ ды ў СІЗА на „Валадарцы“ ў мяне засталося 7 зубоў. У „Навінках“ я рэгулярна хадзіў да стаматоляга і ўвесь час прасіў: „Ну хоць вырвіце мне зуб“. У адказ чуў: „Вось калі выйдзеце на волю, там і лячыце. Самі мы ня маем ліцэнзіі на выдаленьне зубоў, а зь іншымі клінікамі мы дагавору ня маем“. У тым 2012 годзе, паводле іхніх словаў, „Белмэдтэхніка“ не паставіла ім аніякіх расходных матэрыялаў. Вось так на нагах „пераносіў“ пульпіты, запаленьні… Раней, у 2011-м, калі мяне толькі пасадзілі на экспэртызу ў спэцыяльнае 30-е аддзяленьне, у мяне здарыўся флюс, і мяне завезьлі ў „вольную“ паліклініку пры Беларускай чыгунцы. Завезьлі ў кайданках, гэтаксама ў кайданках вырывалі зуб, ставілі дрэнаж, і потым у Навінках яго зьнялі. Усё лячэньне. Больш за год без аказаньня стаматалягічнай дапамогі. У мэдычнай установе. Абсурд».

Паводле Аляксандра Крутога, уратавала яго тое, што ён на працягу дзесяцігодзьдзяў цікавіўся нетрадыцыйнай усходняй мэдыцынай — тыбэцкай, кітайскай, арабскай… Ужо на «Валадарцы», куды яго даставілі пасьля экспэртызы ў «Навінках», ён у самых розных камэрах, у тым ліку і для пажыцьцёвых, сам лячыў людзей, і ад зубнога болю таксама. Галоўнае было найперш зьняць болевую сымптаматыку. Бо і самі зубныя нэрвы падаюць сыгналы ў розныя ўчасткі галаўнога мозгу, і суседнія зь імі нэрвовыя клеткі таксама адгукаюцца на боль і, у сваю чаргу, перадаюць сыгналы ў іншыя органы.


«Вязень павінен задумацца пра карэкцыю свайго ладу жыцьця»


Тое, што хворыя зубы — паказчык стану іншых сыстэмаў арганізму, у тым ліку касьцявой ды злучальных тканак, сьцьвярджае і былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. У сваёй кнізе «Турма і здароўе» ён піша, што хворыя зубы — «толькі вяршыня айсбэргу. Яны сьведчаць пра парушэньне мінэральнага абмену ў касьцёва-цяглічна-сустаўнай сыстэме, якое абумоўленае, перш за ўсё, дысбалянсам у харчаваньні — гэта адсутнасьць у рацыёне належнай колькасьці мінэралаў, вітамінаў і іншых жыцьцёва важных біялягічных агентаў. У выніку ўсё гэта можа прывесьці да сур’ёзных парушэньняў усёй касьцёва-цяглічнай сыстэмы. У гэтай сувязі, каб зусім не разваліцца, вязень павінен задумацца пра карэкцыю свайго турэмнага ладу жыцьця, у тым ліку і харчаваньня».

Супрацоўнік «Плятформы», былы асуджаны Наваполацкай калёніі, дзе сёньня ўтрымліваецца Ігар Аліневіч, Міхаіл Жамчужны да арышту працаваў выкладчыкам. За краты трапіў, калі яму было крыху за 50. Адседзеў ад званка да званка пяць гадоў. Дзеля прафіляктыкі такога сыстэмнага абменнага захворваньня шкілету, як остэапароз, калі косьці робяцца крохкімі і могуць здарацца шматлікія пераломы, прыйшоў да ўласнага рацыёну харчаваньня, магчымага нават у сьціплых умовах вязьніцы. Ягоныя парады карысныя і для тых, хто мае праблемы з зубамі. Увогуле, кажа былы асуджаны, зубы большасьці ЗК псуюцца ад частага ўжываньня моцнай гарбаты або чыфіру:
Калі нам у сталоўцы давалі па яйку, я еў яго разам з шкарлупінай

«Для чыфу характэрныя шчолачныя рэакцыі, і ў гэтай шчолачы раствараецца кальцый, які ўтрымліваецца ў арганізьме. Я ведаў, што таблетаваны кальцый ня надта засвойваецца арганізмам і не кампэнсуе недахоп гэтага мікраэлемэнту. Таксама я ведаў, што кальцый, які ўтрымліваецца ў шкарлупіне курных яек, які выпрацоўваецца курамі ды праходзіць празь іхні арганізм, — гэта біялягічны кальцый. Менавіта ён найлепш засвойваецца чалавекам. Іншых крыніц атрыманьня кальцыю я не знаходзіў. Таму кожны раз — гэта было два разы на тыдзень — калі нам у сталоўцы давалі па яйку, я еў яго разам з шкарлупінай. Таксама вельмі карысна ўжываць напой з ігліцы. Я зьбіраў іголкі зь елак, якія расьлі ў нашай калёніі, і рабіў напой. Гэта было для мяне крыніцай вітаміну С. Таксама еў шмат рабіны, якая там расла…Пра хвойны напой прачытаў у адным артыкуле. Размова ішла пра жанчыну-мэдыка, якая выратавала ўсю „зону“ ў раёне расейскай поўначы ад цынгі ды іншых хваробаў. Мне гэты адвар дапамог».

Міхаіл Жамчужны кажа, што вельмі хацеў захаваць сябе для вольнага жыцьця. Падчас адседкі ён ані разу не зьвярнуўся па мэдычную дапамогу. А пасьля вызваленьня прайшоў мэдычную камісію на лётную прыдатнасьць і атрымаў адпаведны сэртыфікат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG