Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Барані патрабуюць грамадзкіх слуханьняў пра новую ЦЭЦ


Яны зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і мясцовы гарвыканкам з калектыўнымі лістамі, дзе выклалі свае прэтэнзіі.

Адказ з выканкаму ўжо атрыманы, але ён несуцяшальны.

У лісьце за подпісам старшыні Баранскага гарвыканкаму Васіля Русакова сказана толькі пра тое, што будоўля ЦЭЦ на мясцовых відах паліва прадугледжаная праграмай разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы ў Беларусі, прынятай у 2007 годзе, і што «ўзровень забруджваньня выкідамі ў атмасфэру і сьцёкамі адпавядае нормам».

Але аб’ектыўныя падрабязнасьці пра тое, наколькі шкодны будзе ўплыў новай ЦЭЦ, жыхарам гораду не вядомыя. Таму яны і прасілі старшыню гарвыканкаму паспрыяць, каб публічнай стала інфармацыя пра тое, наколькі шкоднымі будуць выкіды ад спальваньня тарфяной крошкі, а таксама прадставіць высновы экалягічнай экспэртызы.

Гэтыя просьбы былі праігнараваныя. Аўтараў калектыўнага ліста проста паставілі перад фактам: будоўля ЦЭЦ завяршаецца ўжо сёлета.

Асабліва занепакоеныя будоўляй новай ЦЭЦ жыхары Зарэчнай вуліцы. Тут і шматпавярховікі, і прыватны сэктар — а літаральна праз дарогу ўзводзіцца бела-блакітны прамысловы будынак. Паводле плянаў, новая ЦЭЦ будзе працаваць на торфе і драўніне. Плянуецца штогод спальваць 35–37 тысяч тон тарфяной крошкі, якую будуць вазіць за 45 кілямэтраў у Аршанскі раён з суседняга — Талачынскага.
Ліст у баранскі гарвыканкам

Ліст у баранскі гарвыканкам


«Маршрут, выбраны кіраўніцтвам будоўлі ЦЭЦ, пралягае праз цэнтар гораду і жылы квартал, хоць ёсьць магчымасьць вазіць паліва ў аб’езд, па тэрыторыі прадпрыемства «Тэхніка сувязі», — пішуць бараньцы ў лісьце, накіраваным у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Яны просяць, каб маршрут падвозу паліва на аб’ект быў зьменены. А найперш — каб былі арганізаваныя грамадзкія слуханьні. Бо жыхароў Барані ўсур’ёз турбуе і ўтылізацыя адкідаў, і тое, ці застанецца чыстым паветра ў навакольлі, бо ў адным з бліжэйшых двароў — дзіцячы садок.
Цераз дарогу — жылыя дамы

Цераз дарогу — жылыя дамы


Адказу з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі жыхары Барані чакаюць не пазьней як у сярэдзіне верасьня. Увогуле ж яны спадзяваліся на ягоны прыезд, кажа дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў:

«Казалі, што Аляксандар Лукашэнка можа прыехаць адчыняць гэтую ЦЭЦ. А ўвогуле сытуацыя тлумачыцца адсутнасьцю інфармацыі: гараджанам ня кажуць, што робіцца ў нашай Барані. Будоўля ішла ўжо даўно, вісела шыльда, што будуецца „міні-ЦЭЦ“. Слова „міні“, відаць, і супакойвала — маўляў, нешта маленькае, бясшкоднае… А потым народ нешта пачытаў, у кагосьці знайшліся сваякі ці знаёмыя ў Рэчыцы, дзе такую „міні-ЦЭЦ“ ужо збудавалі. І расказалі нашым, што гэта вялізны аб’ект і што ён не такі ўжо бяскрыўдны з пункту гледжаньня экалёгіі. Таму спачатку напісалі ліст у гарвыканкам, сабраўшы пад 20 подпісаў. А потым — і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Там падпісалася больш за 70 чалавек. Можна было сабраць і некалькі тысяч подпісаў, бо людзі абураныя, што іхныя меркаваньні проста ні ўва што ня ставяць!»
Дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў

Дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў


Дарэчы, адна ЦЭЦ у Барані ўжо ёсьць — газавая, з высокімі бел-чырвона-белымі комінамі. Але жыхарам патлумачылі, што яе магутнасьці перавышаюць патрэбы спажыўцоў: газавую ЦЭЦ будавалі з разьлікам на вялікае прадпрыемства, фірму «Лёс», якое цяпер ператварылася ў маленькі заводзік «Тэхніка сувязі».
Новую ЦЭЦ будуюць побач са старой

Новую ЦЭЦ будуюць побач са старой


Аднак старую ЦЭЦ адключаць ня будуць, яе проста перавядуць на эканамічны рэжым працы. Бо спыніць яе, а потым у выпадку неабходнасьці зноў запусьціць будзе каштаваць шмат грошай. Тут жа, побач са старой ЦЭЦ, і ўзводзяць новую, на так званых «мясцовых відах паліва».

Жыхары Барані хацелі б таксама пазнаёміцца з падлікамі эканамістаў, наколькі рэнтабэльны будзе новы энэргетычны аб’ект. З улікам сродкаў на амартызацыю абсталяваньня старой ЦЭЦ, коштам падвозу паліва з суседняга раёну і гэтак далей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG