Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК — Эдуарду Лобаву: Допыт без адваката? Гэта размова!


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Палітвязень Эдуард Лобаў атрымаў адказ са Сьледчага камітэту, дзе правяралі ягоную скаргу на тое, што падчас сьледзтва ў 2011 годзе яго дапытвалі без адваката і пры гэтым пагражалі.

Сьледчыя знайшлі і апыталі супрацоўнікаў КДБ і вайсковай контравыведкі, якія наведвалі Эдуарда Лобава, і вырашылі, што тыя проста размаўлялі з падсьледным, а ніяк яго не дапытвалі. На гэтай падставе вырашана адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы паводле падазрэньня ў пагрозах і ціску.

Маці палітвязьня Марына Лобава: «Ён даслаў копію адказу, які яму перадалі. Я б назвала гэты адказ сьмешным. Паводле яго, гэтыя „наведнікі“ Эдуарда падрабязна памятаюць, пра што яны ў яго пыталіся, але пагрозаў ніякіх нібыта не было. У прыватнасьці, афіцэр вайсковай контравыведкі згадаў, што ён прыяжджаў даведацца ў Эдуарда, паколькі той служыў у дэсантных войсках, якое ў яго стаўленьне да войска і да дзейнай улады. І калі даведаўся пра „антыканстытуцыйны настрой“ сына, адразу яго нібыта пакінуў. У чым выявіўся гэты „антыканстытуцыйны настрой“ — незразумела. А насамрэч быў допыт, прычым яго дапытвалі не па ягонай справе, а паводле падзеяў 19 сьнежня, у якіх ён ня браў удзелу. У тым ліку паказвалі фатаздымкі з Плошчы, прапаноўвалі даць паказаньні супроць кандыдатаў на прэзыдэнта, пагражалі 10 гадамі зьняволеньня, калі адмовіцца супрацоўнічаць».

22 жніўня Эдуард Лобаў пазваніў маці з івацэвіцкай калёніі. Паводле Марыны Лобавай, у яе сына ўсё па-ранейшаму: знаходзіцца ў калёніі, канфліктаў з адміністрацыяй няма, прыкметаў таго, што яго могуць вызваліць датэрмінова, таксама не заўважана.

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за інцыдэнт, які здарыўся за дзень да выбараў — паводле сьледзтва, Эдуард Лобаў і старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч нібыта зьбілі мінакоў на менскай вуліцы. У судзе актывісты назвалі інцыдэнт правакацыяй спэцслужбаў.
XS
SM
MD
LG