Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова магла б зьнікнуць з Бацькаўшчыны і застацца толькі ў дыяспары. Але — ня зьнікла. Гэтаму шмат прычынаў, адна зь іх — Арлоў.

Шмат гадоў я ніяк ня мог адшукаць адзін аркуш, і мне ўжо падавалася, што ён згубіўся.

Гэта віншавальны ліст Васіля Быкава зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі, які ён даслаў у 1998 годзе ў Нью-Ёрк. Ліст я на зьезьдзе зачытаў, а вось куды падзеў...

Днямі, перабіраючы кніжкі Ўладзімера Арлова, знайшоў гэты аркуш у ягоным зборніку. Відаць, браў з сабой кніжку ў дарогу, у ёй тады і пакінуў, адклаўшы асобна ад іншых папераў (гэта не азначае, што я больш не зьвяртаўся да тых твораў Арлова — ягоныя тэксты даўно зрабіліся клясыкай, яны перавыдаюцца і чытаў я іх у больш позьніх выданьнях).

Вітаючы амэрыканскіх беларусаў і жадаючы ім посьпехаў у «высакароднай справе на карысьць Беларусі», Васіль Уладзімеравіч далей піша:

«... Не забывайце яе, не цурайцеся яе мовы, якая перажывае самы катастрафічны пэрыяд сваёй гісторыі. Можа так стацца, што вельмі хутка, апроч вас, нікога ў сьвеце не застанецца, хто мог бы вымавіць беларускае слова. Ня дай Бог нікому апынуцца апошнім... Шчасьця вам! Беларус з Эўропы Васіль Быкаў».

Калі пятнаццаць гадоў таму сытуацыю, у якую была кінутая наша мова, Быкаў называў самай катастрафічнай за ўсю гісторыю яе існаваньня (гэта з улікам наўпроставай забароны ў часы царызму) — што ж казаць пра дзень сёньняшні, калі ў абласных цэнтрах, у гарадах з сотнямі тысяч насельніцтва няма ніводнай беларускай клясы? Калі ў сталіцы можна пражыць некалькі месяцаў — і не пачуць беларускай гаворкі? Калі моладзь (немалая яе частка) па-просту не разумее значэньня беларускіх слоў?

І за гэты час, калі кожным год, кожны месяц улада цынічна, сьвядома і мэтанакіравана зьнішчала мову — яна сапраўды магла б зьнікнуць з Бацькаўшчыны і застацца толькі ў дыяспары (як трымала дыяспара ў савецкія часы ідэалы Акту 25 сакавіка — калі мы, школьнікі 1960-70-ых, нават і ня чулі пра БНР).

Але — ня зьнікла.

Гэтаму шмат прычынаў, адна зь іх — Арлоў.
Моладзь сёньня чытае Арлова , як у свой час мы чыталі Караткевіча, прыходзячы да ўсьведамленьня сябе беларусамі.

Моладзь сёньня чытае Арлова , як у свой час мы чыталі Караткевіча, прыходзячы да ўсьведамленьня сябе беларусамі. Але ёсьць і тое, у чым з Уладзімерам Арловым ня можа параўнацца ніводзін пісьменьнік (ды я думаю, што і ніводзін грамадзкі дзяяч таксама). Гэта — колькасьць сустрэчаў зь людзьмі у гарадах ды вёсках. Вось ужо колькі гадоў езьдзіць ён па Беларусі, распавядае пра гісторыю Бацькаўшчыны, пра яе слаўныя імёны.

І, магчыма, гэтыя сустрэчы, пра якія не паведамляе прэса, для сёньняшняга дня ня менш важныя, чым у свой час тое, што рабіў Арлоў, калі ў полі пад Курапатамі на Дзяды-88 зачытваў адозву пра ўтварэньне Беларускага Народнага Фронту, калі быў ўдзельнікам апошняга па часе Адраджэньня.

Але, канешне, галоўнае — гэта ягоныя кнігі, ягонае слова.

І таму бачу знак, сымбаль ў тым, што ліст Быкава захоўваўся ў кнізе Арлова.

І таму — не нарадзіўся яшчэ апошні беларус, ні ў дыяспары ні на Бацькаўшчыне, які, як казаў Быкаў, можа апынуцца апошнім.

А калі пакаленьні будуць чытаць Арлова — дык і не народзіцца!
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG