Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нешта не падабаецца мне гэтая выспа», — працадзіў скрозь зубы галяндзкі капітан, які высадзіўся тут, на камяністым кавалку сушы паміж Явай і Суматрай, разам са сваёй камандай улетку 1883 году. Вымерлая расьліннасьць, з шчылін у зямлі то там, то сям вырываецца пара, пахне серай, і зямля вібруе пад нагамі — пекла, пастаўленае на разагрэў. Тым ня менш яшчэ ў траўні на выспу ладзіліся экскурсіі: месца для пікнікоў было, можа, і не найлепшае, затое для філязофскіх роздумаў пра хісткасьць усяго існага — тое, што трэба.

Ён спаў дзьвесьце гадоў — і вось нарэшце выспаўся. Ёсьць меркаваньне, што гэта быў самы гучны шум, які чалавецтва чула ў сваёй гісторыі: яго было чуваць за 3400 кілямэтраў. 26 жніўня 1883 году а 13.00 інданэзійскі вулькан Кракатаў крэкнуў раз, крэкнуў другі — і закракатаў па-сапраўднаму. Праз гадзіну ў паветра ўзьнялася хмара вышынёй дваццаць сем кілямэтраў. Па акіяне прайшлі трыццацісямімэтровыя хвалі. Дваццаць кубічных кілямэтраў газу і попелу, дзьвесьце тысяч загінулых — і неверагодная прыгажосьць дзеі. «Ён быў жудасна прыгожы, агромністы мур, які праціналі маланкі і ўспышкі — праявы разгневанага агню...» — так выглядаў Кракатаў з адлегласьці сямідзесяці кілямэтраў.

Шум быў такі моцны, што празь дзесяцігодзьдзі дакаціўся і да беларускай літаратуры. Янка Маўр зрабіў Кракатаў адным з пэрсанажаў свайго раману «Амок». Пра вывяржэньне 1883-га там, пыхкаючы піпкай, распавядае боцман Гуз: «Марскія хвалі зрабіліся густыя, ліпучыя ад попелу... Дождж падаў на зямлю гарачай гразьзю... Зьверху сыпаўся попел, падалі распаленыя камяні... Людзі думалі, што надышоў канец сьвету. Кажуць, што цемра трывала васямнаццаць гадзін. Нарэшце бура сьціхла, скрозь жоўты туман засьвяціла сонца. Мы закрычалі ад радасьці: уратаваліся! І раптам зноў так загрукатала, так здрыганулася зямля, што мы пападалі з ног. А яшчэ праз хвіліну я пабачыў такое, што мне ніколі ўжо не забыць: на нас ішла цёмная, бурая гара з караблём на самай вяршыні!..»

Дзякуючы Кракатаў зямляне некалькі месяцаў жылі пад зеленаватым сонцам і блакітным месяцам. Дзіўны эфэкт праявіўся толькі ўвосень — так доўга апускаўся на зямлю вульканічны пыл. Кракатаў зайздросьцілі сэрыйныя забойцы ўсяго сьвету: столькі народу — і адным махам... Стаханаўская праца. Пяцігодку за два дні.

«Зь левага борта ціха наплываў Кракатаў, і выгляд ён меў такі, быццам уся гэтая гісторыя яго зусім ня тычыцца...»
XS
SM
MD
LG