Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Пра Пампэі чулі ўсе. Значна менш — пра райцэнтар Гэркулянум. Пра г/п Стабіі, трэцюю ахвяру Вэзувія ў той дзень, 24 жніўня 79 году, амаль ня згадваюць. Зашмат інфармацыі, зашмат лаціны, разьбірацца і запамінаць — тое самае, што плакаць пэрсанальна па кожнаму з больш чым шаснаццаці тысяч чалавек, на якіх абрынулася тады атамная бомба Вэзувія. Хай гэта ўсё будзе звацца Пампэі — так прасьцей; часу мінула досыць, ён дазваляе.

У сьвеце ня так ужо шмат гарадоў, якія робяцца знакамітымі ў самы апошні дзень свайго існаваньня. Гэтую асаблівасьць Пампэяў заўважыў яшчэ Аляксандар Геніс у сваім цудоўным эсэ пра шэдэўр Брулова. У ім наагул шмат цікавага; Геніс прыгадвае, якое ўражаньне рабіла вялікая карціна на падлеткаў:

«Ня буду хаваць, што больш за ўсё мне, як і іншым пяціклясьнікам, падабаліся аголеныя грудзі жанчыны, якая ляжала на пярэднім пляне. Тады я яшчэ ня ведаў, што алегорыі заўсёды пазіруюць топлес...»

Вульканы таксама любяць пазіраваць. Здаецца, яны выбухаюць заўсёды ў момант, калі чалавечая самазаспакоенасьць і засяроджанасьць на сабе там, унізе, дасягаюць сваёй крайняй мяжы, калі адзінае, чым іх адорваюць — гэта стомлены позірк, які ўжо не ўяўляе ляндшафту бяз гэтай гары як гары і таму амаль што перастае яе заўважаць. Напэўна, гэта пампэйцы прыдумалі прымаўку: «жывем, як на вулькане» — яе дагэтуль любяць паўтараць жыхары голых і пляскатых, як выкінуты пісьмовы стол, мясцовасьцяў, якім, ведама, шмат што пагражае: ад інфляцыі да інфлюэнцы — але толькі не 700 градусаў паводле Цэльсія ды гарачыя, толькі што зь печкі, лава і попел.

Пякарня сьмерці.

Вулькан зрабіў з Пампэямі тое, што магла хіба што толькі гісторыя, калі б ёй захацелася. Ён захаваў іх ад забыцьця. А Брулоў дапамог пагрузіць іх у вечны воз Вэзувія — мастак жа таксама вучыўся ў школе і быў некалі пяціклясьнікам.

Калі гэтая краіна дасягне піку спакою і стабільнасьці — што яе зьнішчыць? Зрэшты, Вэзувій можна зрабіць сабе і з падручных матэрыялаў. Калі вельмі хочацца жыць на вулькане, а бог ня даў.

Калі б не турысты з краін не настолькі аддаленых ад Беларусі, каб чуць ад іх толькі «бар-бар-бар»... Калі б ня гэтыя людзі, якія крычаць у Вэнэцыі — а іх чуваць на Сыцыліі... Калі б не яны, руіны Пампэяў варта было б наведаць і падыхаць паветрам першай дадуманай, але пры гэтым ня выдуманай катастрофы. Пампэі наогул прымушаюць думаць. Напрыклад, вось пра што.

Пераход падзеяў у даўняе мінулае пазбаўляе гэтыя падзеі трагічнасьці — час зацягвае раны настолькі, што анэстэзія зь мясцовай робіцца поўнай і незваротнай. Застаюцца толькі моманты, перакошаныя твары на пярэднім пляне — пажыва для мастацтва. А так: ну хто будзе аплакваць людзей, памерлых два тысячагодзьдзі таму? І колькі мусіць прайсьці стагодзьдзяў, каб зь нечай бяды можна было пачаць іранізаваць? Ці праўда тое, што ў якім-небудзь 3079 годзе, гаворачы пра Хірасіму і Нагасакі, чытаючы пра Аўшвіц, чалавеку можна будзе ўсьміхнуцца і ўспомніць, што там за пікантныя падрабязнасьці згадваў падчас экскурсіі ваш абаяльны гід?
XS
SM
MD
LG