Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго абміналі кулі (кітайцы тут ні пры чым), яго ня браў ні нож, ні відэлец, яго немагчыма было падкупіць (хіба што ўзяць у арэнду). Але аднойчы ў ліпені 1884 году ён спатыкнуўся і прыкусіў сабе язык. Мэдыцына была бясьсільная. Так скончылася жыцьцё знакамітага сышчыка, першага амэрыканскага прыватнага дэтэктыва Алана Пінкертана.

Таго самага, які зрабіўся прататыпам папулярных гісторый пра Ната Пінкертона, якімі ў Расейскай імпэрыі зачытваліся да 1917-га (у адным Пецярбургу за месяц прадавалася да 600 тысяч асобнікаў такіх кніжак). Ната Пінкертона, пра якога Карней Чукоўскі сказаў, што ў гэтага пэрсанажа замест душы — кулак, замест сэрца — кулак, замест галавы — кулак, і дзейнічаць сваім кулаком — адзінае, што ад яго патрабуецца.

Сур’ёзныя крытыкі ненавідзелі тыя кніжкі ня менш, чым амэрыканскія бандыты — рэальнага сышчыка Алана. А Алану было шкада марнаваць час на нейкую там нянавісьць. Для яго лавіць, страляць, ладзіць засады і замыкаць кайданкі было працай. Our sluzhba is opasna and trudna, напяваў ён, караскаючыся па дахах чыгуначных вагонаў і дамоў у чыкагскіх трушчобах, раскрываючы змовы супраць прэзыдэнта Лінкальна і... І самааддана, за добрую плату, змагаючыся з прафсаюзным рухам. Меў Алан і такія замовы. Малойцы зь ягонай «Агенцыі Пінкертана» былі гатовыя ўзяцца за любую работу: бізнэс ёсьць бізнэс, і іхны быў нічым ня горшы за астатнія.

Мала хто зь іх, паплечнікаў вялікага Пінкертана, ведаў, што сам Алан быў палітычны ўцякач. Нарадзіўшыся 25 жніўня 1819 у шатляндзкім Глазга, у маладосьці ён зрабіўся перакананым чартыстам, прыхільнікам рэформаў. Неяк знаёмыя шапнулі яму, што бачылі загад аб ягоным арышце. Доўга ня думаючы, Алан з жонкай сабралі чамаданы і селі на карабель, які плыў у Злучаныя Штаты.

Магчыма, гэтыя ўцёкі і паўплывалі на прафэсійны выбар Алана Пінкертана. Ён прыехаў у Амэрыку, ведаючы цану волі і асалоду небясьпекі, і зрабіўся паліцыянтам. Ужо неўзабаве па прыезьдзе яму ўдалося выкрыць банду фальшываманэтнікаў. Ды толькі служыць дзяржаве Алану хутка надакучыла — ён хацеў большага. І дасягнуў усяго, пра што марыў. На фота 60-х гадоў ён стаіць каля вайсковага намёта разам зь ня самымі апошнімі асобамі дзяржавы: Лінкальнам і генэралам Маклеланам. «Мы ніколі ня сьпім» — было дэвізам ягонай агенцыі, якая нібыта існуе дагэтуль. Добрая калыханка для кліентаў. Амэрыканская бяссоньніца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG