Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт таксама адхрысьціўся ад помніка Каліноўскаму


Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на вуліцы Каліноўскага

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на вуліцы Каліноўскага

Міністэрства культуры Беларусі адказала на зварот грамадзян аб усталяваньні помніка нацыянальнаму герою Беларусі, кіраўніку паўстаньня 1863 году Кастусю Каліноўскаму.

Мінкульт у адказ на зварот грамадзян пералічыў усё, чым ушаноўвалася памяць Каліноўскага з 1928 году, і заявіў, што ў Беларусі дзеля гэтага і так шмат зроблена. Пасьля гэтага Мінкульт інфармуе, што згодна з пастановай Саўміну пытаньні ўсталяваньня помнікаў вырашаюць мясцовыя ўлады. Ліст падпісаны намесьнікам міністра Ўладзімерам Карачэўскім. Прычым на беларускамоўны зварот чыноўнік адказаў па-расейску.

Ліст зь Мінкульту быў адрасаваны кіраўніку ініцыятыўнай групы Алегу Корбану.

Алег Корбан

Алег Корбан

«Міністэрства культуры, як і раней Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў, у сваіх адказах прадэманстравалі сваю няздольнасьць прыняць рашэньне па нашай прапанове. А таксама, відавочна, чыноўнікі і дэпутаты ня хочуць браць адказнасьць за прыняцьце якіх-небудзь рашэньняў па помніку Каліноўскаму. Ідэнтычная рэакцыя была і ў кіраўніцтва Менгарвыканкаму, ад якіх на пачатку жніўня прыйшоў падобны адказ. Мне здаецца, чыноўнікі чакаюць указаньня свайго галоўнага начальніка, безь яго яны ня ў стане праявіць ініцыятыўнасьць і рашучасьць. Пакуль няма ад яго апошняга слова, нам будуць і ў далейшым прыходзіць такія фармальныя адпіскі ад розных уладных структур», — так пракамэнтаваў Свабодзе адказ чыноўніка зь Мінкульту Алег Корбан.





Зварот аб усталяваньні помніка Каліноўскаму ў Менску быў накіраваны ўладам 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх паслалі ўладам.

Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за будоўлю помніка лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.

Актывісты зазначаюць пазытыўнае стаўленьне жыхароў Менску да іхняй ініцыятывы. Людзі ведаюць, хто такі Каліноўскі, разумеюць важнасьць паўстаньня пад ягоным кіраўніцтвам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG