Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся збор паручальніцтваў за вызваленьне ксяндза Лазара


Першымі свае паручальніцтвы падпісалі сябры Рады беларускай інтэлігенцыі.

Як паведамляе прэсавая служба Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, сем сяброў Рады беларускай інтэлігенцыі падпісалі хадайніцтвы аб асабістым паручальніцтве за вызваленьне ксяндза Ўладзіслава Лазара, які з 31 траўня знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ініцыятарам выступіла ініцыятыва «Хрысьціянскі рух».

Хадайніцтвы падпісалі: паэт Анатоль Вярцінскі, былая тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, перакладчык Лявон Баршчэўскі, дырэктар Коласаўскага ліцэю Ўладзімер Колас, генэрал Валерый Фралоў, галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль, журналіст Анатоль Гуляеў.

23 жніўня паручальніцтвы перададуць у КДБ.

Узор паручальніцтва можа знайсьці тут.

Раней аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» пераслаў у КДБ і Генэральную пракуратуру Беларусі пэтыцыю за тэрміновае вызваленьне каталіцкага сьвятара, пробашча парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслава Лазара. Пэтыцыю з 1 жніўня падпісалі 1066 чалавек.

«У СІЗА КДБ больш за два месяцы знаходзіцца каталіцкі сьвятар, пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслаў Лазар. У чым яго вінавацяць, незразумела, бо ўвесь гэты час, нягледзячы на патрабаваньні грамадзтва і ажыятаж у СМІ, КДБ настойліва захоўвае маўчаньне ў гэтай справе.

Мы лічым, што арышт сьвятара зьяўляецца спробай шантажу Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі і запалохваньня беларускага грамадзтва. У сувязі з гэтым мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ксяндза Ўладзіслава Лазара», — гаворыцца ў звароце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG