Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН : Колькасьць дзяцей-уцекачоў з Сырыі дасягнула мільёна


Колькасьць непаўналетніх, якія пакінулі Сырыю з-за працягу ў краіне канфлікту, дасягнула аднаго мільёна, гаворыцца ў абвешчаным у пятніцу сумесным дакладзе Ўправы Вярхоўнага камісару ААН у справах уцекачоў і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ).

«Тое, што колькасьць дзяцей-уцекачоў дасягнула аднаго мільёна — сапраўды ганебная старонка ў гісторыі Сырыйскага канфлікту», — гаворыцца ў дакладзе.

«Гэта ня проста лічба. Гэта дзеці, адарваныя ад сваіх дамоў, якія засталіся ў большасьці сваёй бяз сем’яў і якія сутыкнуліся тварам да твару з жахамі, якія мы толькі цяпер пачынаем усьведамляць», — заявіў кіраўнік ЮНІСЭФ Энтані Лэйк.

Дзеці — амаль палова з тых двух мільёнаў людзей, якія ўцяклі з Сырыі. Паводле дадзеных ЮНІСЭФ, 740 тысяч уцекачоў — гэта дзеці ва ўзросьце да 11 гадоў. Паводле яго дадзеных, ня менш за 3,5 тысячы дзяцей пакінулі краіну без суправаджэньня дарослых, і ня менш за 7 тысяч дзяцей загінулі ў выніку ўзброенага канфлікту ў Сырыі.

ААН ужо прыступіла да аказаньня дапамогі мільёнам сем’яў і дзяцей, якія пацярпелі ад канфлікту ў Сырыі. Гэта стала найбуйнейшай гуманітарнай апэрацыяй у гісторыі.

Паводле дадзеных ААН, уцекачы цяпер знаходзяцца пераважна на тэрыторыі Лівана, Ярданіі, Турэччыны, Ірану і Эгіпту.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, знаходзячыся сёньня з візытам у Паўднёвай Карэі, зноў заклікаў сырыйскі ўрад садзейнічаць працы міжнародных інспэктараў, якія прыбылі ў Сырыю і якія расьсьледуюць паведамленьні аб выкарыстаньні бакамі канфлікту хімічнай зброі. У сераду, паводле заявы сырыйскіх паўстанцаў, урадавыя войскі ўжылі такую зброю непадалёк Дамаску. Загінулі нібыта ад 500 да 1300 чалавек. Пан Гі Мун просіць сырыйскія ўлады дазволіць экспэртам ААН наведаць месца меркаванай газавай атакі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG