Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: «На выхад!»


Анатоль Лябедзька, першая прэсавая канфэрэнцыя па вызваленьні з турмы КДБ
Анатоль Лябедзька, першая прэсавая канфэрэнцыя па вызваленьні з турмы КДБ

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

6 красавіка, серада

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Раніца ў кропельках дажджу на змрочным шкле. Усё ж такі спаць ноччу пры адчыненай фортцы і пры гэтым не адчуваць дыскамфорту — рэч прыемная. Дзень разьмерана паплыў звыклым у апошнія тыдні рэчышчам. Адразу пасьля пад’ёму зарадзіў з дапамогай фізкультуры батарэйкі арганізму. Звыклая тысяча практыкаваньняў на прэс. На суседніх нарах апускае і падымае ногі Ігар. Пакуль мы сапем, Несьцярэнка спрабуе даспаць седзячы. Апошнім часам забарона ляжаць на нарах дзейнічае ад пад’ёму да прыходу дзяжурнага па СІЗА.

На сьняданак, як звычайна, чарпак кашы і звыклы літар ранішняй гарбаты.

* * *

На шпацыры нам выпадае клетка. Для мяне гэта вельмі зручная пляцоўка, каб зрабіць другі тур ранішняй зарадкі. Тоўстыя жалезныя пруткі добра выконваюць функцыю і брусоў, і часткова перакладзіны. Ногі паміж пруткоў, кулакі на вышчарбленым бэтоне. За дзьве гадзіны шпацыру раблю больш як 1200 адцісканьняў і яшчэ паўтысячы на прэс.

* * *

Адразу па абедзе атрымліваю каманду на выхад. Вядуць у кірунку кабінэта начальніка СІЗА. Так, даўнавата мы ня гутарылі з таварышам Арловым. Але на скрыжаваньні мяне завярнулі направа, у супрацьлеглы бок ад кабінэта, дзе гаспадар ізалятара. Заводзяць у адзін з пакояў для допытаў. Ба! За сталом мой новы сьледчы Канстанцін Бычак. Суха вітаецца, рукой паказвае на зэдлік насупраць. Расьпісваецца ў паперцы і перадае яе кантралёру са словамі: «Мы ненадоўга».

— Анатоль Уладзіміравіч, матэрыялы вашай справы гатовыя для перадачы ў суд, але ў іх няма пашпарта. Вось я і хацеў бы ўдакладніць: а дзе ваш пашпарт?

Анатоль Уладзіміравіч, матэрыялы вашай справы гатовыя для перадачы ў суд, але ў іх няма пашпарта. Вось я і хацеў бы ўдакладніць: а дзе ваш пашпарт?
Сур’ёзны твар Бычака зусім спахмурнеў. Мяне ж такое пытаньне, наадварот, толькі разьвесяліла.

— Вось бачыце, хутка будзе чатыры месяцы, як вы трымаеце чалавека ў клетцы, але нават не ўстанавілі яго асобу. А можа, я не Лябедзька?

Сьледчаму, мабыць, не хацелася паглыбляцца ў такі разварот тэмы.

— Гэта не мая зона адказнасьці. Я раблю сваю справу і павінен выканаць некаторыя працэдурныя моманты. Мне неабходна высьветліць месцазнаходжаньне дакумэнта, які ўстанаўлівае асобу. І вы ўжо паспрабуйце адказаць на гэтае канкрэтнае пытаньне.

У мяне таксама не было вялікай ахвоты практыкавацца ў словапляценьні.

— Пашпарт заставаўся дома. Мяркую, ён там і знаходзіцца цяпер.

— А калі мы зьвернемся да вашай жонкі, яна перадасьць нам дакумэнт? — голас сьледчага разьмяк і пацяплеў.

— Вы хочаце, каб я ў яе спытаўся? Дайце тэлефон.

Сьледчы зноў занэрваваўся, а гутарыць з нэрвовым камітэтчыкам мне не хацелася.

— Мяркую, што перадасьць, калі працэдура канфіскацыі будзе аформленая дакумэнтальна. У кожным разе неабходна зьвяртацца да яе. — Даю зразумець, што дадаць да сказанага мне няма чаго.

Разумеючы, што гэтая тэма вычарпаная, пытаюся, калі можна будзе азнаёміцца з матэрыяламі справы.

— Я сваю частку працы выканаў, а далей вырашае кіраўнік сьледчай групы. Вам паведамяць пра рашэньне.

Пры гэтым Бычак прыўстаў, даючы зразумець, што гутарка падыходзіць да канца, і зьняў трубку: «Забярыце Лябедзьку!»

Пакуль крочыў калідорамі і пераадольваў лесьвічны пад’ём, разважаў і думаў. Значыць, усё ж такі суд? І, мяркуючы па заяўленым, гэта пытаньне бліжэйшых дзён. Незразумела толькі, чым незадаволены сьледчы. Ён якраз павінен скакаць ад радасьці.

У камэры Каранеўскі і Несьцярэнка скрэблі лыжкамі па дне абедных місак. Далучаюся і спрабую дагнаць.

* * *

Прынята рашэньне зьмяніць вам меру стрыманьня: утрыманьне пад вартай замяніць падпіскай аб нявыезьдзе
Час зьеў вячэру. Адчынілася кармушка, і пустату за ёю адразу запоўніў твар кантралёра. Позірк знайшоў мяне. Звыклае: «Прозьвішча? Рыхтуйцеся на допыт!»

Нешта сёньня допыты пайшлі чарадою. То месяцамі нікому ня быў патрэбны, то... Праз пару хвілін выводзяць з камэры. Надзяюць кайданкі. Відавочная прыкмета таго, што ідзём у суседні будынак. Спуск. Дворык. Пад’ём. Кабінэт. Зноў набычаны Бычак.

— Анатоль Уладзіміравіч, прынята рашэньне зьмяніць вам меру стрыманьня: утрыманьне пад вартай замяніць падпіскай аб нявыезьдзе, — сказана халодным голасам з адценьнямі незадаволенасьці. — Зараз з вамі яшчэ пагутарыць начальнік сьледчага ўпраўленьня.

Адчуваю ўсярэдзіне жар. Здаецца, пячэ нават у мочках вушэй.

Сьледчы падсунуў мне паперы. Прабягаю вачыма. Чытаю. Перачытваю. Сухі тэкст. Без двухсэнсоўнасьцяў. Без усякага падвоху. Сказана толькі, што я ня маю права пакідаць Менск, павінен зьяўляцца на першае патрабаваньне сьледчага, не чыніць супрацьпраўных дзеяньняў. Адчуваю, у роце перасохла. Добра, што ня трэба нічога гаварыць.

Калі б ваша вызваленьне залежала ад нашага рашэньня, то мы б не рэкамэндавалі вызваляць вас. Вы ж ня зьменіцеся і будзеце рабіць тое, што рабілі да гэтага
Празь нейкі час зьяўляецца невысокі, паўнаваты, лысаваты чалавек. Вітаецца. Прадстаўляецца: начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ, і прозьвішча адпаведнае — Гара.

— Калі б ваша вызваленьне залежала ад нашага рашэньня, то мы б не рэкамэндавалі вызваляць вас. Вы ж ня зьменіцеся і будзеце рабіць тое, што рабілі да гэтага, — выйшла паўпытаньне-паўсьцьвярджэньне. — Але ў вас ёсьць уплывовыя сябры, і яны аб вас клапоцяцца.

Вядома, мне было цікава даведацца імёны гэтых таямнічых сяброў, але я абраў тактыку маўчаньня.

— Добра, рашэньне прынята, мы яго выконваем. Сьледчы растлумачыць вам некаторыя асаблівасьці вашага новага стану. Зрэшты, у нас асаблівых прэтэнзіяў да вас няма, гэта вы МУС чымсьці моцна пакрыўдзілі.

У адказ я толькі паціснуў плячыма. Напэўна, калі б перада мной стаяў начальнік сьледчага ўпраўленьня МУС, то стрэлкі былі б пераведзеныя на КДБ. Начальнік сьледчага ўпраўленьня па прозьвішчы Гара выкаціўся з кабінэта, і мы засталіся ўдваіх.

Зрэшты, у нас асаблівых прэтэнзіяў да вас няма, гэта вы МУС чымсьці моцна пакрыўдзілі
Перад тым як працягнуць асадку, Бычак яшчэ раз удакладніў месцазнаходжаньне майго пашпарта. Як бы між іншым спытаў, колькі пашпартоў за мной лічыцца.

— Два. Другі заставаўся ў мяне, бо там была дзейная віза.

— Нам трэба будзе праехаць з вамі і аформіць іх выманьне.

Падпісваю паперы. Вяртаемся ў ізалятар. Упершыню іду без кайданкаў за сьпінаю. Здаецца, фізычна адчуваю, якія на мне вырасьлі крылы. Хацелася падзяліцца радасьцю з сукамэрнікамі.

Аднак у камэры нікога. На стале дзьве конаўкі недапітай гарбаты. Зразумела, разьвітацца па-людзку нам не дадуць. Мне даюць час на зборы.

— Можаце не сьпяшацца.

Ды дзе там! Рукі і ногі апярэджваюць думкі. Пакідаю ўсё, што можа спатрэбіцца тым, хто застаецца. Астатняе без разбору закідаю ў дзьве торбы. У адну стаўлю тэлевізар, у другую — усё астатняе. На вочы трапіліся косьці. Не ўтрымаўся — кінуў. Вось табе маеш! Тры шасьцёркі адразу! Фарціць мне сёньня! Кідаю і косьці ў кешар. Цяпер гэта мой талісман.

Пэрсанал робіцца ветлівым на вачах. Толькі «Анатоль Уладзіміравіч». Гучыць доўгачаканая каманда: «На выхад!» Упершыню вольна разглядаюся па баках. Дай бог, апошні раз бачу гэтую стаптаную дывановую дарожку. Гэтыя васямнаццаць дзьвярэй, за якімі чаканьне і надзея. Бывайце!

Спускаемся па лесьвіцы даўжынёй у пятнаццаць прыступак. Пакой, у які мяне прывялі тры з паловай месяцы таму. На нейкі час застаюся ў адзіноце.

Заходзяць кантралёры:

— Прабачце, але мы павінны правесьці асабісты агляд.

Разьдзяюся да строю Адама. Напэўна, упершыню, пакуль я тут, без унутранага супраціву. Усё павольна перабіраюць, перамацваюць, праглядаюць. Далей надыходзіць чарга баулаў. Усё выварочваю на лаву. Грунтоўна аглядаюць кожны пакет, кожную рэч. Раман бярэ пакет зь лістамі і дзёньнікамі. Пачынае з канвэртаў. Праглядае зьмест аднаго, другога. Я ў напружаньні, бо частку запісаў зь дзёньніка расьпіхаў па канвэртах.

— Ды гэта ўсё лісты сына і жонкі.

Мая заўвага падзейнічала. Кантралёр адклаў стос канвэртаў да правераных рэчаў. Аднак сшыткі зь вершамі і запісамі туды ня леглі. Кантралёр складзіруе іх асобна. Спрабую пераконваць.

— Пачакайце, але іх жа разы чатыры правяралі на цэнзуру.

— Анатоль Уладзіміравіч, прабачце, але гэта хай вырашае дзяжурны.

Празь нейкі час да нас далучаецца Ганс. У яго твар мішкі, які толькі што зьеў паўслоіка мёду. Спрабую дамовіцца. Безвынікова. Здаецца, у Ганса па ўсіх запісах ёсьць жорсткія інструкцыі зьверху.

— Прабачце, але мы вымушаны выняць усе запісы на дадатковую праверку. Не хвалюйцеся, празь дзень-другі забераце іх і астатнія асабістыя рэчы са склада.

Разумеючы бессэнсоўнасьць далейшай дыскусіі, асуджана махнуў рукой. Мяне пакідаюць аднаго. Чаго ж яны там цягнуць? Лаўлю сябе на тым, што няголасна лічу да шасьцідзесяці.

Нарэшце дзьверы расчыняюцца. Хапаю баулы і ледзь не выбягаю з пакоя. Выводзяць у дворык.

Турма КДБ
Турма КДБ


Мокрае паветра. Імжыць дождж. Знаёмы мікрааўтобус. Двое са мною ў салёне, Бычак побач з кіроўцам. Пазіраю ў акно. Па шкле адна за адной зьбягаюць буйныя кроплі.

Каля роднага пад’езду аўтамабіль замірае. Выгружаемся. Сэрца грукоча, нібы таварняк. Упіхваемся ў ліфт. Ушасьцёх. Чатыры пасажыры і два кешары. Званю. Крокі за дзьвярыма. Гэта Сьвета. Знаёмы голас: «Хто?» А ў мяне спазмы ў горле, адкрываю рот і нічога не магу вымавіць. Нарэшце выціснуў нешта шыпяча-дрыготкае:

— Гэта я, Сьвеця...

Дзьверы тут жа расчыняюцца, і я некуды праваліўся. Толькі адчуваю вільготную шчаку Сьвятланы. Бачу яе вочы, якія сьвецяцца ў паўцёмным калідоры. Чую яе гарачы шэпт:

— Цябе адпусьцілі? Ты вольны?

— Так. Так. Так... Напэўна, так...

— А чаму гэтыя людзі тут?

— Ды пашпарты трэба аддаць.

Натоўп перамяшчаецца ў кватэру. Сьвета вымае з шуфляды мой пашпарт. Бычак гартае старонкі і кладзе дакумэнт у кішэню. Шукаем другі пашпарт. Марна. Вывернулі ўсе паліцы, але яго няма. Мае спадарожныя пачынаюць нэрвавацца.

— Слухайце, — зьвяртаюся я да Бычака, — у вас мой дзейны пашпарт. Старым я ўжо год не карыстаўся, ён ануляваны. Знойдзем — вярну, патрэбы ў ім ніякай.

Сьледчы некуды тэлефануе, размаўляе напаўголаса.

— Добра, паехалі!

— Куды?

— Трэба аформіць выманьне пашпарта.

— А на месцы гэта зрабіць нельга?

— Не.

— Добра, паехалі.

— Вы ж яго вернеце? — У голасе Сьвятланы столькі трывогі, што мне робіцца ніякавата.

Сьвета ўсоўвае мне ў руку купюру — на таксі.

Спускаемся ўніз. На вуліцы цемра, паветра брыняе дажджом. Унутры мяне нявызначанасьць і спустошанасьць.

Ох, як павольна цікаюць хвіліны. І мікрааўтобус ледзь цягнецца па апусьцелых вуліцах. Адчыненыя дзьверы заглынулі нас, і вось мы ў чэраве ўжо знаёмага дворыка. Выходзім. Праходзім кароткімі апэндыксамі ў калідор з чырвона-зялёнай дарожкай. Вось і цэнтральны ўваход з боку праспэкту.\

Цэнтральны будынак КДБ у Менску
Цэнтральны будынак КДБ у Менску


Пасьля запаўненьня папер Бычак некуды ўцёк. Напружаньне ўсярэдзіне нарастае. Чамусьці палезьлі благія думкі: зараз адчыняцца дзьверы, а ў калідоры знаёмы сылюэт кантралёра: «Тварам да сьцяны!»

Нарэшце зьяўляецца Бычак. Тымі ж апэндыксамі вяртаемся ва ўнутраны двор. Матор мікрааўтобуса заведзены. Сьледчы інструктуе пра нешта двух опэраў. Дзьверы адчыненыя, мяне запрашаюць у салён. Ого, з дастаўкай дадому! І, мабыць, бясплатна. Я зноў пазіраю на вуліцы, ад якіх ужо пасьпеў адвыкнуць.

Вось і Вясьнянка. Камітэтчыкі ветліва разьвітваюцца.

Зрабіў крок, другі... І чуйдух кінуўся да пад’езда. Пасьпешліва, і таму не адразу, набраў код, ірвануў дзьверы. Штомоцы ўціснуў кнопку ліфта. Ён рухаўся павольна, па-чарапашы. Так мне здавалася. Дзьверы. Званок. Хтосьці сьпяшаецца з таго боку. І вось мы ў адным клубку. Я, Сьвета, Цёма. Перапляліся рукамі і целамі. Сьлёзы пацяклі адным ручайком. Мы разам. Мы адно цэлае. А аб нашы ногі безупынна цёрся Цімка...


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!

Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча

Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»

Валасок Арцёмкі, помста Баптыста, прапанова ад Лукашэнкі

Юбілейны ліст дадому, сьледчы Бычак, прэзэнт для Дыка Чэйні, БУЛАГ

Анямелі ад жураўлёў, Кіркевіч у камэры, пра Бога і Філарэта

Камэра №8, верш кату, «аналітык» аказаўся Шуневічам

Праўда пра Дзьмітрыева і Раманчука, «не» «кілерам» у судовай мантыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG