Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: камэра №8, верш кату, «аналітык» аказаўся Шуневічам


Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

29 сакавіка, аўторак

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Сёньня, здаецца, упершыню атрымаў адразу два лісты. Адзін напісаны Марынай, жонкай старэйшага брата. Напісаны на даручэньне бацькоў. Напэўна, таму і прайшоў празь сеткі цэнзуры. Мабыць, ёсьць устаноўка: прапускаць толькі ад жонкі з сынам ды ад бацькоў.

«Атрымалі бацькі ад цябе два лісты. Ці трэба казаць, як гэта іх узрадавала і падтрымала... Па гаспадарцы ўпраўляецца бацька, а тэхніку да сяўбы рыхтуе Валодзя. Маці ў хаце. Часта размаўляе з тваёй фатаграфіяй. І моліцца за цябе».

Перажыў чарговы прыступ успамінаў і разважаньняў. Так, бацькам цяпер цяжка як ніколі. І мне балюча, што я прычына іх перажываньняў. Добра, што брат Уладзімір заўсёды побач, практычна кожныя выходныя стараецца прыехаць у вёску. Мае таксама ўвесь час на гарачай тэлефоннай лініі з бацькоўскай хатай. Нішто, здужаем, выстаім!

Другі ліст — ад Сьветы, з пахвалой за маё вершаваньне. Разумею, што паэт зь мяне ніякі, але ўсё роўна чытаць прыемна. Лісты да мяне ідуць на тры-чатыры дні хутчэй. Адпаведна, мае ў адваротным кірунку пераадольваюць гэтую ж дыстанцыю са спазьненьнем на гэткі ж час.

* * *

Пачуты пару дзён таму жураўліны сьпеў так запаў у душу, што ўрэшце, падхоплены творчым парывам, выліўся ў рыфму вершаў.

Ляцяць, курлычуць журавы.
Іх пэленгуюць вушы ў паднябесьсі.
Вясна — іх новы пазыўны
Што на Браслаўшчыне, што на Палесьсі.

Ляцяць, курлычуць журавы,
Сыгналячы пра час свайго вяртаньня.
Ім адгукаюцца царкоўныя званы,
Выбіваючы мэлёдыю каханьня.

Ляцяць, курлычуць журавы,
Ляцяць здалёку, з адпачынку.
Зразае неба клін жывы,
Махаючы крылом безь перапынку.

Ляцяць, курлычуць журавы.
То голас вольнай птушкі,
Што на калгасным не жыве двары
І не чакае міластынь з кармушкі.

Ляцяць туды, дзе родны дом,
Дзе сьпіш салодкім добрым сном.
Вясьнянка — вось мой аэрадром.
Я прызямлюся тут журавам вольным.


* * *

Не на ўсе пытаньні ў мяне ёсьць адказы. На некаторыя — адказы толькі дрэнныя. І што? Гэта не падстава ўбудоўвацца ў сытуацыю. Гэта ня алібі для чалавечых слабасьцяў (прыступ вячэрняй хандры і ўнутранага дыялёгу).


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




30 сакавіка, серада


Пачатак дня не прадвяшчаў рэзкіх перападаў у звыклым рытме жыцьця. Пад’ём. Туалет. Сьняданак. Паверка. Шпацыр. Зарадка. Праца са сшыткамі. Абед.

Адчуваньне вылізанай пустаты. Праз пару хвілін разумею, што гэта вынік неабжытасьці камэры. Сапраўды, ніякіх сьлядоў і прыкмет таго, што тут жывуць
І раптам адразу пасьля трапезы — нечакана каманда зьбіраць рэчы. Падарожжа па новых камэрах працягваецца?.. Думка пра вызваленьне нават не мільганула ў падсьвядомасьці. Пасьцель скруціў у скатку, як вайсковы шынель. Рулён, у якім матрац, падушка, прасьціна, коўдра, зьверху зацягнуў другой прасьцінай. У адзін кешар закінуў пакеты з адзеньнем, ежай, у другі — тэлевізар. Здаецца, нічога свайго не забыўся. І галоўнае, шэры плед. Разьвітаўся з Алесем Кіркевічам і Ігарам Каранеўскім. Было сумна. Да гэтай працэдуры немагчыма прывыкнуць. Чалавечы фактар — ці ня самы вызначальны там, дзе я цяпер.

Я не памыліўся, гэта чарговае перасяленьне. Наступны прыпынак — камэра нумар восем.

З бауламі прадзіраюся празь дзьвярны праём усярэдзіну. Памяшканьне меншае. На тры пасадачна-пасьцельныя месцы. Бегла разглядаюся. Усё неяк надта ж чыста і акуратна. Адчуваньне вылізанай пустаты. Праз пару хвілін разумею, што гэта вынік неабжытасьці камэры. Сапраўды, ніякіх сьлядоў і прыкмет таго, што тут жывуць. Пустыя тумбачкі, голы стол, лысае падваконьне. Няма кантэйнэраў, пакетаў, скрынак, стосаў старых газэт, да якіх пасьпеў прызвычаіцца. Нічога! І сярод усёй гэтай неабжытасьці — квадратны, каротка стрыжаны чалавек на ніжніх нарах. Не пасьпелі мы паціснуць адзін аднаму рукі ў знак знаёмства, як па той бок дзьвярэй ударыла шумавая хваля, і тут жа на парозе з рулёнам-скаткай і пакетамі намаляваўся Ігар Каранеўскі. У сваім доўгім паліто накшталт шыняля. Вось прыемная неспадзяванка наўздагон! Мы на радасьцях абняліся, бо за апошні час добра прыцерліся адзін да аднаго. Ігар пачаў парадкаваць верхні ляжак, а я адшпіліў ад сьцяны нары справа ад уваходу.

Як выявілася, «квадратны» тут зусім нядаўна. Яго этапавалі з калёніі, што ў Навасадах. Спачатку на «Валадарку», а цяпер вось у СІЗА КДБ. І ў камэру зьмясьцілі літаральна перад нашым засяленьнем. Несьцярэнка, прадставіўся наш новы знаёмы. Родам зь Дзяржынску. Ужо адседзеў у калёніі пяць гадоў, тут — праз новаадкрытыя акалічнасьці справы.

Калі голыя жалезныя нары набылі выгляд уладкаванай пасьцелі, разгледзеліся па баках яшчэ раз. Ні я, ні Ігар ніяк не плянавалі трапіць у камэру, дзе ўсё трэба пачынаць з нуля. Чорт, ніякага посуду, ніякіх ёмістасьцяў, нават кавалачка паперы, каб заслаць сьметніцу. Ніякіх матузочкаў, кручочкаў і іншай драбязы, безь якой не абысьціся ў штодзённым жыцьці. Спробы дамовіцца з аховай, каб са старой камэры ўзяць хоць бы пару плястыкавых кантэйнэраў, скончыліся нічым. Ну што ж, давядзецца ўспомніць Рабінзона Круза.

Затое камэра з каналізацыяй. Гэта значыць, што ня трэба падладжвацца пад графік двухразовага наведваньня туалета і ня трэба зьбіраць мандарынавыя лупіны для бачка на вынас. Яшчэ адзін плюс — тут ня кураць.

Здаецца, холад канчаткова выключаны са сьпісу праблемаў. Фортку днём не зачынялі! Цэлы дзень! І адтуль цягне ня холадам, а сьвежасьцю.

* * *

Сёньня нанач зьняў шкарпэткі. Ногі як у іншы сьвет трапілі. Здавалася, падэшвы хтосьці казыча, пальцы хтосьці пагладжвае
Апошнімі днямі выпіваю па шэсьць літровых конавак гарачай гарбаты. Гэта стала штодзённай нормай. Тут, у СІЗА, мяне пераканалі, што ў дзень трэба выпіваць ня менш за тры літры вадкасьці. Рэкамэндацыя стала звычкай. Балазе з кіпяцільнікам цяпер таксама праблемаў няма.

Прыдаўся і перададзены з офіса тэлевізар. З учорашняга дня па мясцовай сетцы пусьцілі сэрыял «Апостал» зь Міронавым і Фаменкам у галоўных ролях. Шкада, сэрыя нядоўгая, усяго 45 хвілін. Пасьля жудасных перадач і фільмаў, якія клічуць хапаць косы ды янчаркі супраць габрэяў і амэрыканцаў, гэта тое, што хочацца глядзець.

* * *

Сёньня нанач зьняў шкарпэткі. Ногі як у іншы сьвет трапілі. Здавалася, падэшвы хтосьці казыча, пальцы хтосьці пагладжвае.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





31 сакавіка, чацьвер


Ноччу спаў дрэнна. І гэта ўжо другая бяссонная ноч. Галава расколвалася, быццам яе сьціскалі абцугамі. Сам сабе паставіў дыягназ — ціск. Пастукаў кантралёрам. Раз, другі... Толькі на трэці выпрасіў таблетку ад ціску са скрынкі з суседавымі лекамі. Выпіў, забраўся на нары. І тут хвілін празь пяць мяне пачало выварочваць. Зваліўся ўніз і ледзь пасьпеў да ўнітаза. Ачысьціўся да страўнікавага соку. Майку хоць выціскай. І калатун такі, што зубы ляскаюць.

Заснуў толькі пад раніцу. І, што дзіўна, прачнуўся без аніякіх прыкмет хваравітага стану. Нават зарадку зрабіў. Праўда, ашчадную.

Тройчы на працягу дня папрацаваў лыжкай. Раздабыў нітку з іголкай і зацыраваў бялізну. Гэтым інструмэнтам не працаваў, напэўна, з часоў службы ў войску. Але нішто, даў рады, нават спадабалася ўласнае рукамяство.

* * *

Паўдня правёў, пішучы верш. Прысьвячэньне любаму котку.

Тимофей, Тимоха, Тима, Тимка.
Цвета кофе с молоком.
Озорства в глазах искринка.
Ушки на макушке бугорком.


Цімка, без перабольшваньня, чацьвёрты наш сямейнік. Калісьці ў нас быў францускі бульдог па мянушцы Ціс. Пародзісты. Раза ў паўтара буйнейшы за сярэднестатыстычнага свайго субрата па пародзе. Прыкіпелі мы да яго ўсім сэрцам. І трэба ж, здарылася няшчасьце. Яго атруцілі. Падчас ранішняга шпацыру. Атрута была такая моцная, што сабака згарэў за лічаныя гадзіны. Мы так балюча перажылі гэтую трагедыю, што ніяк не маглі наважыцца завесьці новага сябра. А тут Сьветчына стрыечная сястра ледзьве не сілком увапхнула ёй малое кацяня. Малюпасенькі камячок колеру кавы з малаком. Брытанец з добрым радаводам. Нам прапанавалі велічаць яго Патрыкам. Сямейны кансыліюм спыніўся на Ціму-Цімоху-Цімку. З той пары мы разам. Ціма незвычайна пазытыўны. Вельмі акуратны (гены даюць сябе адчуваць), ласкавы. І прыгажун — вачэй не адарваць! Часам прыйдзеш з працы, абвешаны праблемамі, а ён тут як тут. Узьлезе на грудзі, вуркоча і ў вочы зазірае. Мы яго часам так і клічам — сямейны псыхатэрапэўт.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





1 красавіка, пятніца

Мы заўсёды чагосьці чакаем. Або кагосьці. Кожны дзень. Сёньня, да прыкладу, я чакаю прэсу. Дакладней, газэту «Народная воля». З красавіка падпісаўся. Але не было б то першага красавіка. Чаканьне ёсьць, а газэта не прыйшла. Напэўна, сёньня яе чытае таварыш Арлоў.

— Прозьвішча?

— Лябедзька!

— На допыт!

У зьвязцы з кантралёрам накіроўваемся ў суседні будынак. Здаецца, гэта новы маршрут. Падыходзім да масіўных дзьвярэй. Кантралёр набірае код і чакае. Мае вочы ўторкнутыя ў сьцяну калідора. Мае думкі загорнутыя ў пазыцыю «што было — бачылі, што будзе — пабачым». Праходзім у наступны адсек калідора. Яго аздабленьне кажа пра тое, што тут сядзіба камітэтчыкаў вышэйшага стану. Яшчэ адны дзьверы — і я ў пакоі. Невялікім, але даволі ўтульным. Здаецца, гэта апэндыкс, які прымыкае да кабінэта. Адпаведна, яго ўладальнік не апошні чалавек у гэтым комплексе будынкаў.

Калідоры турмы КДБ

Калідоры турмы КДБ



Па тоўстай дарожцы гэтага «пакоя адпачынку» насустрач бясшумна сьлізгае знаёмы «аналітык». Шырока ўсьміхнуўся, жэстам запрасіў у фатэль зь цёмна-карычневай абіўкай. Сядаю сьпінаю да акна, якое, здаецца, выходзіць на праспэкт. Прастора за акном магніціла і вабіла, але я прымусіў сябе ператварыцца ў плястыкавую абыякавасьць. Бо часам позірк і выраз твару можа сказаць больш за словы.

Камітэтчык разьмясьціўся насупраць.

— Даўно мы з вамі не сустракаліся. Хацелася б давесьці пачатую размову да канца. Гарбаты? Чорнай, зялёнай?

Дагэтуль я стаічна адмаўляўся ад чаяваньняў з камітэтчыкамі. Трымаць дыстанцыю — я выбраў гэтую тактыку і жорстка трымаўся яе зь першай хвіліны ў КДБ. Але тут нечакана для сябе самога пагадзіўся. «Аналітык» паваражыў над заваркай і паставіў на невялікі столік перада мной кубак. Падсунуў вазачку з цукеркамі і печывам. Гаспадар кабінэта дэманстраваў хлебасольную зычлівасьць. Я сербануў глыток. У гарбаты быў нейкі незвычайны пах і прысмак. Прыемны, нават вельмі.

— Дарэчы, як з вашай справай? — сказана зь цікаўнасьцю бабулі на лаўцы ля пад’езда.

— Ды ўсё па-ранейшаму, застаюся ў становішчы закладніка, — іншага адказу ў мяне так і не зьявілася за ўвесь гэты час.

— Наколькі я разумею, цяпер усё ідзе да завяршэньня. Трэба неяк выходзіць з гэтай няпростай сытуацыі, — падобна, камітэтчык сапраўды быў нечым заклапочаны.

У нас ёсьць неспакой, каб цяпер не ўзмацнілася вонкавая ізаляцыя краіны. Гэта будзе толькі на руку Расеі. Я вам ужо казаў, які калясальны ціск мы зазнаем з боку Масквы.
Далей ён гаварыў пра важнасьць і актуальнасьць дыялёгу і ўзаемаразуменьня паміж людзьмі з рознымі поглядамі і пазыцыямі. З гэтым нельга было не пагадзіцца. Праўда, крыху нязвыкла было чуць гэта з вуснаў чыноўніка, ды яшчэ пры пагонах. Цікава, а якое ў яго званьне? Я паспрабаваў уявіць суразмоўцу ў кіцелі.

«Аналітык» адразу адрэагаваў на тое, што я на нейкі час выйшаў з калідора размовы.

— Буду шчыры, — голас чалавека, званьне якога я спрабаваў адгадаць, зайграў новымі адценьнямі, — у нас ёсьць неспакой, каб цяпер не ўзмацнілася вонкавая ізаляцыя краіны. Гэта будзе толькі на руку Расеі. Я вам ужо казаў, які калясальны ціск мы зазнаем з боку Масквы.

Адчуўшы, што я з разуменьнем перажоўваю пачутае, «аналітык» сфармуляваў тэму абмеркаваньня.

— Хацелася б пачуць вашу думку: як можна пазьбегнуць канфрантацыі ўнутры краіны і не дапусьціць самага непажаданага — страты сувэрэнітэту, як эканамічнага, так і палітычнага? І як, на вашу думку, можна і трэба выбудоўваць адносіны з Эўропай, ЗША?

Па паўшар’ях сьлізганула думка: вось ты, бацюхна, і дачакаўся дыялёгу з прадстаўнікамі ўлады. Нейкі сюррэалізм! Хацелася ўшчыкнуць сябе за тое, што не баліць.

Адказ на сфармуляваныя пытаньні даўно ляжыць на паліцах майго мозгу.

— Цяжка гаварыць пра дыялёг, калі адна рука працягнутая для поціску, а другая сьціскае ключы ад турэмнай камэры. Навошта трымаць за кратамі людзей, якія ні тэрарысты, ні бандыты, ні ворагі Беларусі? Трэба вызваляць людзей, многія зь якіх проста палітычныя закладнікі.

Стараўся, каб гэта не гучала як прашэньне аб вызваленьні. Цішком пазірнуў на твар насупраць. Ён быў уважлівы і зацікаўлены.

— Па-другое, прыйшоў час праводзіць выбары «без дурных».

На гэтым месцы маіх разважаньняў гаспадар пакоя адпачынку адзначыўся кароткім воклічам:

— Гэта як — без дурных?

— Трэба пачаць лічыць галасы. Хоць бы як у часы першай прэзыдэнцкай кампаніі ў 1994 годзе. Калі амаль 100 працэнтаў чальцоў выбарчых камісіяў прадстаўляюць інтарэсы аднаго кандыдата ў прэзыдэнты, а менш за паўпрацэнта — інтарэсы дзевяці іншых прэтэндэнтаў, то хто прызнае выбары сумленнымі і справядлівымі? Толькі дурань. Але мы сябе такімі ня лічым, і большасьць выбарцаў таксама.

Ну вы ж ведаеце, як у нас прымаюцца такога роду рашэньні, — «аналітык» вачыма паказаў на столь
Наперадзе парлямэнцкая кампанія, і ва ўлады будзе спакуса чарговым разам «прызначыць» 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Магчыма, пяць-шэсьць чалавек з апазыцыі. І, безумоўна, усе яны будуць на кароткім ланцужку. Гэта тупіковы шлях. Ён не вырашае ніводнай праблемы. Апазыцыя падрыхтавала прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Прыміце іх!

— Ну вы ж ведаеце, як у нас прымаюцца такога роду рашэньні, — «аналітык» вачыма паказаў на столь.

— Але ж вы адказваеце за аналітыку, а значыць, рыхтуеце аналітычныя запіскі. Адпаведна, нехта кладзе іх на стол таго, хто прымае рашэньні, — вачыма я паказаў на тую ж кропку на столі. — Я проста падазраю, што з розных прычын людзі не жадаюць казаць праўду тым, хто вышэй за іх ва ўладнай вэртыкалі. Але гэта тупік. Няма здаровай палітычнай канкурэнцыі — няма і абнаўленьня. Няма абнаўленьня — няма і пераменаў. Няма пераменаў — няма і разьвіцьця. Заганнае, замкнёнае кола.

Сёньня сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны могуць стаць пляцоўкай для нацыянальнай згоды ўсіх палітычных групаў у Беларусі. І вашы словы гэта пацьвярджаюць. Але мяч тут на палове ўлады.

Яшчэ адна тэма ляжыць на паверхні. Калі ўлада ня ў стане эфэктыўна разьвязваць эканамічныя праблемы, перадайце іх у зону адказнасьці апазыцыі. Не атрымаецца — можна на яе перавесьці стрэлкі віны. Улада навучылася рабіць гэта прафэсійна. Будзе посьпех — можна прысвоіць сабе. Гэта ўлада таксама ўмее рабіць па-майстэрску. Але калі ў бліжэйшай пэрспэктыве не правесьці эфэктыўныя рэформы, краіна сапраўды страціць эканамічны сувэрэнітэт. Нас гэта трывожыць. Не на словах, а ў рэчаіснасьці. Калі гэта турбуе і некаторых людзей ва ўладзе, то трэба справу рабіць, а не канстатаваць відавочнае.

АГП адпачатку стваралася як партыя парлямэнцкага тыпу. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня мы распрацавалі і дамагліся прыняцьця вялікага пакета эканамічных законаў, якія дазвалялі ствараць новую, канкурэнтаздольную эканоміку. Улада выціснула нас на вуліцу. Але і пасьля гэтага мы працягваем генэраваць ідэі, распрацоўваем праграмы, якія, дарэчы, перадаём ва ўрад.

— Так, я гэта ведаю.

Мы перайшлі ў сфэру міжнародных адносін. «Аналітык» не хаваў расчараваньня (ці рабіў такі выгляд), што адносіны з Захадам рэзка пагоршыліся. Гледзячы проста мне ў вочы, ён спытаў:

— Што б вы параілі?

Я зрабіў камплімэнт уладзе, якая перад прэзыдэнцкай кампаніяй сапраўды дамаглася істотных посьпехаў у наладжваньні стасункаў з Захадам.

— Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі апазыцыя страціла манаполію на адносіны з Захадам, — гэта я прызнаў як факт. — Але тое, што зрабіла ўлада ў ноч з 19 на 20 сьнежня, не паддаецца разумнаму тлумачэньню. Вы ж усьведамляеце, што пакуль невінаватыя людзі ў турме, ніхто ў Эўропе ня будзе размаўляць і прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Трэба чакаць, што шмат якія праграмы ў эканамічнай, гуманітарнай сфэрах будуць замарожаныя. Беларусі патрэбны не дыялёг як імітацыя, ёй патрэбны рэальны перамоўны працэс улады і апазыцыі пры пасярэдніцтве адказных міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, АБСЭ.

Прэтэнзія адна: такой сыстэмы не павінна быць наагул. У нас жа савецкая турма. Нічога не зьмянілася. Калі чалавек трапляе сюды, на яго ўжо не пашыраецца дзеяньне Канстытуцыі. Асабліва калі ты палітычны апанэнт улады
Я зрабіў экскурс у 1999 год, калі ў краіне ішоў рэальны перамоўны працэс улады і апазыцыі пры пасярэдніцтве місіі АБСЭ на чале з Гансам-Георгам Вікам.

— Быў парадак дня. Былі людзі з мандатамі на вядзеньне перамоваў. З боку ўлады — Міхаіл Сазонаў, памочнік Лукашэнкі. Ад апазыцыйных партыяў экспэртную групу ўзначальваў Міхаіл Пастухоў, былы сябра Канстытуцыйнага суду. Дамаўляліся пра цалкам канкрэтныя рэчы — пра доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ і ўмовы правядзеньня свабодных выбараў. Гэта было магчыма тады, калі фінансавае самаадчуваньне ўлады было значна лепшае, — то чаму гэта немагчыма цяпер, калі вы самі канстатуеце наяўнасьць сур’ёзных пагрозаў і рызыкаў для самой краіны?

— Так, усё гэта цікава, але павінен вам нагадаць: офіса АБСЭ ўжо няма ў Менску. Яго мандат не працягнуты.

— Ну што ж, гэта прыкра, але ёсьць нагода празь вяртаньне місіі ў Беларусь вярнуцца ў рэчышча наладжваньня стасункаў з Захадам. Галоўнае, каб была палітычная воля.

Час цікаў. «Аналітык» неяк вельмі ўважліва разглядаў мяне.

— Якія ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА? Ці ёсьць якія праблемы? Можа, у вас ёсьць нейкія асабістыя просьбы?

— Прэтэнзія адна: такой сыстэмы не павінна быць наагул. У нас жа савецкая турма. Нічога не зьмянілася. Калі чалавек трапляе сюды, на яго ўжо не пашыраецца дзеяньне Канстытуцыі. Асабліва калі ты палітычны апанэнт улады. Зрэшты, ёсьць адна тэма, якую я хацеў бы падняць. Гэта курсы падрыхтоўкі новай беларускай апазыцыі ў СІЗА КДБ.

Здаецца, мне удалося па-сапраўднаму зьдзівіць суразмоўцу.

— Не зусім зразумеў, пра што ідзе гаворка?

— Нас перасталі прэсаваць асабістымі аглядамі, але ў суседняй камэры знаходзяцца ўдзельнікі падзеяў непасрэдна ля Дома ўраду. Дык вось у іх усё працягваецца. Муштра, забегі ў спартзалю і назад, разьдзяваньні, прысяданьні і іншыя рэчы, якія паводле міжнародных стандартаў кваліфікуюцца няйначай як катаваньні. Не ведаю, якая ставіцца мэта. Напэўна, прыціснуць, запалохаць. Але, мне здаецца, вынік можа аказацца зусім адваротны. Шчыра кажучы, калі гэта адбываецца з табою першы раз, табе як мінімум непрыемна, а папраўдзе, то і страшна. Другім разам страху ўжо менш. І з кожным разам яго доза зьмяншаецца. А цяпер уявіце: вам крыху за дваццаць, вы здаровы, малады, безь фізычных недахопаў. Прабегчы па лесьвіцы, прысесьці, адціснуцца ад падлогі вам цалкам пад сілу. Страх зьмяншаецца, а вось нянавісьць мацнее. Так, аднаго, двух можна зламаць, ператварыць у жэле. Але тры, чатыры стануць мэталам з добрай загартоўкай. Лічыце, яны праходзяць спэцкурс па павышэньні фізычнай трываласьці, псыхічнай устойлівасьці і здольнасьці ненавідзець ворага. Выйшаўшы з «амэрыканкі», яны будуць гатовыя да барацьбы. І яны ня стануць прапаноўваць вам круглы стол і перамовы, яны прапануюць іншыя мэтады і формы барацьбы. У нейкай ступені гэта будуць выхаванцы «амэрыканкі».

— Так, цікавыя разважаньні...

І бяз гэтай рэплікі я адчуў, што гэты высокі сухарлявы чалавек перажоўвае пачутае.

— Ну што ж, дзякуй за шчырую размову.

— Ды няма за што. Уласна, я нічога новага не сказаў. Пра гэта я пісаў і гаварыў, будучы на волі. Так што гэта толькі паўтор ужо сказанага.

«Аналітык» адчыніў дзьверы, і ў пакой увайшоў Вадзім. Я адарваўся ад пухлага крэсла, і мы выйшлі ў калідор. Кантралёр апячатаў мае рукі. Я зрабіў крок і раптам адчуў, як ногі пачалі заплятацца.

— Вам дрэнна? — Голас кантралёра даносіўся як з падзямельля.

— Ды не, усё нармальна...

Я сабраўся, сканцэнтраваўся і рушыў далей. На дварэ палягчэла. Мяхі грудной клеткі працавалі на поўную моц. Да камэры дайшоў на аўтапілёце.

У камэры быў ужо пасьлятрапезны настрой. На стале ў плястыкавай місцы мяне чакала астылая вячэра. Гэта значыць, мяне не было гадзіны дзьве. Як мінімум.

— Мы ўжо думалі, што ты сышоў па-ангельску, не разьвітваючыся, — Каранеўскі не хаваў свайго задавальненьня, што я зноў на суседніх нарах.

Коратка падзяліўся зьместам сустрэчы. Узьлез на свой ляжак, здаецца, толькі зьвёў павекі — і праваліўся ў бездань сну. Прачнуўся ад таго, што нехта тармасіў мяне за плячо. Ігар. Усхваляваны і нават устрывожаны:

— Нешта здарылася? Можа, нездаровіцца?

Атрэсаюся ад рэшткаў сну. Ігарава зьдзіўленьне зразумелае: за ўвесь час у «амэрыканцы» я ніколі ня спаў пасьля вячэры. А тут ня проста задрамаў, а вырубіўся. Прыйшлося распавесьці пра духмяную гарбату, пачастунак «аналітыка». Перайшлі на шэпт. Калі мяне хацелі задурманіць нейкім псыхатропным сродкам, то ў чым тады фішка? Я памятаю ўсе дэталі сустрэчы. Нешта здарылася ў арганізьме, калі я ўжо пераходзіў з аднаго будынка ў іншы. Прыйшлі да агульнай высновы, што сыстэма, у якой я палітычны закладнік, ня ведае цывілізаваных правіл паводзін. Гэта машына па выцісканьні неабходнага выніку. Тут нельга верыць чужым словам. Тут усё прасякнута фальшам, цынізмам. Укалоць, упырснуць, падмяшаць тут можна безь вялікіх праблемаў. У лекі, у ежу казённую, у ваду з волі. Ты безабаронны.

Ігар Шуневіч

Ігар Шуневіч



(Як выявілася пазьней, «аналітык» — гэта Ігар Шуневіч, начальнік упраўленьня КДБ па барацьбе з карупцыяй і будучы міністар унутраных спраў Беларусі. — Заўвага аўтара.)


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!

Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча

Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»

Валасок Арцёмкі, помста Баптыста, прапанова ад Лукашэнкі

Юбілейны ліст дадому, сьледчы Бычак, прэзэнт для Дыка Чэйні, БУЛАГ

Анямелі ад жураўлёў, Кіркевіч у камэры, пра Бога і Філарэта
XS
SM
MD
LG