Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»


Будынак КДБ у Менску

Будынак КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

12 сакавіка, субота

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Некалькі ўдараў па ручцы дзьвярэй. Шпацыр. Спачатку адводзяць Алега. Чуваць, як шчоўкаюць кайданкі. Мы рушым другім рэйсам. У дворыку бачым Алега. Без наручнікаў. Усьміхаецца. Ён тут жа расьцягнуўся шпагатам і прадэманстраваў тое, што называецца паказальнай прафэсійнай трэніроўкай. Нават кантралёры спынялі захопленыя позіркі на гэтай машыне, зацягнутай у цяглічны гарсэт. Ну, і мы зь Ігарам душэўна адпрацавалі сваю аматарскую праграму.

І зноў разьдзельнае вяртаньне ў камэру. Спачатку адвялі Алега ў кайданках, а потым ужо нас у становішчы «рукі за сьпіну». Ёсьць пачуцьцё няёмкасьці перад чалавекам, да якога ставяцца горш, чым да цябе.

Па абедзе Алегу прынесьлі перадачу — вялікую торбу мясных вырабаў. Адны каўбасы. Каўбаса сыравяленая, сыравэнджаная, кружочкамі, прастакутнікамі. Усе зацьвярдзелае, прыхопленае марозам.

— Напэўна, бацька доўга шукаў, дзе я, і чакаў, пакуль возьмуць перадачу, — выказаў меркаваньне наш новы сусед. — Хутчэй за ўсё, ноччу ў Менск прыехаў. Але галоўнае, яны ведаюць, дзе я. Ох, ды што гэта я захапіўся! Частуйцеся, гэта ўсё наша прадукцыя, можна сказаць, хатняя. Без аніякіх кансэрвантаў і дадаткаў.

Алег мітусіўся паміж торбай і сталом. Плястыкавым нажом старанна пілаваў падмерзлыя палкі каўбасы. У носе прыемна заказытала, вантробы ўвабралі ў сябе салідную порцыю сьліны. І праўда, каўбаса аказалася абалдзенна смачнай. Да таго ж яе было столькі, што былі зьнятыя ўсе абмежаваньні. Бо звычайна мы ўсё сартавалі і, адпаведна, жорстка дзялілі на порцыі ў прывязцы да графіку магчымых перадач зь «Вялікай зямлі». А тут проста нейкае сьвята жывата!

Паралельна з паглынаньнем прадукцыі хатняга мясакамбінату Алег дзяліўся ўражаньнямі ад чарнігаўскага СІЗА.

— Там зусім іншая сытуацыя, іншы чалавечы клімат, ці што. На мяне ніхто не крычаў, не махаў перад носам палкай. Ніхто не патрабаваў, каб я рухаўся са счэпленымі за сьпінай рукамі. Таму, калі мяне этапавалі ў Віцебск, я нібы перамясьціўся ў іншы сьвет. Жорсткі і бязьлітасны.

Але доўга Алег у нас не затрымаўся. Па абедзе паступіла ўводная: з рэчамі на выхад! Толькі-толькі крыху адтаўшы ад ранейшых выпрабаваньняў і непрыемнасьцяў, Алег сыходзіў цяжка, сэрца яго працівілася. Гэта было відаць. А нам было прыемна ад думкі, што хоць на кароткі час мы маглі быць камусьці карыснымі. Тым больш тут.

Разам з Алегам сышоў і «каўбасны паёк». Ня буду хаваць, мы на яго ўжо настроіліся. Ну што ж, дагэтуль у нас быў выбар: цешыцца мясной смакатой або заняцца фізкультурай. Цяпер сытуацыя спрасьцілася. Як у тым анэкдоце: Гасподзь падвёў Адама да Евы і кажа ёй — выбірай сабе мужа! Вось і ў нас зь Ігарам такі самы выбар. Ляжым на верхніх нарах і сапем, як два напаўгалодныя леапарды. Затое як сапецца!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




13 сакавіка, нядзеля


Раніцай за гарбатай памянулі добрым словам Алега. Няхай усё ў яго складзецца. Да таго ж, сыходзячы, ён пакінуў нам пару палак каўбасы. Так што сьняданак быў не дыетычны.

* * *

Увесь час, што я ў «амэрыканцы», займаюся рукой, на якой у лістападзе мінулага году была праведзена апэрацыя. Сам распрацаваў комплекс практыкаваньняў, мэтодыку іх выкананьня і няўхільна яе прытрымліваюся. Спробы ж атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і дапамогу завяршыліся нічым: ворагам народу не паложана. Так што тут я сам сабе і лекар, і кансультант.

Я заікнуўся, але лекар толькі паціснуў плячыма. У гэтыя хвіліны Гіпакрат яму відавочна нічога не нашэптваў. Пакуль ты не асьлеп, ніякай дапамогі
Але зь цягам часу акрэсьліліся іншыя доўгайграючыя праблемы. Акуліст — вось на каго попыт толькі ўзрастае. Лопнула некалькі сасудаў у правым воку. Верагодна, ёсьць праблемы зь ціскам. Зрок я тут пасадзіў капітальна. Але, натуральна, аб кваліфікаванай кансультацыі спэцыяліста можна нават не заікацца. То бок я заікнуўся, але лекар толькі паціснуў плячыма. У гэтыя хвіліны Гіпакрат яму відавочна нічога не нашэптваў. Пакуль ты не асьлеп, ніякай дапамогі, акрамя агульнага агляду ў лекара СІЗА, табе не належыцца. І гэта агульная сытуацыя ў такога кшталту ўстановах. Напрыклад, на Акрэсьціна пры любых сымптомах хваробы нязьменна прапаноўвалі адно і тое ж: пару таблетак актываванага вугалю. Але там лекарка практыкавала яшчэ і «песенную тэрапію». Яе працоўнае месца было проста ў калідоры, і калі яна выконвала свае ўлюбёныя хіты, чуваць было амаль ва ўсіх камэрах.

Найбольшае, чаго ўдалося дамагчыся ў «пытаньні вачэй», — гэта ўгаварыць адміністрацыю дазволіць перадаць ярчэйшую лямпачку. Перадалі. Потым некалькі дзён вялі перамовы аб тым, каб зрабілі ласку замяніць. Прыйшоў Вадзік з калегамі. Нас адкамандзіравалі ў бліжэйшы туалет. Вярнуліся ў тую ж паўзмрочную прастору. З тлумачэньня вынікала, што, маўляў, канфігурацыя імпартнай энэргазьберагальнай лямпачкі несумяшчальная з айчынным пляфонам. Хутчэй за ўсё, цяпер яна асьвятляе нейкі кабінэт, дзе гэтая самая сумяшчальнасьць прысутнічае.

На дадатак да ўсяго вывалілася плёмба. Пры такой вадзе і такім рацыёне — ня дзіва. Пакуль варонка не выклікае болевых адчуваньняў, і дзякуй богу, бо ў агляднай будучыні гэтая праблема ня мае пэрспэктывы вырашэньня. Так што малюся, каб плёмба, якая выпала, была адзінай праблемай.

У СІЗА КДБ колькасьць забаронаў на мэтар квадратны — адна з самых высокіх у краіне. Як выявілася, у пералік забароненых рэчаў можа трапіць і звычайная майка. Учора атрымаў перадачу з партыйнага офіса. Узрадаваўся: усе ОК! Праўда, са сьпісу выкрасьленая адна пазыцыя — майка. Стукаюся ў дзьверы, пытаюся, дзе мая маёмасьць. У адказ вечка раздражнёна ляпае. Праяўляю настойлівасьць. З трэцяга разу кантралёр паведамляе:

— Майку адправілі на склад.

— Чаму?

— Яна нестандартная.

— А што гэта азначае?

— Гэта пытаньне не да мяне.

Значыць, зь нейкім надпісам ці малюнкам. Хоць першым разам пракаціла. Калегі перадалі мне майку з коньмі на скаку (конь — сымбаль Аб’яднанай грамадзянскай партыі). Дакладней, перадаў яе Арцём, але я адразу зразумеў, што гэта пасланьне з офіса.

Тады на майку з коньмі, якія імчаць на свабоду, адразу ж паклаў вока Раманоўскі: «Анатоль, падорыш мне яе разам з аўтографам?»

Што ж гэтым разам?

* * *

Апошнім часам ні дня без радка вершаў. І сёньня не выключэньне.

Жыцьцё бяжыць, і мы сьпяшаемся
Пасьпець туды, куды спазьняемся.

Жыцьцё стаіць, мы ж завіхаемся,
Вагон праблем сьпіхнуць стараемся.

Жыцьцё грызе, і мы кусаемся,
Да бульбы з салам локцем прабіваемся.


У СІЗА КДБ колькасьць забаронаў на мэтар квадратны — адна з самых высокіх у краіне
А паралельна цешуся Хуліё Картасарам. Гэты пісьменьнік — маё адкрыцьцё. Вельмі незвычайная мова. Рэдкі выпадак, але некаторыя апавяданьні перачытваю па некалькі разоў. Сюррэалізм з наваротамі — вось што складае рацыён майго цяперашняга чытаньня. У нагрузку чытаю «Скрыню Пандоры». Просьценькае чытво.

Па вячэры — каманда зьбірацца ў душ. Робім гэта з задавальненьнем. Пасьля сыходу масак нам даюць паўнавартасныя пятнаццаць хвілін памыцца самім і памыць рэчы. Застаўся ў мінулым брыдкі кашмар, калі ты быў вымушаны на бягу скідаць зь сябе адзежу, пасьпешліва адкручваць кран. Калі падстаўляеш цела пад струмень, а адтуль ня проста халодны — ледзяны паток. А за дзьвярыма гэтае дэбільнае гы-гы-гы. Потым, калі цябе палкамі ўжо выганяюць з душа, раптам зьяўляецца гарачая вада і зьдзекліва дыхае парай табе ў твар. І ты кідаесься ў яе ўсім целам, каб вынесьці на сабе хоць бы гарачыя кроплі. Тут літаральна ўсё можна ператварыць у прыладу катаваньняў і зьдзекаў.

Дзякуй богу, пра гэта засталіся толькі ўспаміны. Пятнаццаціхвілінныя водныя працэдуры змылі ўвесь нэгатыў мінулага дня. Чым менш магчымасьцяў, тым вастрэйшыя адчуваньні. Ад гарачага душа толькі прырастаеш пазытыўнымі эмоцыямі. Справа ня толькі прыемная, але і карысная. Папамылі ўсё па поўнай праграме, і цяпер нары ў гірляндах шкарпэтак і бялізны. І мы ўсе ў чыстым.

А за акном усё абвалакае цемра. Яшчэ адзін тыдзень вытхнуўся. І дзякуй Богу.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




14 сакавіка, панядзелак

На ранішняй паверцы зрабіў спробу ўдакладніць, у чым палягала нестандартнасьць перададзенай мне майкі. Дзяжурны разыграў шчырае зьдзіўленьне. Маўляў, упершыню чую. І буркнуў звыклае: «Разьбярэмся», што азначае, што ніхто ні ў чым разьбірацца ня будзе. Заўтра можна ўсё паўтарыць і ўбачыць яшчэ адну фізіяномію, па якой таксама пару разоў стукнулі зьдзіўленьнем. Так можна перабраць усіх дзяжурных, і вынік будзе аднолькава прагназавальны. Так што майка і яе законны гаспадар змогуць сустрэцца, толькі калі я зьмяню месца часовай, спадзяюся, прапіскі ў СІЗА КДБ.

Пасьля адмены ў «амэрыканцы» рэжыму надзвычайнага становішча, калі СІЗА пакінула «зондэркаманда» масак, выходныя запоўніліся нязвыклай цішынёй. Мы зь Ігарам гадзінамі вядзем то разьмераныя дыялёгі, то дыскусіі. Я бачу, адчуваю, як праз гэтыя гутаркі ён адкрывае для сябе іншую Беларусь. Тую, зь якой ён не сутыкаўся ў сваім ранейшым жыцьці. Хлопец разумны, начытаны, адукаваны. Мяне забаўляюць ягоныя крыху наіўныя пытаньні. Ну, напрыклад, чаму б вам не прапанаваць уладзе зладзіць дыскусію на тэлебачаньні?

— Вось ты, Анатоль, распавядаеш пра праграму, пра напрацоўкі ў сфэры эканомікі, кіраваньня. І гэта гучыць пераканаўча, прынамсі для мяне. Але нічога падобнага я ніколі ня бачыў па «яшчыку».

І я разумею, што такія ж пытаньні гатовыя задаць большасьць грамадзян Беларусі.

Тлумачу, што тэлебачаньня як сродку масавай інфармацыі ў Беларусі няма, не існуе. Ёсьць міністэрства прапаганды, складнікам якога служаць дзярж-СМІ. А там дыскусіяў ня можа быць у прынцыпе. Усё, на што пагаджаецца ўлада, — гэта раз на чатыры гады пяціхвілінны выступ на радыё і ТБ для кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад апазыцыі. Прычым пры ўмове, што цябе зарэгістравалі і што цэнзура дала дабро на трансьляцыю запісу твайго выступу. У патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты магчымасьці данесьці сваю вестку да выбаршчыка крышку большыя, але ўсё роўна мізэрныя: два трыццаціхвілінныя выступы на ТБ. Раз на пяць гадоў. Зноў жа пры ўмове, што ўлада дазволіць табе зарэгістравацца.

Тэлевізійная вежа ў Менску

Тэлевізійная вежа ў Менску



Гэта вельмі нагадвае часы фашысцкай Нямеччыны. Там СМІ таксама гралі выключна прапагандысцкую ролю. Таму калі б даволі вядомы ідэоляг таго часу Гебэльс раптам уваскрос, то ў Беларусі ён знайшоў бы сваіх вучняў і пасьлядоўнікаў. Прычым у вялікай колькасьці.

— Але ж гэта як мінімум несумленна, — разважае мой суразмоўца. — Бо тое ж тэлебачаньне ўтрымліваюць падаткаплатнікі, сплачваючы падаткі. А сярод іх ёсьць і тыя, хто гэтую ўладу падтрымлівае, і тыя, хто яе крытыкуе. Выходзіць, апошнія зазнаюць дыскрымінацыю з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць. І я адзін зь іх.

Прыемна размаўляць з кемлівым чалавекам. Усё так і ёсьць. Плацяць усе, але карыстаюцца паслугай толькі прыхільнікі ўлады.

Успомнілі «ліхія 90-я», калі пасяджэньні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня паказвалі ў жывым эфіры. І гэтым у поўнай меры карыстаўся той жа Лукашэнка. Карыстаўся, каб пасьля ўсталяваць татальны кантроль над электроннымі СМІ. Сёньня ён выкарыстоўвае тэлевізійную вышку як шпрыц з наркотыкам. І каб не Інтэрнэт, каб не незалежныя газэты, «Белсат» і некалькі радыёстанцыяў, то сытуацыя была б зусім паршывая.

* * *

Пускаюць у эфір такую махровую поскудзь, што пару разоў мы проста выключалі тэлевізар. Але нумар не прайшоў: кантралёр давёў да нашага ведама, што прагляд праграмаў абавязковы для ўсіх
З офіса АГП мне перадалі невялікі тэлевізар, але апошнім часам эфір забіты суцэльным сьмецьцем. Тэлеканалы, ні беларускія, ні расейскія, не рэтрансьлююць. Нас частуюць выключна запісанымі і загадзя падабранымі перадачамі. Як правіла, гэта прадукт нейкай студыі «РусТВ». Напэўна, зь ёй у беларускага КДБ заключаны доўгатэрміновы кантракт. Пускаюць у эфір такую махровую поскудзь, што пару разоў мы проста выключалі тэлевізар. Але нумар не прайшоў: кантралёр давёў да нашага ведама, што прагляд праграмаў абавязковы для ўсіх. Так што я ўжо задумваюся, ці не вярнуць скрыню ў партыйны офіс. А пакуль прыбіраем гук на нуль. Але вось учора ўключылі на поўную. Па лякальнай сетцы КДБ пусьцілі фільм «Сыстэма Пуцін». Зразумела, гэта было поўнай неспадзяванкай. Калі я ўбачыў тытры, аслупянеў. Гэта ж трэба, такая антыпуцінская стужка ў кінапракаце беларускага КДБ! Крок відавочна не прыязны. Мне давялося пабываць на прэм’еры фільму на кінафэстывалі ў Кіеве. Я нават пагутарыў з аўтарам, рэжысэрам з Францыі Жанам Мішэлем Кары. І вось цяпер такі сюрпрыз! Умеюць жа зьдзівіць, калі захочуць. Вось цікава, а ці Ўладзімір Уладзіміравіч зьдзівіўся б?


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




15 сакавіка, аўторак


Прамінулага дня не шкада. Тым больш прэснага. Пагатоў кожны дзень, адыходзячы ў мінулае, хоць на крок набліжае да таго, што можна будзе назваць разьвязкай. Большую частку часу правёў над сшыткам, адведзеным для лістоў дадому.

«Крыху пацяплела, і гэта ўжо пазытыўны трэнд. Цяпло і сьвятло — гэта антыдэпрэсанты. Партфэль з навінамі пусты. Думак у галаве шмат, але на паперу яны не кладуцца. Сон розуму — гэта адзінае, што я магу сказаць пра сваю сытуацыю. Што будзе ў пэрспэктыве, пакажа час. Застаюся аптымістам».

Дарэчы, гэта маё дваццаць сёмае пасланьне дадому. Праўда, ня ведаю, колькі зь іх дабралася да паштовай скрыні, што па вуліцы Лесі Ўкраінкі.

Потым пісаў, крэмзаў у сшытку, адведзеным для творчых парываў. Калі так пойдзе і далей, то можна будзе казаць пра цэлую паэму ў фармаце кароткіх разважаньняў.

Жыцьцё нас б’е, ляцім і кувыркаемся,
Аб зайздрасьць, лізаблюдзтва удараемся.

Жыцьцё — паклон, пакрыху выпрамляемся,
З калень у поўны рост мы падымаемся.

Жыцьцё — кіно, ў экран мы углядаемся.
Мы формай замест зьместу захапляемся.


У мяне ўжо набралася прыстойная колькасьць вершаў пра будні «амэрыканкі». Жорсткая турэмная лірыка. Нават не сумняваюся: калі яна трапіць у рукі мясцовай адміністрацыі, нічога добрага ня будзе. Таму частку творчасьці даводзіцца кансьпіраваць і камуфляваць. А потым іншым разам і сам зь цяжкасьцю разьбіраю, што напісаў. Звычайна радкі нараджаюцца падчас шпацыру, і калі па вяртаньні ўсе першым чынам шыхтуюцца да рукамыйніка, я, не распранаючыся, хапаю сшытак, асадку і пераношу на паперу складзенае ў турэмным дворыку.

* * *

Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году крэн у бок прагматызму і на шкоду каштоўнасьцям быў відавочны. Брусэль пагадзіўся на непасрэдны дыялёг зь беларускімі ўладамі, абмінаючы апазыцыю. І першае, і другое было памылкай.
У паўзах паміж творчасьцю і пісаньнем вестак дадому чытаў і займаўся «разумовай гімнастыкай». Цяпер краіна перажывае пэрыяд закручваньня гаек. Але тут можна перастарацца і разьбу сарваць. Стратэгічна ўладзе нявыгадна даводзіць адносіны з Захадам да поўнага разрыву. Канфрантацыя з Эўрапейскім Зьвязам і ЗША немінуча прывядзе да актывізацыі эканамічнай экспансіі Крамля. У гэтай сытуацыі Лукашэнка скарачае сваю прастору для палітычнага манэўру. Да прэзыдэнцкай кампаніі ён эфэктыўна выкарыстоўваў тактыку падвойнага шантажу. Ехаў у Маскву і недвухсэнсоўна намякаў: калі ня будзе танных энэрганосьбітаў і крэдытаў, прэфэрэнцыяў для беларускіх тавараў на расейскім рынку, то Беларусь можа заключыць «шлюбны кантракт» з Брусэлем. І ў гэты час, як наглядны доказ сказанага, у прыёмнай «Чырвонага дома» зьявілася чарга з Хавіера Саляны, Бэніты Фэрэра-Вальднэр, Сыльвіё Бэрлюсконі, Сікорскага, Вэстэрвэле і іншых даволі вядомых палітыкаў. Паралельна пасланцы беларускага кіраўніка высаджвалі дэсанты ў эўрапейскіх сталіцах і заклікалі да палітычнага прагматызму. Маўляў, трэба зьнізіць плянку патрабавальнасьці да афіцыйнага Менску. Калі не заплюшчыць адно вока і не прыкрыць адно вуха, то здарыцца непапраўнае: у Беларусь прыйдзе Расея, і будуць тады эўрапейцы церціся аб плячо расейскага мядзьведзя. Тактыка падвойнага шантажу працавала і прыносіла Лукашэнку палітычныя дывідэнды.

Чым мацней закручваюцца гайкі, чым больш жорстка ідуць рэпрэсіі ў дачыненьні да апанэнтаў беларускіх уладаў, тым больш прывіднай робіцца магчымасьць выкарыстаньня тактыкі балянсаваньня паміж Масквой і Брусэлем, тым менш прасторы для манэўру ў Лукашэнкі. Але на іншай шалі — асабісты страх і боязь страціць кантроль над сытуацыяй. І, здаецца, менавіта гэты трэнд у бліжэйшай пэрспэктыве будзе дамінаваць.

Мне здаецца, што і Эўрапейскі Зьвяз павінен перагледзець сваю стратэгію. Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году крэн у бок прагматызму і на шкоду каштоўнасьцям быў відавочны. Брусэль пагадзіўся на непасрэдны дыялёг зь беларускімі ўладамі, абмінаючы апазыцыю. І першае, і другое было памылкай.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!

Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча
XS
SM
MD
LG