Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводка ў Расеі: пачалася эвакуацыя Хабараўска


Затопленая вёска Красная Рэчка паблізу Хабараўска.

Затопленая вёска Красная Рэчка паблізу Хабараўска.

Становішча ў Хабараўскам краі ў сувязі з паводкай становіцца ўсё больш небясьпечным — вада залівае дарогі і ўшчыльную падышла да жылых кварталаў сталіцы краю, адкуль пачалася эвакуацыя.

Па стане на раніцу пятніцы па мясцовым часе ўзровень вады ў Амуры у Хабараўску вырас за суткі на 14 сантымэтраў і склаў 716 сантымэтраў, паведамляе рэгіянальнае ГУ МНС. Аднак гэта яшчэ не мяжа — на думку гідролягаў, у бліжэйшыя чатыры дні вада можа падняцца да 780 см, а ў некаторых раёнах нават перавысіць адзнаку ў 8,5 мэтра.

Такая ж трывожная абстаноўка складваецца ў сувязі з паводкай у Габрэйскай аўтаномнай вобласьці.

Паводле ІТАР-ТАСС, у Хабараўску ў чацьвер пачалася эвакуацыя жыхароў 11 шматкватэрных дамоў, у якіх пражываюць каля 850 чалавек. За мінулую ноч з небясьпечнай зоны былі вывезеныя каля 70 чалавек. Для іх у Хабараўску разгорнутыя 15 пунктаў часовага разьмяшчэньня.

Тым часам новыя ападкі чакаюцца ў пятніцу ў Хабараўскам краі. Усяго ў рэгіёне падтопленыя ўжо больш за 700 жылых дамоў. Колькасьць пацярпелых перавысіла 50 тысяч чалавек. У затопленых школах, відавочна, да канца года не пачнецца навучальны год, больш за тое, далёка не ўсе школьнікі змогуць хутка вярнуцца ў родныя вёскі.

Хваля паводкі паступова спускаецца ўніз па цячэньні ракі Амур, затопліваючы ўсё новыя населеныя пункты. Як распавяла ІТАР-ТАСС прэс-сакратар губэрнатара Хабараўскага краю Сьвятлана Літвінава, уздым ўзроўню ракі адбываецца ў Амурскім раёне. Пад ударам стыхіі апынуліся нацыянальныя вёскі карэнных народаў Прыамур’я — нанайцаў.

Вада таксама пачала заліваць дарогу, пракладзеную ад Хабараўска да Камсамольска-на-Амуры.
XS
SM
MD
LG