Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін папярэдзіў Украіну


Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што Мытны саюз распачне абарончыя захады ў выпадку, калі Ўкраіна пойдзе на лібэралізацыю гандлёвага рэжыму з Эўразьвязам.

«Калі нашы суседзі пойдуць на істотную лібэралізацыю мытнага рэжыму з Эўразьвязам, то на рынак Украіны непазьбежна хлынуць вельмі нядрэнныя па якасьці і па цане тавары, але гэта прывядзе да таго, што яны будуць выціскаць з ўкраінскага рынку тавары ўкраінскай вытворчасьці. Тады краінам Мытнага саюза давядзецца падумаць аб абарончых захадах », — заявіў прэзыдэнт Расеі на нарадзе па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Растоўскай вобласьці.

Ён таксама паведаміў, што хоць Украіна пакуль не зьбіраецца станавіцца сябрам Эўрапейскага зьвязу, пагадненьне аб далучэньні да зоны свабоднага гандлю яна падпісвае на ўмовах, якія расейскія экспэрты лічаць «дастаткова жорсткімі для ўкраінскай эканомікі».

Уладзімер Пуцін таксама паведаміў, што падчас тэлефоннай размовы з украінскім прэзыдэнтам Віктарам Януковічам яны дамовіліся аб правядзеньні дадатковых кансультацый, каб «яшчэ раз прааналізаваць магчымыя пагрозы і зразумець, ці існуюць яны рэальна, і калі так, то што з гэтым рабіць».

На мінулым тыдні расійская мытня ўвяла рэжым ўзмоцненага кантролю прадукцыі ўкраінскіх вытворцаў, якую прэса назвала поўнамаштабнай гандлёвай вайной.

Пасьля дарадца расейскага прэзыдэнта Сяргей Глазьеў патлумачыў гэта «прафіляктычнымі захадамі, зьвязанымі з падрыхтоўкай зьмяненьняў рэжыму мытнага адміністраваньня ў выпадку, калі Ўкраіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ». Пазьней расейская мытня аднавіла «штатны» рэжым пропуску імпарту з Украіны, паведамляе ВВС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG