Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ігара Паснова 10 дзён, каб абскардзіць накіраваньне ў псыхушку


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Праваабаронцы замовілі для лекара Ігара Паснова адваката.

Сам ён застаецца ў закрытым аддзяленьні псыхіятрычнага шпіталя, і адвакату ўдалося трапіць туды зь вялікімі цяжкасьцямі. Бо пацыенту Паснову ў псыхлякарні прызначаны адмыслова строгі рэжым: да яго не пускаюць наведнікаў, зь ім забаронена перапіска, а падрабязнасьці пра ўмовы ўтрыманьня лекары абяцаюць паведаміць толькі найбліжэйшым сваякам. А такіх Пасноў у Віцебску ня мае: сям’і няма, маці памерла паўгода таму.

У Віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь прыехаў віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў. Ён апавёў, што Ігару Паснову ўрэшце дазволілі сустрэчу з адвакатам — пасьля таго, як праваабаронцы настойвалі на гэтым на працягу сутак:

Пётар Іваноў

Пётар Іваноў

«Мы доўга дамагаліся вырашэньня гэтага пытаньня, як да яго трапіць і хто нас зможа прыняць. Урэшце дазволілі адвакату — па пытаньні касацыйнай скаргі на рашэньне ўчорашняга суду. Мяне не пусьцілі: у яго такі рэжым абмежаваньня ў кантактах. Да яго ніколі і нікому нельга, ні ўдзень, ні ўночы»…

Паводле віцебскіх праваабаронцаў, 21 жніўня судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова накіравала Ігара Паснова на прымусовае лекаваньне завочна: у суд Паснова не прывозілі, ягоныя інтарэсы не бараніў адвакат, не было і прадстаўніка пракуратуры.

Ігар Пасноў хоць і знаходзіцца ў псыхіятрычнай лякарні, але не пазбаўлены правоў звычайнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, не прызнаны недзеяздольным. Таму незразумела, чаму на судзе яго не было і чаму ў дачыненьні да яго ўжыты цэлы шэраг абмежаваньняў: зьмешчанаму ў 2-е закрытае аддзяленьне Паснову не дазваляюць карыстацца тэлефонам, весьці перапіску, атрымліваць пасылкі, да яго не пускаюць наведнікаў.

Калі 21 жніўня з Пасновым выказаў жаданьне сустрэцца віцебскі журналіст Уладзімір Жыгулоў, то яго проста падманулі — намесьнік галоўурача псыхіятрычнага шпіталя Ігар Сьвіркуноў сказаў, што Паснова павезьлі ў суд. Хоць насамрэч Паснова нікуды са шпіталя не вывозілі, абураецца спадар Жыгулоў:

«Гэта ж спэцыяльна, спэцыяльна не пусьцілі… Якое бяспраўе! У якой краіне мы жывем! Ня ведаю, гэта ж горш, як у 1937-м годзе…»

Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Яшчэ адзін знаёмы Паснова, віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў паведаміў, што былы лекар, а цяпер пацыент псыхіятрычнага шпіталя мусіў абвясьціць галадоўку — гэткім чынам ён пратэстуе супраць рашэньня суду наконт прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня:

«Сёньня, падчас абходу хворых загадчыцай аддзяленьня Васільевай, лекар Пасноў папрасіў паперу і асадку, каб напісаць касацыйную скаргу.Але яму адмовілі — сказалі, што ён можа наўмысна траўмаваць сабе вока, і што асадку яму не дадуць. Тады Пасноў абвясьціў, што пачынае бестэрміновую галадоўку пратэсту».

На думку праваабаронцы Паўла Сапелкі, гэткія аргумэнты наконт нібыта бясьпекі для здароўя пацыента выглядаюць непераканаўча:

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Калі ласка, дайце яму клявіятуру, няхай набірае на кампутары. Ці пасадзіце мэдработніка — няхай запісвае зь ягоных словаў… Тое, што чалавек знаходзіцца ў псыхіятрычным шпіталі, ня можа быць прычынай, каб парушаліся ягоныя правы. І гэта ўжо справа мэдработнікаў — забясьпечыць рэалізацыю гэтых правоў… У нас па вуліцы ходзяць людзі і з паранояй, і з шызафрэніяй, але далёка ня кожнага зь іх „зачыняюць“».

На думку праваабаронцаў, падобнае стаўленьне да Ігара Паснова — сьведчаньне таго, што ў Беларусі існуе карная псыхіятрыя.

Лекара Ігара Паснова забралі на лекаваньне ў 2-е закрытае аддзяленьне проста з працоўнага месца. А працаваў ён лекарам-псыхіятрам у тым самым шпіталі, дзе цяпер яго трымаюць як пацыента.Здарылася гэта 16 жніўня. За колькі дзён да гэтага ён зьвярнуўся да землякоў з чарговым відэавыступам, дзе зноў скрытыкаваў стан і дзейнасьць віцебскіх мэдычных установаў. Ён казаў і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лекаваньнем.

Намесьнік галоўнага лекара Віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя Ігар Сьвіркуноў адмовіўся пацьвердзіць ці абвергнуць «Свабодзе» факт галадоўкі Паснова і прымусовага лячэньня свайго былога калегі:

«Праз тэлефон мы ніякай інфармацыі не даем, больш нічога я камэнтаваць ня буду. Ніякіх камэнтароў!»
XS
SM
MD
LG