Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы верасьня ў Жлобіне адбудзецца рэспубліканскі фэстываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі».

Традыцыйна горад, які прымае сьвята, сьпяшаюцца падрыхтаваць да ўрачыстасьцяў, таму цяпер у Жлобіне гаспадараць ня столькі мэталюргі, колькі будаўнікі. Нядаўна нават зьявіўся бігборд зь лёзунгам: «Жлобін — горад будаўнікоў».

Падрыхтоўка да сьвята прыносіць жлобінцам багата нязручнасьцяў: шматлікія будынкі ў цэнтры тынкуюць і фарбуюць, у адзіным кінатэатры «Радзіма» і Палацы культуры мэталюргаў ідзе капітальны рамонт, амаль усюды кладуць асфальт і плітку, узорваюць газоны і сеюць на іх траву. З-за гэтага ў Жлобіне літаральна няма чым дыхаць. Пыл стаіць сьцяной, на кожным кроку раве тэхніка, грамадзкі транспарт ня ходзіць па звыклых маршрутах, а каб дайсьці куды пешшу, трэба абмінаць будоўлі і разбураныя ходнікі.

Займаюцца ўсім гэтым ня толькі жлобінцы. Напрыклад, азеляняць горад сюды прыехалі брыгады з Калінкавічаў, Веткі і Кармы. Людзей кожны дзень прывозяць на аўтобусах, увечары — назад. Яны называюць гэта камандзіроўкай і кажуць, што іх выклікалі дапамагчы навесьці парадак у Жлобіне. Плітку кладуць рабочыя з Брагіна. Кажуць, што даюць на сваю працу гарантыю 8 гадоў. Прыехалі сюды на заробкі, аднак колькі ім заплоцяць, пакуль ня ведаюць. А вось дэкаратыўныя гранітныя бардзюры каля Палаца культуры мэталюргаў вырабляюць адмыслоўцы зь Менску. Кажуць, што іх выклікалі, бо сярод мясцовых няма спэцыялістаў, якія маглі б выканаць такую працу. На пытаньне пра «Дажынкі» амаль усе кажуць, што ім усё роўна, калі будзе гэтае сьвята, галоўнае — пасьпець зрабіць працу і зьехаць дадому.

Моладзь зь мясцовага БРСМ працуе ў Жлобіне на азеляненьні. Актывісты кажуць, што гэта магчымасьць зарабіць грошы для тых, хто шукае падпрацоўку.

Мясцовыя работнікі зьбіраюцца наведаць сьвята і паглядзець, як зьменіцца горад да яго пачатку. Прыежджыя на «Дажынкі» не зьбіраюцца, а хочуць хутчэй зьехаць дадому.
XS
SM
MD
LG