Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загаварыў пра сьвіную чуму па-іншаму


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў эфэктыўнасьць барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней.

«На жаль, нягледзячы на захады, якія робяцца, засьцерагчы нашу сьвінагадоўлю пакуль не ўдалося», — заявіў Лукашэнка ў чацьвер на нарадзе аб эпізаатычнай сытуацыі ў сьвінагадоўлі.

Аляксандар Лукашэнка даручыў аказаць дапамогу насельніцтву ва ўмовах барацьбы з распаўсюджваньнем афрыканскай чумы сьвіней:

«Мяне турбуе ня столькі працэс гэтай барацьбы, колькі тое, як рэагуе наша насельніцтва на захады, якія робяць органы ўлады і вэтэрынарныя службы. Я ўсё больш атрымліваю сыгналаў, у адміністрацыі прэзыдэнта мы фіксуем нарастаючую колькасьць зваротаў грамадзян па гэтых пытаньнях.

Сутнасьць гэтых зваротаў зводзіцца да таго, што мы часам няўважліва, а часам па-хамску паводзім сябе зь людзьмі. Здавалася б, мы выконваем сьвятую місію — змагаемся з гэтай заразай, але ў той жа час спараджаем новую праблему — нэгатыўную рэакцыю людзей на нашы дзеяньні.

Павінен папярэдзіць: гэта недапушчальна. Я хацеў бы, каб з наступнага тыдня падобных заяў ад насельніцтва на мой адрас не паступала. Мы з вамі дамовіліся: ад людзей скаргаў быць не павінна, стаўцеся па-людзку, ліквідуючы гэтую заразу».

Лукашэнка другі раз публічна выказваецца на тэму сьвіной чумы.

26 ліпеня ён заклікаў не рабіць катастрофы з сытуацыі з афрыканскай чумой сьвіней.

Тады Лукашэнка сказаў, што ўлады зрабілі дзеля нераспаўсюджваньня афрыканскай чумы сьвіней усё неабходнае і што ён ня бачыць тут «ніякай катастрофы»:

«Гэтая бяда прыйшла да нас збоку. Я не хачу нікога тут абвінавачваць, вы ведаеце, што адбываецца ў нашых суседзяў. Гэта сьведчыць пра тое, што сьвет вельмі ўзаемаўвязаны, і нам прыйдзецца з гэтым змагацца. Я ня бачу тут ніякай катастрофы, як гэта звычайна раскручваецца».

Лукашэнка тады дадаў, што вірус АЧС гіне пры тэмпэратуры 60 градусаў, таму дастаткова тэрмічнай апрацоўкі, каб ён загінуў.

«А сьвініна — вы, па-мойму, яе ўжывалі і ўчора, і сёньня, — сказаў прэзыдэнт. — Таму не перажывайце: елі шашлык са сьвініны і ежце».

У Расеі вірус распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў РФ зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня выпадкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі, у сувязі з чым Рассельгаснагляд абмежаваў увоз у Расею сьвініны з гэтых рэгіёнаў. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна, Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Раней кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц заяўляў, што вірус сьвіной чумы мог быць занесены ў краіну з кармамі для жывёлы, якія паходзілі з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG